![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/e/e9/El_Escorial.jpg/640px-El_Escorial.jpg&w=640&q=50)
Залаты век Іспаніі
From Wikipedia, the free encyclopedia
Залаты век Іспаніі (Siglo de Oro) — найвялікшы культурны ўздым у гісторыі Іспаніі, які прыпаў на XVI і на першую палову XVII стагоддзя.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/e/e9/El_Escorial.jpg/640px-El_Escorial.jpg)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/4e/Vel%C3%A1zquez_-_de_Breda_o_Las_Lanzas_%28Museo_del_Prado%2C_1634-35%29.jpg/640px-Vel%C3%A1zquez_-_de_Breda_o_Las_Lanzas_%28Museo_del_Prado%2C_1634-35%29.jpg)
Іспанская дзяржава ўтварылася ў канцы XV стагоддзя шляхам дынастычнага шлюбу «каталіцкіх каралёў» Кастыліі і Арагона. У эпоху Вялікіх геаграфічных адкрыццяў складаецца каланіяльная імперыя Іспанскіх Габсбургаў, над якой, згодна з вядомай прыказкай таго часу, ніколі не заходзіла сонца. Адначасова Іспаніі ўдалося ўмацаваць свае пазіцыі ў Еўропе. Іспанская і партугальская карона аб'ядналіся ў дынастычнай уніі, у склад Іспаніі ўвайшлі найбагацейшыя землі Еўропы — Бургундскія Нідэрланды, экспансія ў Італіі прывяла да іспанізацыі Паўднёвай Італіі.
Палітыка-эканамічны ўздым прывёў да таго, што ў перыяд Контррэфармацыі Іспанія апынулася ў ролі культурнага флагмана ўсёй каталіцкай Еўропы, пакінуўшы пасля сябе цэлы шэраг выдатных культурных здзяйсненняў:
- Саламанкская школа сфармулявала тэорыі парытэту пакупніцкай здольнасці і свабоднага рынку; Франсіска дэ Віторыя заклаў асновы міжнароднага права;
- раманы «Дон Кіхот» і «Ласарылья з Тормеса», фарміраванне жанру круцельскага рамана, драматургія Лопэ дэ Вегі і Кальдэрона;
- фарміраванне самабытнай музычнай школы на чале з Тамасам Луісам дэ Вікторыем і арыгінальнай музычнай навукі (Хуан Бермуда, Франсіска дэ Салінас);
- будаўніцтва Эскарыяла і небывалы ўздым іспанскага жывапісу (Эль Грэка, Веласкес, Мурылья, Сурбаран).
Храналагічныя межы Залатога веку ў палітычным і культурным сэнсах не супадаюць: Іспанія мела статус вялікай дзяржавы з моманту адкрыцця Калумбам Амерыкі і да Пірэнейскага міру 1659 года, а залаты век іспанскай культуры пачынаецца з публікацыі рамана «Ласарылья з Тормеса» (1554) да смерці апошняга з класічных іспанскіх пісьменнікаў, Кальдэрона, у 1681 годзе. Адзінага меркавання пра часавыя рамкі перыяду ў гістарыяграфіі не сфарміравалася.