Кшыштаф Кеслёўскі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кшы́штаф Кеслё́ўскі (польск.: Krzysztof Kieślowski; 27 чэрвеня 1941, Варшава — 13 сакавіка 1996, Варшава) — польскі кінарэжысёр і сцэнарыст, прадстаўнік кірунку «кіно маральнага неспакою», кавалер Ордэна Мастацтваў і літаратуры. Сусветную вядомасць атрымаў дзякуючы тэлецыклу «Дэкалог» (1989), фільму «Падвойнае жыццё Веранікі» (1991) і кінатрылогіі «Тры колеры» (1993—1994).
Кшыштаф Кеслёўскі | |
---|---|
польск.: Krzysztof Kieślowski | |
Дата нараджэння | 27 чэрвеня 1941(1941-06-27)[1][2][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 сакавіка 1996(1996-03-13)[1][2][…] (54 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Адукацыя | |
Прафесія | кінарэжысёр, сцэнарыст, аўтар, рэжысёр |
Кар’ера | 1966—1994 |
Узнагароды | «Еўрапейская кінапрэмія» (1988), «Залаты леў» (1993), «Сярэбраны мядзведзь» (1994) |
IMDb | ID 0001425 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Распачаў кар’еру як рэжысёр-дакументаліст («Біяграфія», «З пункту гледжання начнога вартаўніка»), аднак пазней стаў займацца стварэннем пераважна мастацкіх фільмаў. Часам выступаў і ў якасці тэатральнага рэжысёра. Яго раннія мастацкія карціны належалі да кірунку «кіно маральнага неспакою» і ўяўлялі сабой квазідакументальныя фільмы, якія паказвалі рэчаіснасць Польшчы таго часу («Персанал», «Шнар», «Аматар[pl]», «Выпадак[pl]»). На познім этапе творчасці, дзякуючы супрацоўніцтву са сцэнарыстам Кшыштафам Песевічам, ён звярнуўся да метафізічных тэм. Творчасць узбагацілася псіхалагічнымі фільмамі на маральную і экзістэнцыяльную тэматыку («Дэкалог», «Падвойнае жыццё Веранікі», «Тры колеры»). Змянілася і эстэтыка рэжысёра: ранні этап творчасці Кеслёўскага характарызаваўся аскетычнай формай, а позні этап — вытанчанымі візуальнымі сродкамі.
Хоць Кеслёўскі імкнуўся трымацца на адлегласці ад палітычных падзей у Польшчы, яго фільмы («Спакой», «Выпадак[pl]») неаднаразова забараняліся камуністычнымі ўладамі да паказу. Пік папулярнасці рэжысёра прыйшоўся на перыяд палітычных пераўтварэнняў у краіне, міжнародная вядомасць прыйшла з кінастужкамі «Кароткі фільм пра забойства» і «Кароткі фільм пра каханне». Познія фільмы Кеслёўскага часам абвінавачвалі ў кічы, пры тым яны атрымоўвалі высокую ацэнку крытыкаў. Аднак фестывальны правал апошняга фільма трылогіі «Тры колеры» падштурхнуў кінарэжысёра спыніць кар’еру.
Кшыштаф Кеслёўскі лічыцца адным з найбольш значных мастакоў у гісторыі сусветнага кінематографа другой паловы XX стагоддзя. Ён з’яўляецца лаўрэатам прэстыжных кінаўзнагарод, сярод якіх Прыз журы (1988), Прыз ФІПРЭСІ (1988, 1991) і Прыз Экуменічнага журы (1991) Канскага кінафестывалю; Прыз ФІПРЭСІ (1989) і «Залаты Леў» (1993) Венецыянскага кінафестывалю; «Сярэбраны мядзведзь» Берлінскага кінафестывалю (1994). У 1995 годзе быў намініраваны на «Оскар» за «Найлепшую рэжысуру» і «Найлепшы сцэнарый[en]».
Аказаў уплыў на такіх рэжысёраў, як Ежы Штур, Том Тыквер, Гжэгаж Згліньскі, Абас Кіярастамі.