Кхмеры
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кхмеры (кхмер.: ជនជាតិខ្មែរ) — народ, асноўнае насельніцтва Камбоджы. Жывуць таксама на поўдні В’етнама і паўночным усходзе Тайланда. У В’етнаме фарміруюць найбуйнейшую ў гэтай краіне этнічную меншасць. Агульная колькасць — 16 305 200 чалавек (2022 г.)[1]
Кхмеры (ជនជាតិខ្មែរ) | |
Агульная колькасць | 16305200 (2022 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Камбоджа — 14423000 В’етнам — 1342000 |
Мова | кхмерская мова |
Рэлігія | культ продкаў, анімізм, будызм |
Блізкія этнічныя групы | моны, горныя кхмеры, тхо, нікабарцы, мунда |
Гісторыя кхмераў прасочваецца з эпохі дзяржавы Фунань, заснаванай згодна з паданнем індыйскім брахманам. З Індыі былі запазычаны асноўныя рэлігіі — індуізм (да XIV ст.) і будызм. Але генетыкі не знайшлі актыўнага ўнёску індыйцаў у генетычнай спадчыне сучасных кхмераў. Мяркуецца, што іх прамымі продкамі былі першыя людзі сучаснага тыпу, якія дасягнулі Паўднёва-Усходняй Азіі ў глыбокай старажытнасці. Калыскай кхмерскага народа сталі ніжняе і сярэдняе рэчышчы Меконга.
Карані многіх традыцый кхмерскай архітэктуры, выяўленчага мастацтва, літаратуры і музыкі паходзяць з перыяду Кхмерскай імперыі, магутнай дзяржавы сярэднявечча з цэнтрам у Ангкоры. Тым не меней, вялізарны ўплыў на лёс кхмерскага народа аказалі трагічныя падзеі другой паловы XX ст. — грамадзянская вайна, дыктатура чырвоных кхмераў, сацыялістычныя пераўтварэнні, якія разбурылі традыцыйнае грамадства, прывялі да гібелі і збяднення значных пластоў насельніцтва, складання кхмерскай эміграцыі далёка ад межаў традыцыйнага рассялення. У нашы дні адбываецца паступовае адраджэнне кхмерскай культуры.
Ангкор, сталіца Кхмерскай імперыі, уваходзіць у спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца адным з найбольш наведваемых помнікаў культуры ў свеце.