From Wikipedia, the free encyclopedia
Кола, таксама Кружкі, Кругавая, Круцёлка, Крутак, Круганы, Кружок, Кулечка[1][2] — арнаментальны беларускі народны танец хараводнага тыпу, які часта выконваўся на Купалле і меў распаўсюджанне па ўсёй Беларусі[2]. Падобны танец існуе ў украінцаў, палякаў, сербаў, балгараў і іншых славянскіх народаў, якія насяляюць Балканскі паўвостраў і вобласці на поўнач ад яго. У балгараў называецца «Хоро», у малдаван і румынаў — «Хора» і «Сырба». Характэрна пабудова ланцугом самкнёным або разамкнёным кругам. Выконваецца ў суправаджэнні народных інструментаў, часам спеваў. Музыка адрозніваецца разнастайнасцю памераў. Існуюць варыянты хуткага і павольнага тэмпу[3].
Музычны памер 2/4[1]. Тэмп танца — хуткі і вясёлы[1].
Як вынікае з назвы, кампазіцыйна танец заснаваны на пабудове ў форме круга, пры гэтым малюнак танца складаны і разнастайны[1]. Колькасць колаў, утвораных танцуючымі, змяняецца ад аднаго вялікага агульнага карагода да некалькіх невялікіх кружкоў праз выкарыстанне лініі і паўкола. Таксама выкарыстоўваюцца кружэнне, змена кірунку руху танцуючых, пабудова ў пары[4].
Р. Друцкі-Падбярэскі апісаў «Кругавую» наступным чынам[5]:
![]() |
... танцор жвава абнімае постаці маладой танцоўшчыцы, паварочвае і перакідвае яе ў такт дуды і скрыпкі, прыстукваючы кожны такт абцасамі і падпяваючы двухрадкоўе. Танцуючых цэлы рад. Першы ў радзе выдумляе фігуры, якія дакладна паўтараюцца ўсімі; кружацца ў адзін бок датуль, пакуль амаль што не ап'янеюць, тады кружацца ў другі… |
![]() |
Пра «кружкі», як пра галоўны танец на беларускіх святочных вечарынках, паведамляў М. Дзмітрыеў[6].
Першую сцэнічную пастаноўку танца ў Беларусі рэалізаваў К. А. Алексютовіч ў 1921 годзе ў спектаклі «На Купалле» па п'есе М. Чарота[4].
Мелодыя танца выкарыстоўваецца ў фінале балета «Падстаўная нявеста» на музыку Г. Вагнера ў пастаноўцы К. А. Мулера[4].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.