Гэлы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гэ́лы (ірл.: Gaeil, мэнск.: Gaeil, шатл. гэл.: Gàidheal) — тэрмін, якім пазначаецца этнапляменная супольнасць[1] і ўзніклы пазней шэраг асобных кельцкіх этнасаў, якія размаўляюць на мовах гайдэльскай падгрупы астраўной групы кельцкай галіны індаеўрапейскай сям’і моў або носьбіты гэтых моў. Гістарычна — адзіная этнапляменная група, якая існавала ў раннесярэднявечнай Ірландыі, пасля чаго неўзабаве гэльскія плямёны пашырылі тэрыторыю свайго пражывання за кошт засялення суседняга з Ірландыяй паўднёвага захаду сучаснай Шатландыі (гл. Дал Рыяда). У часы Сярэднявечча гэльскае насельніцтва і культура атрымалі перавагу на тэрыторыях Ірландыі, Шатландыі, а таксама востраву Мэн, пасля чаго пачаўся працэс распаду гэльскай супольнасці на тры асобныя роднасныя этнасы — ірландцаў, шатландцаў і мэнцаў.
На цяперашні час тэрмін гэлы (англ.: Gael, Gaels) часта выкарыстоўваецца ў дачыненні толькі носьбітаў гэльскай шатландскай мовы. У 1882 годзе брытанскім кельтолагам валійскага паходжання Дж. Расам у якасці сукупнага пазначэння ўсіх носьбітаў гайдэльскіх моў быў прапанаваны тэрмін гойдэлы (англ.: Goidels), які з цягам часу замацаваўся ў гістарыяграфіі і, у прыватнасці, у кельталогіі.