From Wikipedia, the free encyclopedia
Францыя — краіна ў Заходняй Еўропе, што ўключае ў сябе таксама некалькі заморскіх рэгіёнаў і тэрыторый. Метрапольная тэрыторыя Францыі распасціраецца ад Міжземнага мора да Ла-Манша і Паўночнага мора, і ад Рэйна да Атлантычнага акіяна. Гэта адна з трох краін, разам з Марока і Іспаніяй, якая мае выхад да Атлантыкі і Міжземнага мора адначасова. Францыя мяжуе з Бельгіяй, Люксембургам, Германіяй, Швейцарыяй, Італіяй і Манака на ўсходзе, Андорай і Іспаніяй на поўдні, і аддзеленая пралівам Ла-Манш ад Вялікабрытаніі на поўначы.
Таксама ў Францыю ўваходзяць тэрыторыі, размешчаныя ў розных частках свету. Да заморскіх тэрыторый адносіцца Французская Гвіяна і шэраг астравоў у Карыбскім моры, Індыйскім і Ціхім акіянах.
У Францыі прадстаўлены тры розных тыпы рэльефу — высокія горы, старажытныя плато і раўніны.
Асноўныя горныя масівы: Альпы, Пірэнеі, Юра, Ардэны, Цэнтральны масіў і Вагезы. Пірэнеі, Альпы і Юра — горы альпійскай сістэмы. Цэнтральны Французскі масіў, Армарыканскі масіў, Вагезы і Ардэны — разбураныя рэшткі старажытных герцынскіх гор.
На поўначы і захадзе краіны размешчаны раўніны і нізкагор’і, якія займаюць 2/3 ад усёй тэрыторыі. Парыжскі басейн (Паўночна-Французская нізіна), Гаронская нізіна (Аквітанскі басейн) і грабен Роны і Соны — раўніны з малымі амплітудамі вышынь. Парыжскі басейн знаходзіцца ў атачэнні Армарыканскага масіва, Цэнтральнага масіва, Вагезаў і Ардэн. Зрэшты, наяўнасць узнятых тэрыторый не з’яўляецца перашкодай для сувязяў паміж раўнінамі. Вакол Парыжа размешчана сістэма канцэнтрычных уступаў град, якія раздзелены вузкімі палоскамі раўнін (куэставы рэльеф). Гаронская нізіна, размешчаная на паўднёвым захадзе Францыі ля падножжа Пірэней, — раўнінны раён з урадлівымі глебамі. Ланды — трохкутная нізіна на паўднёвым захадзе ад ніжняй плыні Гароны, вылучаецца меней урадлівымі глебамі і засаджана хваёвымі лясамі.
Францыя знаходзіцца ва ўмераным (поўнач і цэнтр) і субтрапічным (поўдзень) кліматычных паясах. Умераны клімат мае выразны марскі характар: мяккія тэмпературныя кантрасты і багатыя ўстойлівыя ападкі на працягу ўсяго года. Субтрапічны пояс класічна міжземнаморскі: гарачае сухое лета і вільготная прахалодная зіма. Над тэрыторыяй Францыі адбываецца бесперапыннае барацьба паміж масамі акіянічнага паветра з захаду, кантынентальнага — з усходу і міжземнаморскага — з поўдню. Клімат любой часткі краіны залежыць ад перавагі той або іншай тэндэнцыі, хоць адбіваецца таксама ўплыў вышыні і мясцовых умоў.
Акіянічны ўплыў дамінуючы. Ён выяўляецца ва ўсталяванні цёплага вільготнага надвор’я. Заходнія паветраныя масы, праходзячы над цёплымі водамі Паўночна-Атлантычнага цячэння (працяг Гальфстрыму), насычаюцца вільгаццю. Над акіянам гэтае паветра ўлетку астуджаецца, а ўзімку награецца. У выніку пры распаўсюджванні заходніх паветраных мас рэдка назіраюцца экстрэмальныя тэмпературы. Напрыклад, у Брэсце сярэдняя тэмпература студзеня 7 °C, ліпеня — 17 °C. Тут вільготна, за год налічаецца 185 дзён з ападкамі, а агульная сума ападкаў дасягае 840 мм. Большая частка ападкаў церусіць зацяжным дробным дажджом. Неба звычайна зацягнута аблокамі, снегапады і маразы бываюць рэдка.
Кантынентальны ўплыў суправаджаецца сухім надвор’ем з больш рэзкімі тэмпературнымі кантрастамі. Паветраныя масы, якія паступаюць з усходу з шырокіх унутраных частак Еўразіі, прыносяць мала вільгаці. Пры гэтым узімку ўсталёўваецца халоднае надвор’е, а ўлетку — гарачае. Напрыклад, у Страсбургу сярэдняя тэмпература студзеня −1 °C, і ўзімку перыяд з тэмпературамі ніжэй 0 °C звычайна складае 80 дзён, уключаючы не менш за 20 дзён са снегам. Аднак лета ў Страсбургу гарачае і часта душнае, характэрныя моцныя дажджы.
Міжземнаморскі ўплыў распаўсюджваецца на прыморскую зону шырынёй 160 км на поўдні Францыі. Зімы тут мяккія і вільготныя, хоць большая частка ападкаў выпадае ў выглядзе непрацяглых ліўняў, а ў прамежках паміж імі стаіць яснае надвор’е. Лета гарачае і сухое. Напрыклад, у Марселі сярэдняя тэмпература студзеня 7 °C, а ліпеня 22 °C, хоць днём тэмпература часам павышаецца да 38 °C. Сярэдняя гадавая сума ападкаў складае 580 мм, за год налічваецца 95 дзён з ападкамі. Містраль, халодны вецер, які часам дзьме з поўначы ўзімку і ўвесну, прыносіць незвычайна халоднае надвор’е на міжземнаморскае ўзбярэжжа Францыі.
Месцамі клімат істотна змяняецца з вышынёй — у такіх горных раёнах, як Вагезы, Юра, Цэнтральны масіў, Пірэнеі і Альпы. У цэлым з вышынёй тэмпература паніжаецца, а колькасць ападкаў павялічваецца. У Альпах нават у разгар лета днём бываюць нізкія тэмпературы і моцныя снегапады. Большая частка снегу ўвесну і ўлетку растае, але на вялікіх вышынях снег захоўваецца, развітыя ледавікі. Манблан пакрыты снегам круглы год.
У Францыі чатыры вялікіх ракі — Сена, Луара (найдаўжэйшая, 1012 км), Гарона і Рона. Буйныя марскія парты Гаўр, Нант, Бардо і Марсель размешчаныя ў вусцях (пераважна, эстуарыях, толькі ў Роны — дэльта) гэтых рэк. Сена дрэнуе Парыжскі басейн і ўпадае ў Атлантычны акіян паблізу Гаўра. Яна адрозніваецца раўнамерным размеркаваннем сцёку на працягу года, што спрыяе суднаходству, і злучаная каналамі з іншымі рэкамі. Луара бярэ пачатак у Цэнтральным Французскім масіве, перасякае паўднёвую частку Парыжскага басейна і ўпадае ў Атлантычны акіян каля Нанта. Узровень вады ў гэтай рацэ моцна вагаецца, таму часта бываюць паводкі. Гэта характэрна і для Гароны, якая пачынаецца ў Пірэнеях, перасякае Гароннскую нізіну і ўпадае ў Атлантычны акіян каля Бардо. Рона бярэ пачатак у Швейцарыі і, выцякаючы з Жэнеўскага возера, трапляе на тэрыторыю Францыі. Яна злучаецца з Соной паблізу Ліёна і ўпадае ў Міжземнае мора каля Марселя. Рона адрозніваецца хуткай плынню і валодае вялікім гідраэнергетычным патэнцыялам. На гэтай рацэ збудаваны шэраг гідраэлектрастанцый.
Сістэма каналаў злучае паміж сабой асноўныя рэкі краіны, уключаючы раку Рэйн, па якой збольшага праходзіць мяжа з Германіяй і якая з’яўляецца адным з найважнейшых унутраных шляхоў зносін у Еўропе. Рэкі і каналы маюць вялікае значэнне для эканомікі Францыі.
У Францыі захаваліся толькі рэшткі велічных лясоў, якія некалі пакрывалі раўніны і нізкія горы. Большая частка раўнін разараная, а ўчасткі лесу прымеркаваныя да бяднейшых глеб. Аднак раўнінныя раёны Францыі зусім не пазбаўленыя дрэў: уздоўж дарог і каналаў звычайна цягнуцца лесапасадкі. Яны асабліва тыповыя для краявідаў Нармандыі і Брэтані.
Найбольш своеасаблівая расліннасць міжземнаморскага ўзбярэжжа, дзе могуць існаваць толькі расліны, здольныя пераносіць працяглую летнюю засуху. Замест лясоў тут растуць ізаляваныя невысокія дрэвы і хмызнякі, паміж якімі сустракаюцца выхады скальных парод. Самыя характэрныя дрэвы — масліна, коркавы дуб і алепская хвоя.
У гарах каля снеговой лініі распаўсюджаныя аголеныя скальныя субстраты з імхамі і лішайнікаў. Далей уніз па схілах, але ўсё жа вышэй верхняй мяжы лясы альпійскія лугі выкарыстоўваюцца для пашы авечак і буйной рагатай жывёлы. Ніжэй верхняй мяжы лесу больш высокі пояс прадстаўлены хвойнымі лясамі з хвоі, лістоўніцы, піхты і елкі, ля самай мяжы іх рост запавольваецца і пераважае крывалессе, але з паніжэннем вышыні дрэвы становяцца вышэйшымі і зграбнейшымі. Яшчэ ніжэй хвойныя лясы змяняюцца шыракалістымі з дуба, бука і каштана.
Жывёльны свет Францыі моцна збеднены ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека. Тым не менш тут дзікая фаўна захавалася лепш, чым у суседніх краінах. Сустракаюцца сярэднееўрапейскія, міжземнаморскія і альпійскія віды жывёл, асабліва шмат іх у запаведніках і нацыянальных парках. Напрыклад, у Заходне-Пірэнейскім парку жывуць бурыя мядзведзі і сарны, у Нацыянальным парку Вануаз у Савоі — горныя казлы.
З драпежных жывёл на тэрыторыі Францыі распаўсюджаныя лісіца, барсук, выдра, а на поўдні — генета. З грызуноў характэрныя вавёркі, пацукі і мышы. У паўднёвых раёнах шмат кажаноў. Месцамі захаваліся зайцы, а з капытных у асобных буйных лясных масівах сустракаюцца высакародны алень, казуля, дзік і бабёр. На в. Корсіка ў гарах водзяцца муфлоны, або дзікія бараны (ад якіх, верагодна, пайшлі хатнія авечкі).
Вельмі багаты і разнастайны свет птушак. У гарах Францыі захаваліся буйныя птушыныя драпежнікі. Выключным багаццем вадаплаўных і іншых птушак адрозніваецца раён Камарг у дэльце Роны.
Рыбныя рэсурсы Францыі моцна спустошаны. Большую частка ўлову ў рэках і азёрах складае стронга, якую разводзяць штучна. У Біскайскім заліве вядзецца здабыча сардзін, камбалы і селядцоў, а таксама амараў, крэветак і малюскаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.