Доктаравіцкі сельсавет
адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці Беларусі / From Wikipedia, the free encyclopedia
До́ктаравіцкі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Капыльскага раёна Мінскай вобласці Беларусі. Цэнтр — аграгарадок (да 2010 г. вёска) Новыя Доктаравічы.
Доктаравіцкі сельсавет | |
---|---|
Краіна |
![]() |
Уваходзіць у | Капыльскі раён |
Уключае | 18 населеных пунктаў |
Адміністрацыйны цэнтр | Новыя Доктаравічы |
Дата ўтварэння | 20 жніўня 1924 |
Насельніцтва (2019) | 1 412 |
Часавы пояс | UTC+03:00 |
Код аўтам. нумароў | 5 |
Утвораны 20 жніўня 1924 года як Евангелевіцкі сельсавет у складзе Капыльскага раёна Слуцкай акругі БССР. Цэнтр — вёска Евангелевічы. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Мінскай акругі. У 1929 годзе сельсавет перайменаваны ў Ванелевіцкі сельсавет, цэнтр перанесены ў вёску Доктаравічы. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Капыльскім раёне БССР. З 21 чэрвеня 1935 года ў складзе Слуцкай акругі. Пасля ўвядзення абласнога падзелу 20 лютага 1938 года ў Капыльскім раёне Мінскай вобласці. З 20 верасня 1944 года па 8 студзеня 1954 года ў складзе Бабруйскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Ванелевічы[1]. 24 мая 1960 года ў склад сельсавета з Грозаўскага сельсавета перададзены 4 населеныя пункты (Астравок, Гарнастайла, Навасёлкі і Ужа), цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Доктаравічы, сельсавет перайменаваны ў Доктаравіцкі[2]. 27 студзеня 1987 года цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Новыя Доктаравічы.
Насельніцтва сельсавета паводле перапісу 2009 года — 1816 чалавек[3], з іх 96,6 % — беларусы, 2,4 % — рускія, 0,8 % — украінцы[4]; паводле перапісу 2019 года — 1412 чалавек[5].