Выдавецтва «Нашай Нівы»
From Wikipedia, the free encyclopedia
Выдаве́цтва «На́шай ні́вы» — беларускае выдавецтва, якое існавала ў Вільні ў 1907—1913 гадах пры газеце «Наша ніва». Выдавала мастацкую, навукова-папулярную і сельскагаспадарчую літаратуру, календары[1].
Выдавецтва «Нашай нівы» | |
---|---|
Краіна |
![]() |
Заснавана | 1907 |
Адрас | Вільня |
Спрычынілася да выдання больш 40 беларускіх кніг. Сцяпан Александровіч вызначае 33 выдання «Нашай нівы» і адначасова прыводзіць факты, што пры ўдзеле рэдакцыі газеты выйшлі яшчэ не менш за сем кніг: «Песні-жальбы» Якуба Коласа, «Снатворны мак» Кандрата Лейкі, «Чыжык беларускі» Гальяша Леўчыка, «Вянок» Максіма Багдановіча, «Калядная пісанка», «Ян Баршчэўскі — першы беларускі пісьменнік ХІХ стагоддзя» і «Адам Ганоры Кіркор» Рамуальда Зямкевіча. Выданні атрымлівалі паліграфічнае ўвасабленне ў друкарнях Марціна Кухты, «Прамень» і «Znicz»[2].
Асобнымі адбіткамі газетных артыкулаў былі перакладзеныя на беларускую мову выданні «Зямельная справа ў Новай Зеландыі» (1907, пералажыў з украінскай мовы А. Б.), «Гедалі» Э. Ажэшкі (1907), «Казка аб вадзе» Э. Беламі (1907), «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне» Д. Дарашэнкі (1909), «Гутаркі аб гаспадарцы» Семпалоўскага (1909, пералажыў з польскай мовы Антось Асіна (А. Карніцкі)) (выйшлі ў друкарні Марціна Кухты)[3].
У 1912 годзе выйшлі кірыліцай і лацінкай 2 зборнікі мастацкіх твораў, надрукаваных у газеце. За 1910, 1911, 1912 і 1913 гады выйшлі кірыліцай і лацінкай «Беларускія календары» аб’ёмам ад 86 да 120 старонак і тыражом ад 4000 да 8000 экземпляраў. Календары складаліся з раздзелаў: агульныя звесткі, важнейшыя кірмашы на Беларусі, статыстычны і юрыдычны раздзелы, парады для гаспадароў, бацькам і маткам. У 1911—1912 гадах у друкарні «Прамень» коштам Т. Г. выйшлі кнігі Т. Гушчы «Апавяданні», Ядвігіна Ш. «Бярозка», «Беларускія казкі», А. Амфітэатрава «Хілібертава пакута», Маліноўскага «Як багацеюць чэшскія сяляне»[4].
З 1912 года выдавала часопіс «Саха». Спыніла дзейнасць у сувязі з заснаваннем на яго базе Беларускага выдавецкага таварыства[5].