Цела (даўжыня 12—15 см, маса 65—92 г.) і галава падоўжаныя. Цела крата моцнае, цыліндрычнай формы. Галава без вушных ракавін сядзіць на кароткай шыі. Маленькія недаразвітыя вочы схаваны ў поўсці. Заднія лапы развіты слаба. Пярэднія (капальныя) лапатападобныя канечнасці крата вывернуты вонкі, з доўгімі пляскатымі кіппюрамі і перапонкай паміж пальцамі. Кароткія плячо і перадплечча схаваны ў тулаве. Моцна развітыя лапатападобныя кісці разграбаюць зямлю, дзякуючы чаму крот хутка перамяшчаецца ў глебе. Вельмі добра развіты нюх.
Поўсць кароткая, аксаміцістая, мяккая, зверху матава-чорная або чорна-бурая з шараватым адценнем, знізу больш светлая. Поўсцевае покрыва не мае напрамку.
Насельнік глебы лясной і лесастэпавай зон. Пашыраны ў Еўразіі і Паўночнай Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды, часцей у паўночнай і цэнтральнай частках, у месцах з дзярнова-падзолістымі сугліністымі глебамі. Сустракаецца на ўзпесках, высечках, палянах, лугах, палях і агародах, у садах, парках і лясах. Жыве пад зямлёй у норах.
Аселы від. Пад зямлёй рые норы (жыллёвыя і кармавыя), зямлю выкідвае вонкі. Яго прысутнасць выдаюць выкіды зямлі з падземных галерэй — кратавінне. Гнездавая камера звычайна пад пнямі, кустамі, купінамі на глыбіні да 1,5 м, кармавыя хады на глыбіні 2—50 см. Актыўны ўвесь год, пераважна вясной і ўвосень, раніцай і ўвечары. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі.
Полавая спеласць ва ўзросце 5—6 месяцаў. Спароўванне ў сакавіку — красавіку. Цяжарнасць да 40 сутак (мяркуюць, што ёсць латэнтная фаза). У прыплодзе 1—9 (найчасцей 3—7) дзіцянят. Некаторыя самкі ў канцы лета даюць другі прыплод. Дзіцяняты нараджаюцца сляпымі, голымі, бездапаможнымі, пакідаюць гняздо праз месяц.
Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. ISBN 978-985-03-1367-6