Марыя Складоўская-Кюры
From Wikipedia, the free encyclopedia
Марыя Саламея Складоўская-Кюры (польск.: Maria Salomea Skłodowska-Curie, 7 лістапада 1867 — 4 ліпеня 1934) — выдатная вучоная, фізік і хімік, даследчыца радыеактыўнасці, двойчы лаўрэат Нобелеўскай прэміі: Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1903) і Нобелеўскай прэміі па хіміі (1911). Яна была першай жанчынай-прафесарам ва ўніверсітэце ў Парыжы, а ў 1995 годзе стала першай жанчынай, пахаванай у Пантэоне ў Парыжы[12].
Яна нарадзілася ў Варшаве, у тагачасным Царстве Польскім. Яна пачала сваю навукова-практычную падрыхтоўку ў Варшаве. У 1891 годзе, ва ўзросце 24 гадоў, яна рушыла ўслед за сваёй старэйшай сястрой Браніславай вучыцца ў Парыж, дзе яна атрымала вышэйшую адукацыю і потым праводзіла навуковую працу. Складоўская-Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію, і з’яўляецца адзінай жанчынай на сённяшні дзень, якая атрымала гэту ўзнагароду ў дзвюх абласцях.
Яе дасягненні ўключаюць тэорыю радыеактыўнасці, метады выдзялення радыеактыўных ізатопаў, а таксама адкрыццё двух элементаў, палонія і радыя. Пад ейным кіраўніцтвам былі праведзены першыя ў свеце даследаванні ў галіне лячэння новаўтварэнняў з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў. Яна заснавала Інстытут Кюры ў Парыжы і Варшаве, якія сёння застаюцца найбуйнейшымі цэнтрамі медыцынскіх даследаванняў.