From Wikipedia, the free encyclopedia
Латэнская культура — кельцкая археалагічная культура жалезнага веку (V—I стст. да н.э.), распаўсюджаная па ўсёй Цэнтральнай і Заходняй Еўропе (Францыя, Швейцарыя, Іспанія), на Балканах, Малой Азіі, Брытаніі і Ірландыі. Названа па паселішчы Ла-Тэн (La Tène) у Швейцарыі, у некалькіх кіламетрах ад Нёўшатэля. Было даследавана ў 1907—1917 гг.
Латэнская культура Жалезны век | ||||
---|---|---|---|---|
Лакалізацыя | Усходняя і Цэнтральная Еўропа | |||
Датаванне | каля 450—каля 1 гг. да н.э. | |||
Пераемнасць | ||||
|
||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Латэнская культура з'яўляецца спадчыннікам гальштацкай культуры ў заходніх рэгіёнах распаўсюджання апошняй. Плыўны пераход да яе адбываецца ў V ст. да н.э. Да I стагоддзя н.э. латэнская культура была ў цені рымскай правінцыйнай.
Латэнская культура — перш за ўсё, культура шматлікіх кельцкіх плямёнаў: галаў, брытаў і шматлікіх іншых. Аднак у шэрагу яе стваральнікаў таксама іберы, лігурыйцы, ілірыйцы, фракійцы; да прыкладу, кацёл з Гундэструпа спалучае ў сабе кельцкія выяўленчыя элементы з тыповай фракійскай тэхналогіяй вырабу. Аказала вялікі ўплыў на суседнія плямёны і народы.
Для латэнскай культуры характэрны як умацаваныя, так і неўмацаваныя паселішчы, якія размяшчаліся ў цяжкадаступных месцах. Гарадзішчы былі ўмацаваны валамі, равамі і крапаснымі сценамі. 3 канца II ст. да н.э. распаўсюджваюцца апідумы — протагарардскія паселішчы, якія з’яўляліся буйнымі племяннымі, рамеснымі і гандлёвымі цэнтрамі. Яны размяшчаліся на высокіх узгорках ці гарах і былі абаронены сцяной, якая складалася з драўляных клецей, што запаўняліся камянямі альбо зямлёй. Са знешняга боку сцяна абкладалася камянямі ці сырповай цэглай. Буйнейшыя апідумы ў Заходняй Еўропе — Манхінг (Германія), які быў акружаны сцяной працяжнасцю 7 км, і Бібракта (Францыя), які займаў 135 га, сцяна вакол яго цягнулася на 5,25 км; ва Усходняй Еўропе — Галіш-Ловачка (Закарпацце, Украіна).
Кельты жылі ў наземных дамах з каменнымі фундаментамі і плятнёва-каркаснай канструкцыяй сцен. Жытлы абмазваліся глінай, дахі — з саломы. Вядома таксама паўзямлянкі плятнёва-каркаснай канструкцыі плошчай да 20 м2.
Для латэнскай культуры характэрны пераважна бескурганныя пахаванні з інгумацыяй і крэмацыяй. У ранніх курганах сустракаюцца пахаванні ў калясніцах. Нябожчыкаў хавалі са шматлікім інвентаром, некаторыя рэчы, пераважна зброю, наўмысна псавалі.
Посуд кельтаў, як правіла ганчарны, упрыгожаны зонным распісным арнаментам. Шырокае распаўсюджванне атрымаў і чорнаглянцаваны посуд. Для культуры на ранняй стадыі былі характэрны кароткія мячы без крыжавіны, з III ст. да н.э. — доўгія рубячыя мячы з крыжавінай і багата арнаментаваныя похвы. У 2-й палове V ст. да н.э. з’яўляюцца і атрымліваюць шырокае распаўсюджанне шыйныя грыўні (торквесы) з пячаткападобнымі канцамі, упрыгожаныя расліннымі і маскападобнымі выявамі; фібулы латэнскіх схем; бронзавыя пасудзіны. Для кельцкіх плямёнаў была характэрна наяўнасць буйных рамесных цэнтраў, звязаных з вытворчасцю і апрацоўкай жалеза, ювелірнай справай, ганчарствам.
На тэрыторыі Беларусі да ліку латэнізаваных адносіцца зарубінецкая культура, у якой часта сустракаюцца фібулы сярэднелатэнскай і позналатэнскай схем, глянцаваная кераміка. Сярод знаходак папярэдняй мілаградскай культуры нярэдка сустракаюцца бранзалеты кельцкіх тыпаў IV—III стст. да н.э.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.