From Wikipedia, the free encyclopedia
Гісторыя Шры-Ланкі налічвае больш за 100 тыс. гадоў. Сучасную назву гэта дзяржава атрымала толькі ў 1972 годзе, аднак яна мае старажытнае мінулае. Так яна называлася ў ведыйскіх тэкстах, што значыць на санскрыце «блаславёная зямля»[1]. Іншыя гістарычныя назвы Шры-Ланкі — Ланкадвіпа[2], Тапрабана[3], Серэндыб[4], Цэйлон[5].
У выніку змен ўзроўню акіяну Шры-Ланка канчаткова аддзялілася ад Індыйскага субкантынента толькі ў 7 тысячагоддзі да н.э., таму міграцыя старажытных людзей сюды не выклікала істотных цяжкасцяў у сувязі з пераадоленнем марской прасторы. Найстаражытнейшыя прылады працы з кварцу (прыкладна 125 тысячагоддзе да н.э.) былі знойдзены на поўдні вострава, хаця існуюць думкі, што продкі сучасных людзей з’явіліся значна раней. Рэшткі саміх вытворцаў не былі знойдзены, таму вызначэнне іх віду застаецца праблемай.
Археолагі таксама знайшлі ў пячорах Пахіянгала ў цэнтральнай частцы краіны рэшткі людзей, што жылі 37 тыс. гадоў таму. Было выяўлена, што яны карысталіся каменнымі і касцянымі прыладамі працы, палявалі на малп, дзікабразаў, аленяў, ўжывалі слімакоў і плады хлебнага дрэва. Гэта былі людзі сучаснага тыпу. Для іх былі характэрныя кароткі хрыбетнік, шырокія косткі сківіцы, вялікія зубы-маляры. Рост старажытных насельнікаў дасягаў 174 см у мужчын і 166 см у жанчын. Захаваліся сведчанні правядзення пахавальных рытуалаў — абмазванне костак нябожчыкаў охрай[6]. Каля 12 тысячагоддзя да н.э. імі была асвоена вытворчасць мікралітаў. У эпоху неаліта з’явіўся керамічны посуд. Медныя, бронзавыя і жалезныя прылады працы на востраве не вырабляліся. Яны паступалі з Паўднёвай Індыі толькі з 1000 г. да н.э. Мяркуецца, што людзі каменнага веку маглі быць непасрэднымі продкамі ведаў, плямёны якіх паводле генетычных даследаванняў мелі продкаў, што жылі 47500 гадоў таму, і захаваліся на востраве да нашага часу[7].
У першай палове 1 тысячагоддзя да н.э. узнікаюць мегалітычныя паселішчы, насельнікі якіх ужо шырока выкарыстоўвалі жалеза. Найбуйнейшае было знойдзена ў раёне Анурадхапуры. Яно займала плошчу каля 15 га. Да сяр. 1 тысячагоддзя да н.э. прадстаўнікі гэтай цывілізацыі будавалі вялізарныя вадасховішчы, ўзводзілі дамбы і ступападобныя канструкцыі. Не вядома, ці былі яны тубыльцамі, ці выхадцамі з Індыі, але знаходзіліся пад моцным уплывам паўночных суседзяў.
Знойдзены надпісы на кераміке на індаарыйскім пракрыце прыкладна VI ст. да н.э. Згодна паданням, Шры-Ланку некалькі разоў наведваў сам Буда. У гэтай сувязі выказваецца думка, што да сяр. 1 тысячагоддзя востраў ужо меў індаарыйскае насельніцтва. Аднак у індыйскіх эпічных творах Шры-Ланка малявалася як краіна, населеная варожымі дэманамі якха, што можа сведчыць аб іншаэтнічным паходжанні мясцовых жыхароў.
У сяр. VI ст. да н. э. на востраве з’явіліся сінгалы. 700 чал. на чале з прынцам Віджаі прыплылі на караблі з Заходняй Індыі і высадзіліся ў 543 г. да н. э. у месцы Тамбапані (відавочна, на паўночным захадзе Шры-Ланкі). Згодна летапісу «Махавамса», род Віджаі паходзіў ад сувязі яго бабулі са львом і дагэтуль гаспадарыў у зніклым да нашагу часу горадзе Сінгапура (літаральна «Ільвіны горад») у вобласці Лал на тэрыторыі Гуджарата. Віджая і яго паслядоўнікі былі абвінавачаны на радзіме ў гвалце, і, каб пазбегнуць смерці, былі вымушаны збегчы разам з жанчынамі і дзецьмі. Сінгалы перамаглі якха і заснавалі некалькі гарадоў.[8][9].
Спадчыннікам Віджаі стаў яго брат Пандувасудэва, які прыбыў з Лала з 33 паплечнікамі. Такім чынам, раннее сінгальскае гаспадарства на паўночным захадзе працягвала кантакты з Заходняй Індыяй. Пандукаабхая, унук Пандувасудэвы, перанёс сталіцу ў Анурадхапуру. Да гэтага часу сінгалы асвоілі значныя тэрыторыі ўздоўж рэк, дзе займаліся земляробствам. Была пабудавана вялізарная ірыгацыйная сетка. Акрамя таго, востраў быў вядомы здабычай каштоўных камянёў. Да III ст. да н.э. Анурадхапура ператварылася ў буйны палітычны і эканамічны цэнтр з ясна акрэсленымі межамі.
Гаспадар Дэваанампія Тыса (250 — 210 гг. да н.э.) прыняў будызм у якасці афіцыйнай рэлігіі. Улады спрыялі яго шырокаму распаўсюджанню сярод насельніцтва. Будысцкія манахі Шры-Ланкі стварылі вучэнне Тхеравада, якое пазней распаўсюдзілася ў іншых краінах. Аднак у розныя часы тут распаўсюджвалася і махаяна. У III ст. н.э. быў заснаваны будысцкі кляштар на скале Сігірыя, які быў цэнтрам прыхільнікаў махаяны[10].
У Еўропе цудоўная астраўная краіна была вядома з часоў Аляксандра Македонскага. У I ст. да н.э. былі ўсталяваны прамыя сувязі са Старажытным Рымам. Пліній Старэйшы апісваў Шры-Ланку як магутную дзяржаву з 500 гарадамі, шлях да якой быў добра вядомы[11].
У канцы 1 тысячагоддзя да н.э. з Паўднёвай Індыі на Шры-Ланку пачалі перасяляцца тамілы. У II ст. да н.э. яны захапілі паўночную частку з горадам Джафна і рабілі напады на іншыя землі. Некаторы час сінгальскія гаспадары паспяхова стрымлівалі іх націск і нават вярталі страчаныя тэрыторыі. У пісьмовых крыніцах I ст. н.э. паўночныя землі ўзгадваліся зноў падпарадкаванымі гаспадарамі Анурадхапуры. У 429—455 гг. яны былі занятыя таміламі, якіх перамог Дхатусена (455—473 гг.). Поспеху тамілаў садзейнічала ўзаемная барацьба сінгальскіх уладароў за трон.
Узвышэнне тамільскай дынастыі Чола на поўдні Індыі прывяла да паступовага заняпаду Анурадхапуры. Супраць апошняга яе ўладара Махінды V выступіла ўласная армія. У 1017 г. Чола захапілі Анурадхапуру і ўзялі Махінду V у палон, дзе ён памёр у 1029 г. Яго дзяржава была далучана да імперыі Чола. Новым адміністрацыйным цэнтрам Шры-Ланкі Чола зрабілі горад Паланарува.
У 1028—1029 гг. вобласць Рухуна па поўдні Шры-Ланкі вызвалілася з-пад улады Чола ў выніку паўстання на чале з Вікрамабаху I, сынам Махінды V, апошняга гаспадара Анурадхапуры. Ён і яго нашчадкі вялі несупынную барацьбу супраць тамілаў. Віджаябаху I (1055—1110 гг.) скарыстаўся міжусобіцамі ў дзяржаве Чола і захапіў у 1070 г. Паланаруву, якую зрабіў сваёй сталіцай. Ён садзейнічаў адраджэнню будызму і адукацыі.
Найбольшай магутнасці гаспадары Паланарувы дасягнулі пры Паракрамбаху I Вялікім (1123—1186 гг.), які вёў актыўную знешнюю палітыку. Але яго спадкаемцы не здолелі ўтрымаць адзінства. Сінгальская дзяржава фактычна распалася на некалькі ўладанняў, гаспадары якіх знаходзіліся ў даволі складаных узаемных адносінах.
На поўначы ў XIII ст. ўзнікла дзяржава Ар’ясакарварці з цэнтрам у Джафне. Яе заснавальнік Магха (1215—1236 гг.) быў родам з Калінгі ва Усходняй Індыі, аднак знаходзіўся ў падначаленным стане ў аднносінах да паўднёваіндыйскай тамільскай дынастыі Панд’я. Манархі Ар’ясакарварці падтрымлівалі эканамічны дабрабыт дзякуючы гандлю сланамі і жэмчугам. Іх войны супраць сінгальскіх уладароў прывялі да заняпаду Паланарувы, якая ў 1302 г. канчаткова страціла сваю моц і была закінута жыхарамі.
Партугальскія караблі ўпершыню наведалі Шры-Ланку ў 1505 г. У той час востраў быў падзелены паміж чатырма дзяржавамі. Тры з іх з цэнтрамі ў Котэ (тэрыторыя сучаснага Каломба), Канды і Сітаваке (зараз горад Авісавела) кантраляваліся сінгальскімі ўладарамі. Прычым, уладар Коты фармальна лічыўся галоўным. Чацвёртай была Ар’ясакарварці на поўначы.
Партугальцы заключылі з уладаром Котэ дагавор, накіраваны супраць малабарскіх мусульман, што трымалі манаполію на гандаль шры-ланкійскай карыцай. У 1518 г. дагавор быў пашыраны, і ў бухце Каломба з’явіўся партугальскі форт. Спроба малабарскіх гандляроў выціскнуць партугальцаў, распаліўшы канфлікт паміж Сітавакай і Котэ, скончыўся паразай уладара Сітавакі і выгнаннем мусульман з вострава ў 1539 г. Дзяржава з цэнтрам у Котэ канчаткова патрапіла пад уплыў Партугаліі пры ўладары Дхармапале (1551—1597 гг.), які ў падзяку за падтрымку ў барацьбе за трон прыняў хрысціянства і перадаў землі будысцкіх кляштароў Каталіцкай Царкве. Хрысціянства таксама прынялі некаторыя яго падданыя, у тым ліку 70 тыс. жыхароў паўднёвага ўсходу Шры-Ланкі[12]. 27 мая 1597 г. Дхармапала памёр. Згодна яго тэстаменту ўсе яго валоданні перайшлі ў спадчыну каралю Партугаліі. Цэнтрам партугальскіх уладанняў стаў Каломба.
У 1560 г. партугальцы захапілі сталіцу Ар’ясакарварці і востраў Манар. Іх караблі спустошылі ўсходняе ўзбярэжжа. У 1591 г. яны прызначылі ў Ар’ясакарварці свайго стаўленіка. Аднак далейшы наступ хрысціян углыб вострава быў спынены аб’яднанымі сіламі дзяржаў з цэнтрамі ў Канды і Сітаваке. У 1587—1588 гг. іх уладары нават вялі асаду Каломба. У 1592 г. і 1611 г. партугальцы на кароткі час авалодвалі Канды, але былі вымушаны адступіць. У 1630 г. іх экспедыцыя ўглыб вострава скончылася поўным правалам.
У XVII ст. у Партугаліі ўзнік моцны супернік у Індыйскім акіяне — маладая еўрапейская дзяржава Нідэрланды. У 1603 г. экспедыцыя галандскай Ост-Індскай кампаніі спынілася ва усходнім порце Батыкалоа. Галандцы паспяхова заключылі дагавор з уладаром Канды аб сумесным саюзе супраць партугальцаў і манапольным праве на гандаль кандыйскай карыцай. Аднак сварка паміж сінгаламі і галандцамі прывяла да забойства галандскага адмірала. Далейшыя перагаворы вяліся выпадкова, а рашэнніа не выконваліся абодвума бакамі. Сталыя кантакты ўзнавіліся толькі ў 1636 г., прычым па ініцыятыве валадара Канды, Раджасімхі II (1629—1687 гг.). Іх вынікам сталі ўзнаўленне дагавора ў 1638 г. і паспяховыя сумесныя ваенныя дзеянні пры аблозе Батыкалоа (1639 г.) і Гале (1640 г.). Аднак планы Раджасімхі II авалодаць Трынкамалі не спраўдзіліся. Галандцы спярша запатрабавалі высокую плату за свой удзел, а потым заключылі з Партугаліяй шэраг дамоў (1644—1645 гг.), якія гарантавалі ім частку іх тэрытарыяльных дамаганняў[13].
Мір паміж еўрапейцамі не быў трывалым, і ў 1656 г. Нідэрланды адабралі ў партугальцаў Каломба. Раджасімха II, які сам прэтэндаваў на гэты горад, быў моцна пакрыўджаны. У 1658 г. галандцы захапілі Джафну. Такім чынам, у іх руках апынулася амаль усё ўзбярэжжа вострава, а разам з ім і кантроль над знешнім гандлем Шры-Ланкі. Раджасімха II з-за няўдалага саюзу з новымі каланізатарамі згубіў давер падданых і быў вымушаны да канца жыцця змагацца са змовамі і паўстаннямі. Яго спадкаемцы шукалі саюзнікаў у Францыі і Вялікабрытаніі. У 1739 г. да ўлады ў Канды прыйшла дынастыя Наякаў, якія спавядалі будызм, але мелі тамільскае паходжанне.
У адрозненні ад партугальцаў, галандцы не праводзілі жорсткую палітыку хрысціянізацыі, да таго ж дапушчалі мясцовае самакіраванне, у якім абмежаваны ўдзел бралі тамілы і сінгалы. Дзякуючы гэтаму на ўзбярэжжы склаўся даволі шырокі пласт бюргераў і малайцаў, які размаўляў на змяшанай гаворцы і атаесамляў свой поспех з каланіяльнымі ўладамі. Для аховы каланіяльных тэрыторый прыцягваліся наёмнікі-малайцы. Дзякуючы галандскім плантатарам на востраве з’явілася кававае дрэва.
Брытанская Ост-Індская кампанія выношвала планы акупацыі галандскіх зямель Шры-Ланкі з 80-ых гг. XVIII ст. У 1785 г. Нідэрланды былі заняты войскамі рэвалюцыйнай Францыі, а абвешчаная на іх тэрыторыі Батаўская рэспубліка далучылася да Францыі ў барацьбе з Вялікабрытаніяй. У адказ, брытанцы занялі ў 1796 г. Джафну і Каломба. Саюзныя брытанцам войскі Канды былі падманам пазбаўлены магчымасці ўдзельнічаць у баях. Таму Кандыйская манархія не магла прэтэндаваць нават на частку прыбярэжных зямель. Брытанцы падоўжылі кантракт з галандскімі чыноўнікамі і малайскімі ваеннымі. У 1798 г. была створана асобная брытанская цывільная адміністрацыя для кіравання калоніяй.
Апошні манарх Канды, Шры Вікрама Раджасінха з дынастыі Наякаў (1798—1815 гг.), прыйшоў да ўлады ў выніку інтрыг. Яго жорсткае кіраванне выклікала незадаволенасць падданых і суправаджалася змовамі і выступленнямі арыстакратыі. Брытанцы скарысталіся гэтай сітуацыяй. Іх умяшанне ў справы сінгальскай дзяржавы прывяла да войн 1803—1805 і 1815 гг. Прычым, у 1815 г. была заключана дамова з прадстаўнікамі прыдворных Канды, якая ўключала пункты аб перадачы ўлады ад Шры Вікрамы Раджасінхі да брытанскага губернатара і захаванні будызму ў якасці дзяржаўнай рэлігіі. У выніку, манарх быў вымушаны зрачыся, быў адпраўлены ў Індыю, дзе і памёр у 1832 г. У 1817—1818 гг. у землях, якія належалі Канды, успыхнула паўстанне супраць Вялікабрытаніі. Пасля яго задушэння брытанцы адсунілі мясцовую арыстакратыю ад кіравання.
Брытанскія ўлады праводзілі даволі складаную палітыку рэфарміравання. Спярша, яны запазычвалі вопыт галандцаў, якія абапіраліся на мясцовых землеўладальнікаў. Разам з тым, была праведзена рэлігійная рэформа. Былі зняты забароны на спавяданне любой веры, у тым ліку індуізму і каталіцызму, будысцкая абшчына аддзелена ад дзяржавы. У 1811 г. быў уведзены суд прысяжных. У 1844 г. адменена рабства. Брытанцы пабудавалі сетку дарог і стварылі буйныя камерцыйныя плантацыі. Асабліва паспяховым стаў вопыт вырошчвання ў горнай мясцовасці чая, які ператварыўся ў галоўную экспартную культуру ў кан. XIX ст. Для працы на плантацыях увозіліся рабочыя-тамілы з Індыі, што спрыяла павелічэнню тамільскай абшчыны. Тамілы часцей, чым сінгалы супрацоўнічалі з каланіяльнай адміністрацыяй[14].
На чале мясцовых ўладаў стаяў брытанскі генерал-губернатар, які спярша прызначаўся Ост-Індскай кампаніяй, а потым Міністэрствам па справах калоній. Пры ім існавалі Заканадаўчы і Выканаўчы саветы. З 1833 г. у Заканадаўчы савет ўваходзіла 3 (з 15 членаў) прадстаўніка ад землеўладальнікаў карэннага паходжання. Для працы ў адміністрацыі патрабавалася адукацыя на англійскай мове. У пач. XX ст. рух за палітычныя рэформы вымусіў брытанскую адміністрацыю пайсці на далейшыя змены. У 1910 г. карэнным жыхарам было дазволена мець прадстаўніцтва ў Выканаўчым савеце, было таксама пашырана іх прадстаўніцтва ў Заканадаўчым савеце.
Палітычныя і эканамічныя змены востра перажываліся будысцкай іерархіяй, якая была пазбаўлена дзяржаўнай падтрымкі, страціла значную частку сваіх зямель і цярпела канкурэнцыю з боку хрысціянскіх місіянераў. Але ў друг. пал. XIX ст. пачаўся перыяд узнаўлення, які стымуляваў цікавасць шры-ланкійскіх інтэлектуалаў не толькі да рэлігіі, але таксама да культуры і гісторыі сваёй краіны.
Асабліва актыўную дзейнасць праводзіў Срыматх Анагарыка Дхармапала (1864—1933 гг.). Ён не быў манахам, аднак падтрымліваў лад жыцця, які набліжаў яго да духавенства. У адказ на разбурэнне традыцыйнага грамадства еўрапейскімі норавамі, Дхармапала прапаведаваў будысцкія каштоўнасці, але ў той жа час прапагандаваў павелічэнне ролі звычайных парафіян у жыцці будысцкай арганізацыі, рацыяналізм, згоду з навукай, адраджэнне сінгальскай культуры і супраціўленне брытанскім новаўводзінам. Дзякуючы знаёмству з Аленай Блавацкай і Генры Стылам Олкатам, Дхармапала прыцягнуў увагу амерыканскай і еўрапейскай грамадскасці да праблем будызму. У яго публікацыях і прамовах будызм на востраве атаясамляўся выключна з сінгаламі і рэзка супрацьпастаўляўся іншым рэлігіям, у першую чаргу індуізму і ісламу. Гэта аказала значны ўплыў на далейшае развіццё сінгальскага нацыяналізму, які арыентаваўся не толькі на дзяржаўны або этнічны, але і рэлігійны фактар[15][16].
Рух за незалежнасць узнік ў гады I Сусветнай вайны. У 1915 г. на ўзбярэжжы ўспыхнуў гвалтоўны канфлікт паміж сінгаламі і гандлярамі-мусульманамі. Брытанцы прынялі бок мусульман і арыштавалі шэраг сінгальскіх лідараў, у тым ліку тых, кто на самой справе імкнуўся да міру паміж абшчынамі. Гэта прымусіла мясцовых актывістаў аб’яднацца супраць каланіяльнай адміністрацыі. Узнікла некалькі сінгальскіх арганізацый, а таксама Цэйлонская Ліга Рэформ на чале з тамілам, былым супрацоўнікам адміністрацыі Панамбламам Аруначаламам (1853—1924 гг.)[17]. У 1919 г. яны сумеснымі намаганнямі стварылі Цэйлонскі Нацыянальны Кангрэс (ЦНК), які запатрабаваў самакіравання калоніі. У 1921 г. тамілы пакінулі яго склад, і ў далейшым дзейнічалі самастойна. Аднак брытанская адміністрацыя была пайшла на некаторыя саступкі. У 1923 г. пачала дзейнічаць новая Канстытуцыя. Заканадаўчы савет быў зноў пашыраны. Большасць членаў выбіралася па тэрытарыяльнай прыкмеце, а не ад рэлігійнай абшчыны. Правам выбараў маглі скарыстацца толькі 4 % мясцовага насельніцтва
У развіцці мясцовага руху за незалежнасць важную ролю адыграла суседства з Індыяй, дзе ў міжваенны перыяд разгарнулася шырокая грамадская кампанія супраць панавання Вялікабрытаніі. З аднаго боку, гэта падштурхоўвала шры-ланкійцаў, асабліва на поўначы, дзе ў 1924 г. студэнтамі-таміламі быў створаны радыкальны Маладзёжны Кангрэс Джафны (МКД), які запатрабаваў сацыяльных змен і ўвядзення ўсеагульнага выбарчага права. У 1927 г. Джафну наведаў Махатма Гандзі. З іншага боку, брытанцы асцерагаліся, што згубы кантролю за сітуацыяй і паўтарэння індыйскага сцэнара. Таму Канстытуцыя 1931 г. прадугледжвала стварэнне Дзяржаўнага савета, куды выбары адбываліся шляхам усеагульнага галасавання па тэрытарыяльнай прыкмеце. Гэта аўтаматычна давала перавагу сінгалам, якія складалі большасць насельніцтва. Таму МКД правёў паспяховую кампанію байкота выбараў сярод тамілаў у 1931 г. Па прыкладу МКД пачалі стварацца кангрэсы і саюзы моладзі ў іншых частках Шры-Ланкі. Яны падтрымлівалі забастоўкі, друкавалі нерэгулярныя часопісы і газеты. У 1933 г. яны арганізавалі рух Сурыя Мал супраць ахвяравання грошаў на падтрымку брытанскіх ветэранаў.
У 1939 г. Вялікабрытанія ўступіла ў II Сусветную вайну. Шры-Ланка стала важнай стратэгічнай базай для брытанскіх ваенных частак у барацьбе супраць Японіі. Жыхары Шры-Ланкі прымалі ўдзел у баявых дзеяннях у краінах Азіі і ў Заходняй Еўропе. Не меней важнымі былі сродкі, якія паступалі з Шры-Ланкі ў метраполію на ваенныя мэты. ЦНК выкарыстаў гэту сітуацыю і ў 1942 г. запатрабаваў ад Вялікабрытаніі самакіравання для Шры-Ланкі пасля заканчэння вайны.
4 лютага 1948 г. быў абвешчаны дамініён — форма самакіравання, якая прадугледжвала захаванне на востраве шырокіх правоў брытанскай манархіі. Са Шры-Ланкі не былі выведзены брытанскія войскі. Афіцыйнай мовай заставалася англійская. З-за нязгоды з боку СССР дамініён не здолеў ў 1948 г. далучыцца да ААН.
Канчаткова брытанцы пакінулі Шры-Ланку ў 1957 г.
Пасляваенны перыяд характарызаваўся канкурэнтнай палітычнай барацьбой паміж Аб’яднанай Нацыянальнай партыяй (АНП), створанай у 1946 г. адным з лідараў сінгальскага руху Донам Стывенам Сенанаяке (1884—1952 гг.), і тамільскімі арганізацыямі, якія адрозніваліся ўсё большым радыкалізмам. На выбарах 1947 г. АНП атрымаў перамогу, і Д. С. Сенанаяке стаў першым прэм’ер-міністрам. Пасля яго смерці гэты пост заняў яго сын Дадлі Шэлтан Сенанаяке (1911—1973 гг.). Абвастрэнне эканамічнай сітуацыі ў 1953 г. выклікала шырокія пратэсты, што прымусіла Д. Ш. Сенанаяке на некаторы час пакінуць палітыку.
У 1956 г. АНП пацярпела паражэнне на выбарах. Большасць галасоў атрымала кааліцыя сінгальскіх нацыяналістычных партый на чале з Саламонам Дыясам Бандаранаіке (1899—1959 гг.), які нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і, аднак спавядаў ідэалогію, блізкую да ідэй Дхармапалы. Ён заняў пост прэм’ер-міністра і пачаў праводзіць палітыку, накіраваную на дасягненне большай самастойнасці ад Вялікабрытаніі. Дамініён быў абвешчаны нейтральнай дзяржавай. Брытанскія ваенныя былі вымушаны пакінуць Шры-Ланку. Дзяржаўнай мовай замест англійскай была абвешчана сінгальская, што, аднак, выклікала незадаволенасць сярод бюргераў і тамілаў. Тамільскія палітыкі абвясцілі кампанію грамадзянскага супраціву. 22 мая — 27 мая адбыліся пагромы тамілаў з боку сінгальскага насельніцтва. Гэта было першае масавае гвалтоўнае этнічнае сутыкненне пасля XVIII ст. 26 верасня 1959 г. Саламон Дыяс Бандаранаіке быў застрэлены будысцкім манахам. У 1960 г. кабінет міністраў узначаліла яго ўдава Сірымава Дыяс Бандаранаіке (1916—2000 гг.). Яна працягвала палітыку мужа — праводзіла нацыяналізацыю найбольш важных галін эканомікі, а ў 1964 г. заключыла з Індыяй дагавор аб рэпатрыяцыі 600 тыс. тамілаў.
На датэрміновых выбарах 1965 г. перамогу атрымала АНП на чале з Д. Ш. Сенанаяке ў кааліцыі адначасова з сінгальскімі і тамільскімі нацыяналістамі. У 1970 г. С. Д. Бандаранаіке вярнулася да ўлады дзякуючы падтрымцы сацыялістычных партый. У красавіку 1971 г. успыхнула ўзброенае камуністычнае паўстанне. Урад аднавіў кантроль за сітуацыяй у краіне толькі праз 2 тыдні. Было абвешчана надзвычайнае становішча, якое працягвалася да 1977 г. Духоўны лідар паўстанцаў Рахана Віджэвеера (1943—1989 гг.) знаходзіўся пад арыштам да пачатку паўстання, але ў выніку яму прысудзілі 20 гадоў зняволення (быў выпушчаны ў 1977 г.).
22 мая 1972 г. была абвешчана Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка. С. Д. Бандаранаіке праводзіла сацыялістычныя рэформы, якія, аднак, не прынеслі плёну. У 1977 г. АНП вярнула ўладу. У 1980 г. С. Д. Бандаранаіке была абвінавачана ў злоўжываннях і згубіла магчымасць удзельнічаць у палітыцы. У 1978 г. парламент зацвердзіў новую Канстытуцыю. Шры-Ланка стала прэзідэнцкай краінай. Тамільская мова атрымала афіцыйны статус на частцы яе тэрыторыі.
У ліпені 1983 г. баявікі з «Тыгры вызвалення Таміл-Ілама» забілі 13 салдат, што стала пачаткам шматгадовай кровапралітнай грамадзянскай вайны паміж таміламі і сінгаламі. У 1987—1989 гг. адбылося яшчэ адно паўстанне на чале з Р. Віджэвеера. У 1987—1990 гг. на поўначы Шры-Ланкі дзейнічалі індыйскія сілы па падтрымцы міру. Грамадзянская вайна скончылася толькі ў 2009 г. дзякуючы рашучым дзеянням арміі і ўрада на чале з прэзідэнтам Махіндам Раджапаксам (нар. 1945 г.).
Шры-Ланка сур’ёзна пацярпела ў выніку цунамі 26 снежня 2004 года. Загінула каля 40.000 чалавек, 1.500.000 засталося без прытулку, інфраструктура ўсходняга і паўднёвага ўзбярэжжа была практычна разбураная. Шры Ланка звярнулася за дапамогай у пераадоленні наступстваў катастрофы да міжнароднай супольнасці. Яна была аказана, у тым ліку з боку Рэспублікі Беларусь[18].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.