фільм Ларса фон Трыера 2011 года From Wikipedia, the free encyclopedia
«Меланхолія» (англ.: Melancholia) — навукова-фантастычны драматычны фільм 2011 года пастаўлены рэжысёрам Ларсам фон Трыерам па ўласным сцэнарыі. Галоўныя ролі выканалі Кірстэн Данст і Шарлота Генсбур, таксама ў фільме зняліся Аляксандр Скарсгард, Кіфер Сазерленд , Камеран Спур, Шарлота Рэмплінг, Джон Хёрт, Еспер Крыстэнсен , Стэлан Скарсгард, Брэдзі Корбет і Уда Кір .
Меланхолія | |
---|---|
англ.: Melancholia | |
Жанр | навукова-фантастычны фільм[d], драматычны фільм, артхаус, apocalyptic film[d] і arthouse science fiction film[d] |
Рэжысёр | |
Прадзюсар | |
Сцэнарыст | |
У галоўных ролях |
|
Аператар | |
Кампазітар | |
Кінакампанія | Zentropa[d] |
Працягласць | 130 хв. |
Бюджэт | 7 400 000 $[4] |
Зборы | 15 946 321 $[5] |
Краіна | |
Мова | англійская |
Год | 6 кастрычніка 2011[9] і 2011 |
IMDb | ID 1527186 |
Афіцыйны сайт (англ.) | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Падзеі фільма разгортваюцца вакол дзвюх сясцёр: Жусцін і Клэр. Першая выходзіць замуж, але падчас пышнага вяселля рэзка губляе інтарэс да ўрачыстасці, чым выклікае неразуменне блізкіх і гасцей. Неўзабаве яна ўпадае ў клінічную дэпрэсію і Клэр вымушана клапаціцца пра яе. Тым час свет аблятае навіна, што да Зямлі рухаецца блукаючая планета Меланхолія. Гэтая навіна павяргае Клэр у жах, а затым і ў паніку, затое добра ўздзейнічае на Жусцін. Па меры набліжэння планеты, Жусцін і Клэр мяняюцца ролямі. Цяпер панікуючая Клэр мае патрэбу ў клопаце. У роспачы яна разам з сястрой і сынам рыхтуецца прыняць непазбежнае.
«Меланхолія» — другая карціна ў трылогіі Трыера «Дэпрэсія». У 2009 годзе ёй папярэднічаў «Антыхрыст », а ў 2013 годзе трылогію завяршыла «Німфаманка »[10].
Прэм’ера фільма адбылася 18 мая 2011 года ў межах асноўнай конкурснай праграмы 64-га Канскага кінафестывалю, а выканаўца галоўнай ролі Кірстэн Данст удастоілася прыза за найлепшую жаночую ролю . Пахвала яе акцёрскай ігры ў гэтай карціне стала агульным месцам сярод крытыкаў[11]. Многія крытыкі і кіназнаўцы прызналі фільм шэдэўрам. У 2012 годзе фільм увайшоў у спіс найлепшых фільмаў усіх часоў па версіі «Sight & Sound»[12], а ў 2016 годзе — у спіс найвялікшых фільмаў XXI стагоддзя па версіі BBC[13].
8-хвілінны пралог фільма складаецца з шэрагу сцэн, якія пад нарастаючую музыку Вагнэра метафарычна апісваюць увесь далейшы сюжэт. Змрочнае аблічча жанчыны, за спінай якой падаюць птушкі; палаючая рэпрадукцыя «Паляўнічых на снезе»; жанчына з дзіцём на руках па калена правальваецца ў зямлю; жанчына ў вясельным строі не можа выбрацца з аблытаўшай яе пражы; жанчына ў вясельным строі плыве па рацэ, нібы Афелія з карціны Міле; з пальцаў жанчыны выходзяць Агні Святога Эльма; дзве жанчыны і дзіця стаяць пад трыма свяціламі; жанчына з хлопчыкам нарыхтоўваюць палкі; блакітная планета паглынае Зямлю[14].
Жусцін выходзіць замуж за Майкла ў замку, які належыць яе швагру Джону і сястры Клэр. Маладажоны спазняюцца на прыём з-за таго, што іх лімузін з цяжкасцю пераадольвае вузкую і звілістую сельскую дарогу. Па прыбыцці Жусцін бачыць у небе ярка ззяючую зорку. Джон, аматар астраноміі, тлумачыць, што гэта зорка Антарэс. Свята праходзіць не занадта гарманічна: разведзеныя бацькі Жусцін, Габі і Дэкстэр, абражаюць адно аднаго на вачах у гасцей. Жусцін, да незадаволенасці Джона і Клэр, усё больш заглыбляцца ў сябе. Працадаўца Жусцін Джэк, які аб’явіў пра яе павышэнне да пасады арт-дырэктара сваёй рэкламнай фірмы, чакае, што падчас святкавання яна напіша слоган для новай кампаніі. Жусцін аказваецца ўцягнутай у ролю, якую выбралі для яе іншыя, і зноў упадае ў дэпрэсію, ад якой пакутуе ўжо доўгі час. Бліжэй да канца вечарыны, якая працягваецца да раніцы, яна з-за сваркі звальняецца з працы і скасоўвае шлюб з Майклам пасля таго, як здраджвае яму. Раніцай наступнага дня, катаючыся вярхам разам з Клэр, Жусцін заўважае, што Антарэса больш не відаць у небе.
Праз некаторы час Жусцін прыязджае ў маёнтак Джона і Клэр, яшчэ больш пагружаная ў дэпрэсію. Цяпер яна з цяжкасцю ўстае з ложка і не можа есці. Высвятляецца, што адсутнасць Антарэса звязана з блукаючай планетай , якой далі назву Меланхолія. Яна з’явілася з-за Сонца і прайшла перад Антарэсам, зацьміўшы яго. Джон кажа, што, паводле разлікаў вучоных, Меланхолія пройдзе ў непасрэднай блізкасці да Зямлі, але не сутыкнецца з ёй. Клэр з трывогай разглядае арбіту Меланхоліі ў інтэрнэце і даведваецца аб тэорыі, паводле якой, абмінуўшы Зямлю, яна паверне назад і сутыкнецца з ёй. Джон спрабуе супакоіць жонку, але таемна здабывае ежу і бензін. З-за набліжэння планеты Клэр усё больш губляе самавалоданне, у той час як Жусцін становіцца значна лепш. Яна марыць аб канцы свету і ноччу выходзіць «пазагараць» аголенай у ззянні пагібельнай планеты.
У наступныя дні адбываюцца дзіўныя прыкметы набліжэння Меланхоліі. У замку адключаецца электрычнасць, дварэцкі не выходзіць на працу, коні ў стайні неспакойныя, у розны час можна ўбачыць Агні Святога Эльма, а надвор’е мяняецца хаатычна. Меланхолія спачатку пралятае міма Зямлі, здавалася б, апраўдваючы Джона і навукоўцаў. Аднак гравітацыйнае ўзаемадзеянне між планетамі прымушае Меланхолію перасекчы арбіту Зямлі ў другі раз, на гэты раз рухаючыся прама да яе. Выявіўшы гэта, Джон зводзіць рахункі з жыццём, прыняўшы смяротную дозу таблетак. Клэр хавае ад сям’і ягоную смерць і спрабуе збегчы са сваім сынам Лео, але машыны не заводзяцца. Жусцін адмаўляецца правесці свае апошнія хвіліны з Клэр на тэрасе пры свечках і з віном. Замест гэтага Жусцін супакойвае Лео, прапаноўваючы пабудаваць «чарадзейную пячору» з галінак. Незадоўга да сутыкнення Жусцін, Клэр і Лео сядзяць у «пячоры» і трымаюцца за рукі. У той час як Жусцін сустракае смерць з удзячнасцю, а Лео поўніцца верай у сілу «чарадзейнай пячоры», Клэр упадае ў паніку і адпускае іх, паддаючыся роспачы. Меланхолія сутыкаецца з Зямлёй і паглынае яе.
Кірстэн Данст | – Жусцін |
Шарлота Генсбур | – Клэр |
Аляксандр Скарсгард | – Майкл |
Кіфер Сазерленд | – Джон, муж Клэр |
Камеран Спур | – Лео, сын Клэр |
Шарлота Рэмплінг | – Габі, маці Жусцін і Клэр |
Джон Хёрт | – Дэкстэр, бацька Жусцін і Клэр |
Еспер Крыстэнсен | – дварэцкі |
Стэлан Скарсгард | – Джэк, бос Жусцін |
Брэдзі Корбет | – Цім |
Уда Кір | – распарадчык вяселля |
Прэм’ера фільма адбылася 18 мая 2011 года ў межах асноўнай конкурснай праграмы 64-га Канскага кінафестывалю.
26 мая 2011 года фільм быў выпушчаны ў Даніі[15]. Паказаны на 57 экранах, фільм даў трэці вынік у дацкім пракаце[16]. Усяго ў Даніі было прададзена 50 000 білетаў[17].
Карціна была выпушчана ў Вялікабрытаніі і Ірландыі 30 верасня, у Германіі – 6 кастрычніка, а ў Італіі — 21 кастрычніка[18].
Кінафестываль / Кінапрэмія | Дата | Прэмія / Катэгорыя | Намінант(ы) | Вынік | Сп. |
---|---|---|---|---|---|
Канскі кінафестываль | 11-22.05.2011 | «Залатая пальмавая галіна» | «Меланхолія» | Намінацыя | [19][20] |
Прыз за найлепшую жаночую ролю | Кірстэн Данст | Перамога | |||
Еўрапейская кінапрэмія | 03.12.2011 | Найлепшы еўрапейскі фільм | «Меланхолія» | Перамога | [21][22] |
Найлепшы еўрапейскі рэжысёр | Ларс фон Трыер | Намінацыя | |||
Найлепшая еўрапейская актрыса | Шарлота Генсбур | Намінацыя | |||
Найлепшая еўрапейская актрыса | Кірстэн Данст | Намінацыя | |||
Найлепшы еўрапейскі сцэнарыст | Ларс фон Трыер | Намінацыя | |||
Найлепшы еўрапейскі аператар | Мануэль Альберта Клара | Перамога | |||
Найлепшы еўрапейскі мантажор | Молі Марлен Стэнсгаард | Намінацыя | |||
Найлепшы еўрапейскі мастак-пастаноўшчык | Еці Леман | Перамога | |||
Гоя | 19.02.2012 | Найлепшы еўрапейскі фільм | «Меланхолія» | Намінацыя | [23] |
Сезар | 24.02.2012 | Найлепшы замежны фільм | «Меланхолія» | Намінацыя | [24][25] |
Польская кінапрэмія «Арлы» | 19.03.2012 | Найлепшы еўрапейскі фільм | «Меланхолія» | Намінацыя | [26] |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.