From Wikipedia, the free encyclopedia
Канфлікт у Паўднёвым Кардафане і Блакітным Ніле — узброенае супрацьстаянне на тэрыторыі штатаў Паўднёвы Кардфан і Блакітны Ніл у 2011—2020 гадах. Удзельнікамі канфлікту выступалі цэнтральны суданскі ўрад у Хартуме і розныя мяцежныя групоўкі.
У 2005 годзе ў Судане скончылася грамадзянская вайна. Баевікі заключылі з урадам пагадненне, паводле якога павінен быў прайсці рэферэндум аб незалежнасці паўднёвых рэгіёнаў. Так як большая частка насельніцтва падтрымала сепарацыю, то ў 2011 годзе была абвешчана новая дзяржава — Паўднёвы Судан.
Нягледзячы на тое, што Паўднёвы Кардафан размешчаны на поўнач ад дзяржаўнай мяжы паміж Суданам і Паўднёвым Суданам, у ім пражывае мноства абшчын, якія падтрымліваюць Паўднёвы Судан, асабліва ў раёне Нубійскіх гор. Падчас грамадзянскай вайны жыхары краю сумесна з паўстанцамі-паўднёўцамі вялі барацьбу з цэнтральнай уладай[4].
Найбольш складаная сітуацыя склалася вакол горада Аб’ей. Прыналежнасць населенага пункта была прадметам спрэчак бакоў. У маі 2008 года падчас сутыкненняў паміж уладамі і Народнай арміяй вызвалення горад быў амаль цалкам разбураны, па некаторых даных, тады ў ім было знішчана да 90% будынкаў[5], а ўсе жыхары вымушаны былі пакінуць горад, з іх ад 30 да 50 тысяч (у большасці прадстаўнікі народа дзінка) беглі на Поўдзень[6].
Асноўным апазіцыйным фарміраваннем у штатах Паўднёвы Кардафан і Блакітны Ніл стаў Народна-вызваленчы рух Судана–Поўнач. Групоўка заснавана асобнымі прадстаўнікамі Народнай арміі вызвалення[7]. Разам з Вызваленчым рухам Судана і Рухам за справядлівасць і роўнасць арганізацыя ўвайшла ў кааліцыю «Суданскі рэвалюцыйны фронт»[8].
Мяцежнікі распаўсюдзілі сваю дзейнасць як на Паўднёвы Кардафан, дзе іх узначальваў Абдэлазіз аль-Хілу, так і Блакітны Ніл, дзе кіраўніком стаў Малік Агар.
6 чэрвеня 2011 года, незадоўга да запланаванага на 9 ліпеня абвяшчэння незалежнасці Поўдня, паміж сіламі Паўночнага і Паўднёвага Судана ўспыхнуў узброены канфлікт. Гэта адбылося пасля дасягнення абодвума бакамі пагаднення аб вывадзе войскаў з горада Аб’ей[9][10]. Суданская армія заявіла, што баевікі напалі на паліцэйскі ўчастак і выкралі зброю. У сваю чаргу паўстанцы выступілі з заявай, што войска паўночнікаў паспрабавала сілай раззброіць іх падраздзяленні.
14 чэрвеня ААН абвінаваціла суданскі ўрад у правядзенні «інтэнсіўнай бамбардзіроўкі» паблізу мяжы паміж Поўначчу і Поўднем, якая прывяла да «велізарных пакут» мірнага насельніцтва ў Паўднёвым Кардафане. У выніку авіяцыйных удараў прыблізна 140 000 чалавек сталі бежанцамі. Офісы агенцтва па аказанні дапамогі былі разрабаваны, цэрквы спустошаны, а будынкі разбураны. Гуманітарныя работнікі адзначалі, што этнічныя нубійцы сталі аб’ектам агрэсіі з боку ўзброеных сіл Судана, а таксама арабскіх баевікоў. Рабі Абдэль-Латыф Эбаід, саветнік міністра інфармацыі, адмаўляў гэты факт, заявіўшы, што ўлады атакаюць толькі баевікоў.
15 чэрвеня прэзідэнт ЗША Барак Абама заклікаў да перамір’я, настойліва заклікаўшы бакі «выконваць свае абавязкі», каб не дапусціць вяртання да грамадзянскай вайны[10]. 19 чэрвеня прэзідэнт Судана Амар аль-Башыр абвінаваціў праціўніка ў «здрадзе» ў Паўднёвым Кардафане. Тым часам суданская армія заявіла, што мае намер працягнуць ваенную аперацыю ў Паўднёвым Кардафане, у тым ліку бамбардзіроўкі, да падаўлення паўстання. Адначасна актывізаваліся вакол сталіцы штата Кадуглі[11].
У канцы жніўня і пачатку верасня 2011 года баявыя дзеянні ахопліваюць Блакітны Ніл[12]. У канцы снежня баевікі кааліцыі «Суданскі рэвалюцыйны фронт» пачалі наступленне на Паўночны Кардафан, але былі разбіты[13]. У студзені 2015 года баявыя дзеянні ўзмацніліся, так як урад аль-Башыра, напярэдадні выбараў, паспрабаваў аднавіць кантроль над тэрыторыяй, якая была захоплена ўзброенай апазіцыяй[14][15].
У сярэдзіне 2017 года раскалолася гропоўка «Народна-вызваленчы рух Судана–Поўнач». Адзін лагер узначаліў Абдэлазіз аль-Хілу, а іншы — Малік Агар. Першы настойваў на стварэнні свецкай дзяржавы і перамовы з урадам аль-Башыра, на што Агар не пагаджаўся[16].
У 2020 годзе, ужо пасля звяржэння Башыра і ўсталяванні новага ўрада, фракцыі Агара і Хілу падпісалі ўсёабдымнае мірнае пагадненне з пераходным урадам Судана. Паводле дамовы, яны абавязаліся ўдзельнічаць у пераходзе да дэмакратыі ў Судане мірнымі сродкамі[17][18].
Па стане на кастрычнік 2014 года канфлікт закрануў каля двух мільёнаў чалавек, больш за 500 000 чалавек пакінулі свае дамы. З іх каля 250 000 іх беглі ў Паўднёвы Судан і Эфіопію[19][20]. Агульная колькасць загілых на 2011—2012 гады склала 643[21]−1500[22] чалавек. Станам на 2014 год, паводле Radio Dabanga, урадавыя сілы страцілі 600−650 байцоў, а баевікі — 750[23]. За 2013—2014, паводле Radio Tamazuj, толькі ў Блакітным Ніле загінулі 2530 байцоў фарміраванняў, лаяльных Башыру[24].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.