From Wikipedia, the free encyclopedia
Бітва ў Тэўтабургскім лесе — бітва ў верасні 9 года паміж германцамі і рымскай арміяй.
Бітва ў Тэўтабургскім лесе | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: заваяванне Германіі | |||
| |||
Дата | верасень[1] 9 года | ||
Месца | Брамшэ (Тэўтабургскі лес, Германія) | ||
Вынік |
знішчэнне рымскай арміі Адмова Рыма ад заваявання Германіі |
||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нечаканым нападам германцаў, на чале з правадыром херускаў Армініям, на рымскае войска ў Германіі на маршы праз Тэўтабургскі лес, 3-ы легіёны былі знішчаны, іх камандуючы Квінтылій Вар скончыў самагубствам. Вынікам бітвы было вызваленне Германіі з-пад улады Рымскай імперыі і пачатак працяглай вайны Імперыі з германцамі. Урэшце, германскія землі захавалі незалежнасць, а Рэйн стаў паўночнай мяжой Рымскай імперыі на захадзе.
У валадарства першага рымскага імператара Аўгуста яго палкаводзец, будучы імператар Тыберый, да 7 года да н.э. пакарыў Германію ад Рэйна да Эльбы, паводле Велея Патэркула, гэта адбылося без значных страт для рымскага войска, а краіна была абкладзена подаццю і даведзена амаль да стану рымскай правінцыі[2].
У 5 годзе была заснавана імперская правінцыя Германія, пра палітычны лад якой амаль няма звестак. Вядомы даследчык Т. Момзен рэканструяваў яе, абапіраючыся на асобныя дэталі ў старажытнарымскіх крыніцах, па аналогіі з рымскай Галіяй.[3] У прырэйнскіх лагерах, а таксама ва ўмацаваных лагерах усярэдзіне Германіі размяшчаліся 5—6 рымскіх легіёнаў. Улетку рымляне здзяйснялі паходы ў вобласці германскіх плямёнаў для разбору судовых спраў, якія вялі рымскія юрысты паводле рымскіх законаў. Меркавалася перапісаць насельніцтва, абкласці яго падаткамі і арганізаваць прызыў германцаў у рымскае войска, як рабілася па ўсёй Імперыі.
Аднак Рым асцерагаўся моцнай дзяржавы, якая сфарміравалася на чале з правадыром маркаманаў Марабодам ў Байахэмуме (Багемія, сучасн. Чэхія).[4] Марабод пазбягаў адкрыта варожых дзеянняў адносна Імперыі, з іншага боку, ён не заключаў з Рымам саюзу і даваў прытулак ворагам Імперыі.
У 6 годзе рымляне арганізавалі ваенны паход супраць Марабода. Тыберый павёў 5 легіёнаў ад Дуная на поўнач, легіёны Гая Сенцыя Сатурніна з верхняга Рэйна павінны былі нанесці ўдар у фланг і тыл маркаманаў. Калі войскі Тыберыя выступілі супраць Марабода і ўжо блізка падышлі да яго ўладанняў, у Паноніі і Далмацыі нечакана ўспыхнула антырымскае паўстанне. Пра яго маштабы сведчыць Светоній, называе гэтую вайну самай цяжкай, якую вёў Рым пасля Пунічных, паведамляючы пра ўдзел 15 легіёнаў (больш паловы ўсіх легіёнаў Імперыі)[5]. Імператар Аўгуст прызначыў Тыберыя камандуючым войскамі для задушэння паўстання, з Марабодам заключаны ганаровы для яго мір.
Намеснікам Германіі ў адсутнасць Тыберыя быў прызначаны Публій Квінтылій Вар, быўшы праконсулам Сірыі. Паводле Велея Патэркула, Вар паходзіў з сям'і хутчэй вядомай, чым знатнай, і быў ад прыроды чалавекам мяккім, спакойнага нораву, непаваротлівым целам і духам, прыдатным хутчэй да лагернага адпачынку, чым да ваеннай дзейнасці. Вар любіў грошы, што даказала яго праконсульства ў Сірыі — бедным ён прыйшоў у багатую краіну, а вярнуўся багатым з беднай.[6]
Паводле Флора, Вар даволі неасцярожна выхваляўся тым, што можа ўтаймаваць дзікасць варвараў розгамі ліктараў і голасам глашатая, а Велей Патэркул ставіць яму ў віну ўцягненне ў працяглыя судовыя працэсы і страту пільнасці ў адносінах з германцамі.
Толькі ў 9 годзе Тыберый здолеў разграміць паўстанцаў у Паноніі і Далмацыі, але амаль адразу ж у верасні таго ж гады пачалося паўстанне ў Германіі.
Паўстанне германцаў падрыхтаваў і ўзначаліў Арміній, 25-гадовы сын правадыра херускаў Сігімера. Арміній служыў у рымскім войску, камандаваў атрадам германцаў, і заслужыў рымскае грамадзянства.[7] Квінтылій Вар яму цалкам давяраў, яны часта разам піравалі. Рымскі намеснік перанёс сваю стаўку ў землі херускаў (басейн ракі Везер), каб адтуль уладжваць спрэчкі паміж германскімі плямёнамі і арганізоўваць збор подацей.
Германцы паводзілі сябе мірна. Квінтылій Вар распыліў войскі па іх краіне для барацьбы з разбойнікамі, а Арміній тым часам падрыхтоўваў змову, пераконваючы іншых правадыроў выступіць супраць рымлян. Крыніцы не паведамляюць, якія менавіта плямёны змовіліся, паводле ўскосных сведчанняў, апроч херускаў гэта былі бруктэры, марсы і хаўкі.[8] Адзін са знатных херускаў Сегест, чыя дачка Туснельда была жонкай Армінія, папярэдзіў Вара аб небяспецы, але той палічыў гэта паклёпам на свайго саюзніка і не прыняў ніякіх мер.
Паводле задумы Армінія, спачатку паўсталі аддаленыя германскія плямёны. Быццам для барацьбы з імі Арміній сабраў войска і суправаджаў легіёны Вара, якія выступілі ў паход на паўстанцаў, але потым адстаў, чакаючы падыходу новых сіл. Ваенны гісторык Г. Дэльбрук мяркуе, што Вар выступіў не ў ваенны паход, а проста адводзіў войскі з цэнтральнай Германіі ў зімовыя лагеры бліжэй да Рэйна (як рабілася заўсёды), пра што сведчаць пара года і вялікі абоз з жанчынамі і дзецьмі.
Адстаўшы ад Вара, воіны Армінія перабілі асобныя рымскія атрады, пасля чаго нагналі на маршы рымскае войска, якое затрымліваў вялікі абоз.
Пэўна не вядома, колькі рымскіх салдатаў было ў маршавай калоне Вара. Велей Патэркул паведамляў пра гібель у Германіі 3-х легіёнаў[9], шасці кагорт і 3 конных атрадаў,[6] частка з іх магла быць знішчана ў іншых месцах (па-за калонай Вара). Гісторык Г. Дэльбрук ацэньвае сілы ў маршавай калоне Квінтылія Вара ў 12—18 тыс. салдат, а ўлічваючы абоз з жанчынамі і дзецьмі, павялічвае колькасць да 18—30 тысяч.[10]
Падрабязнасці 3-дзённай бітвы ў Тэўтабургскім лесе ёсць толькі ў «Гісторыі» Дыяна Касія. Германцы выбралі для нападу ўдалы момант, рымляне не чакалі, а моцны дождж узмацніў блытаніну ў калоне. Паводле Дыяна Касія, рымляне, як у мірны час, вялі за сабою мноства вазоў і ўючных жывёл, за калоннай ішла вялікая колькасць дзяцей, жанчын і іншай прыслугі, таму войска расцягнулася на вялікую адлегласць, яно наогул распалася на некалькі частак з прычыны моцнага дажджу і ўрагану.[11]
Германцы пачалі з абстрэлу рымлян з лесу, затым атакавалі ў рукапашную. Ледзь адбіўшыся, легіёны спыніліся і паводле свайго звычаю разбілі лагер на ноч. Большасць вазоў і частку маёмасці спалілі. На наступны дзень калона рушыла у больш арганізаваным парадку. Германцы не спынялі нападаў, але мясцовасць была адкрытай, нязручнай для засад.
На 3-ці дзень калона ўвайшла ў лясістую мясцовасць, дзе немагчыма было трымаць самкнуты баявы парадак, да таго ж зноў пайшоў праліўны дождж. Прамоклыя шчыты і лукі рымлян страцілі баяздольнасць, гразі заміналі руху абозу і цяжкаўзброеных салдат, тым часам лёгкаўзброеныя германцы рухаліся хутка. Рымляне спрабавалі ўзвесці абарончы вал і роў. Колькасць нападаючых павялічылася, да херускаў, даведаўшыся пра горкае становішча рымлян і ў спадзяванні на здабычу, падыходзілі новыя воіны. Параненыя Квінтылій Вар і яго афіцэры прынялі рашэнне закалоцца, каб не трапіць у ганебны палон. Пасля іх самагубства дэмаралізаваныя салдаты кідалі зброю і гінулі, амаль не абараняючыся. Прэфект лагера Цэйоній здаўся ў палон, легат Нумоній Вал з конніцай бег да Рэйна, кінуўшы пяхоту.
Германцы прынеслі ў ахвяру сваім багам палонных трыбунаў і цэнтурыёнаў. Тацыт піша пра шыбеніцы і ямы, на месцы апошняга бою засталіся развешаныя на дрэвах чарапы рымлян. Флор паведамляе, пра выключную лютасць германцаў адносна рымскіх суддзяў — адным выколвалі вочы, іншым адсеклі рукі, аднаму зашылі рот, перад гэтым выразаўшы язык — трымаючы ў руках язык, адзін з германцаў выклікнуў: «Урэшце ты перастаў шыпець, змяя!». Велей Патэркул адзначыў мужнасць аднаго палоннага — Кальд Цэлій, убачыўшы катаванні германцамі рымлян, разбіў сабе галаву звяном ланцуга, якім быў закуты, і адразу памёр[12].
Ацэнка рымскіх страт асноўваецца на колькасці падраздзяленняў Квінтылія Вара, якія патрапілі ў засаду, і вар'іруецца ў шырокіх межах. Найболей кансерватыўную ацэнку дае Г. Дэльбрук (18 тыс. салдат), верхняя ацэнка даходзіць да 27 тысяч.[13]
Германцы перабілі не ўсіх палонных рымлян. Прыкладна праз 40 гадоў пасля бітвы, у раёне верхняга Рэйна быў разбіты атрад хатаў, здзіўленыя рымляне знайшлі ў гэтым атрадзе палонных салдатаў з легіёнаў Вара.[14]
Паводле Флора, вынікам паражэння рымскіх легіёнаў у Тэўтабургскім лесе было тое, што Імперыя, якую не затрымліваў і бераг акіяна, была спынена на беразе ракі Рэйн.[15]
Аслабленыя 3-летняй Панонскай і Далмацкай вайной легіёны Імперыі знаходзіліся ў Далмацыі, далёка ад Германіі, таму з'явілася сур'ёзная пагроза ўварвання германцаў у Галію. Баяліся паходу германцаў на Італію, як колішняга нашэсця кімвраў і тэўтонаў. У Рыме імператар Актавіян Аўгуст спешна збіраў свежыя войскі, забяспечваючы мабілізацыю пакараннямі смерцю тых грамадзян, якія ўхіляліся ад яе.[16] Светоний у біяграфіі Аўгуста ярка перадаў роспач імператара, які настолькі бы зломлены, што некалькі месяцаў не стрыг валасоў і барады і не раз біўся галавою аб сцяну, усклікаючы: «Квінтылій Вар, вярні легіёны!».
На сярэднім Рэйне заставаліся толькі 2 легіёны легата Луцыя Аспрэната, які актыўна рыхтаваўся процістаяць пераправе германцаў у Галію і распаўсюджанню паўстання. Аспрэнат перакінуў войскі на ніжні Рэйн і заняў крэпасці ўздоўж ракі.
Паводле Дыяна Касія, германцаў затрымала аблога крэпасці Алізон у глыбіні Германіі. Рымскі гарнізон пад камандаваннем прэфекта Луцыя Цэцыдзія адбіў штурм, пасля беспаспяховых спроб авалодаць Алізонам большасць варвараў разышлася. Не чакаючы зняцця блакады, гарнізон у штармавую ноч прабіўся праз германскія пасты і паспяхова дасягнуў дыслакацыі рымскіх войскаў на Рэйне.
У 10 годзе Тыберый з легіёнамі здзейсніў паход у цэнтральную Германію, захапіў некаторых германскіх правадыроў, аднак галоўным вынікам яго экспедыцыі стала змяншэнне пагрозы ўварвання германцаў у Галію. Хоць трыумф, прысуджаны яму ў 12 годзе імператарам Аўгустам, быў прысвечаны галоўным чынам перамозе ў Панонскай вайне 6—9 гадоў, рымляне радаваліся найперш з нагоды адносна сціплых германскіх поспехаў.[17]
Арміній паслаў галаву Квінтылія Вара Марабоду, каб заахвоціць маркаманаў сумесна выступіць супраць Рыма, але той адмовіўся, праз некалькі гадоў быў выгнаны Армініям і знайшоў прытулак у Імперыі. Галаву Вара пахавалі ў яго фамільным склепе[18], астатніх загінулых рымскіх салдатаў пахавалі войскі рымскага палкаводца Германіка, які здзейсніў у 15 годзе паход супраць Армінія[19]. Германік захапіў цяжарную жонку Армінія, але сам Арміній пасля няўдалай бітвы адступіў[20].
Урэшце, Германія была назаўсёды страчана для Рымскай імперыі. Рымскія правінцыі Ніжняя і Верхняя Германіі размяшчаліся на левым беразе Рэйна, такім чынам знаходзіліся ў Галіі, насельніцтва там хутка раманізавалася. Рымская імперыя больш не спрабавала захапіць і ўтрымаць тэрыторыі за Рэйнам.
Напачатку XIX ст. правадыр паўсталых германцаў Арміній (пераназваны немцамі ў Германа[21]) стаў сімвалічнай постаццю, якая ў вачах немцаў адлюстроўвала ідэю нацыянальнага адраджэння і аб'яднання германскіх дзяржаў (падр.гл. Аб'яднанне Германіі, 1871). У бітве ў Тэўтабургскім лесе немцы бачылі сімвал перамогі германскіх народаў над спрадвечным раманскім ворагам, з якім асацыявалі імператара Напалеона, які да 1807 года заваяваў большую частку Еўропы.
Вялікую цікавасць да бітвы была не толькі ў нямецкай гістарыяграфіі, але і ў нямецкай культуры. У 1808 годзе Г. Клейстам напісана п'еса «Die Hermannsschlacht», у 1847 годзе з нагоды бітвы склалі песню «Als die Römer frech geworden». У 1875 годзе ў Дэтмольдзе ўстаноўлены 53-мятровы манумент у памяць бітвы. Манумент уяўляе сабою медную статую Армінія з узнятым мячом.
Месца, дзе адбылася бітва, назваў толькі Тацыт (Аналы, 1.60) — Saltus Teutoburgiensis (Тэўтабургскі лес), размешчаны дзесьці ў вярхоўях рэк Амізі (Эмс) і Лупіі (Ліпэ). Больш дакладнае месцазнаходжанне лесу было невядома, гісторыкі прапанавалі дзясяткі версій[23], але толькі ў 1987 годзе англійскі аматар-археолаг Тоні Клан (Tony Clunn) зрабіў знаходкі, якія дазволілі лакалізаваць месца лёсавызначальнай для гісторыі Германіі бітвы.
У мястэчку Калькрызэ[24] (паблізу мястэчка Брамшэ) на полі, вядомым у мясцовых жыхароў як Залатое за частыя знаходкі там старажытнарымскіх манет, Тоні Клан з металашукальнікам выявіў 162 срэбныя манеты, датаваныя часамі імператара Актавіяна Аўгуста ці больш раннімі, і 3 свінцовых ядра для прашчы. Ядры сведчылі пра прысутнасць у гэтым месцы рымскіх войскаў, што стала вырашальнай акалічнасцю для правядзення тут з 1989 года маштабных раскопак[25].
Было знойдзена некалькі тысяч прадметаў рымскай вайсковай амуніцыі, фрагменты мячоў, даспехаў, прылад, у тым ліку падпісаныя. Важнейшыя знаходкі — срэбная маска рымскага афіцэра-кавалерыста і манеты, адштампаваныя з адзнакай VAR. Даследнікі мяркуюць, што гэта пазначэнне імя Квінтылія Вара на адмысловых манетах, вырабленых часы яго кіравання Германіяй і прызначаных для дарэння легіянерам. Вялікая колькасць знаходак сведчыць пра разгром у гэтым месцы буйнага вайсковага падраздзялення рымлян, якое складалася прынамсі з аднаго легіёна, конніцы і лёгкай пяхоты. Выяўлена 5 групавых пахаванняў, на некаторых костках бачныя глыбокія рэзаныя сляды.
На паўночным схіле Калкрызскага ўзгорка, звернутага да месца бітвы, адкапаны рэшткі ахоўнага вала з торфу. Падзеі, якія тут адбыліся даволі пэўна датуюцца шматлікімі манетамі перыяду 6—20 гадоў. Паводле антычных крыніц, у гэты перыяд і ў гэтым рэгіёне была адзіная буйная параза рымскіх войскаў — разгром легіёнаў Квінтылія Вара ў Тэўтабургскім лесе.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.