Браўзер
праграма для прагляду вэб-старонак / From Wikipedia, the free encyclopedia
Вэб-аглядальнік або бра́ўзер (ад англ.: Web browser) — праграма для прагляду вэб-старонак, звычайна ў сетцы Інтэрнет. Браўзеры маюць функцыянал пошуку ў Сеціве, пераходу ад адной старонкі да іншай, спампоўкі файлаў; большасць браўзераў таксама надзелены магчымасцямі прагляду зместу FTP-сервераў. Браўзеры выкарыстоўваюцца на розных прыладах, такіх як настольныя камп’ютары, ноўтбукі, планшэты і смартфоны.
Браўзеры пастаянна развіваліся з часоў зараджэння Сеціва, і з яго ростам станавіліся ўсё больш важнай праграмай тыповага персанальнага камп’ютара. Сёння браўзер — комплексная праграма для апрацоўкі і вываду розных складнікаў вэб-старонкі, і для прадстаўлення інтэрфейса паміж вэб-сайтам і яго наведвальнікам. Амаль усе папулярныя браўзеры распаўсюджваюцца бясплатна ці ў камплекце з аперацыйнай сістэмай: Microsoft Edge разам з Windows, Mozilla Firefox бясплатна, Opera бясплатна, пачынаючы з версіі 8.50, Safari сумесна з Mac OS.
Паводле статыстыкі кампаніі StatCounter у снежні 2022 года на настольных камп’ютарах рыначная частка Google Chrome складала 66,14 %, Microsoft Edge — 10,98 %, Safari — 9,01 %, Firefox — 7,21 %, Opera — 3,3 %, 360 Safe — 1,03 %.[1] У той жа час статыстыка для усіх прылад, уключаючы смартфоны і планшэты, значна адрозніваецца ад статыстыкі для настольных камп’ютараў — так станам на снежань 2022 года на ўсіх прыладах рыначная частка Google Chrome складала 64,68 %, Safari — 18,29 %, Microsoft Edge — 4,23 %, Samsung Internet — 3,05 %, Firefox — 3,01 %, Opera — 2,25 %.[2]