Бразілія
краіна ў Паўднёвай Амерыцы / From Wikipedia, the free encyclopedia
Бразі́лія (парт.: Brasil), Федэраты́ўная Рэспу́бліка Бразі́лія (парт.: República Federativa do Brasil, слухацьⓘ) — найбуйнейшая краіна Паўднёвай Амерыкі і Лацінскай Амерыкі; пятая краіна свету па плошчы, шостая па колькасці насельніцтва. Бразілія мяжуе з усімі краінамі Паўднёвай Амерыкі за выключэннем Эквадора і Чылі. Сталіца — горад Бразіліа, найбуйнейшы горад — Сан-Паўлу. Дзяржаўная мова — партугальская. Гэта адзіная партугаламоўная краіна на амерыканскім кантыненце і найбуйнейшая лузафонная краіна свету.
| |||||
Дэвіз: «Ordem e Progresso» | |||||
Гімн: «Hino Nacional do Brasil» | |||||
Дата незалежнасці | 7 верасня 1822 (ад Партугаліі) | ||||
Афіцыйная мова | партугальская | ||||
Сталіца | Бразіліа | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Сан-Паўлу, Рыа-дэ-Жанэйра | ||||
Форма кіравання | Федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт | Жаір Балсанару вакантная пазіцыя | ||||
Плошча • Усяго • % воднай паверхні | 5-я ў свеце 8 514 877 км² 0,65% | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2019) • Перапіс (2007) • Шчыльнасць | 210.147.125[1] чал. (5-я) 189 987 291 чал. 25 чал./км² (151-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2018) • На душу насельніцтва |
$3,371 трлн[2] (8-ы) $16 111 (81-ы) | ||||
ІРЧП (2017) | 0,759[3] (высок.) (79-ы) | ||||
Валюта | Рэал | ||||
Інтэрнэт-дамен | .br | ||||
Код ISO (Alpha-2) | BR | ||||
Код ISO (Alpha-3) | BRA | ||||
Код МАК | BRA | ||||
Тэлефонны код | +55 | ||||
Часавыя паясы | -2…-4 |
Для Бразіліі характэрны надзвычайная разнастайнасць прыродных умоваў і багацце прыродных рэсурсаў (мінеральных, водных, лясных, агракліматычных). Гіганцкая экасістэма экватарыяльных лясоў Амазоніі робіць Бразілію сусветным лідарам па біяразнастайнасці. Зрэшты, тэмпы абязлесення тут таксама адныя з найвышэйшых у свеце.
Бразілія была калоніяй Партугаліі ад высадкі Педру Кабрала ў 1500 да пачатку XIX стагоддзя. Каланіяльная залежнасць была фактычна скасаваная ў 1808, калі Напалеон напаў на Партугалію і сталіца была перанесена з Лісабона ў Рыа-дэ-Жанэйра. У 1822-1889 была імперыяй, з 1889 — федэратыўная прэзідэнцкая рэспубліка, якой застаецца і сёння. Складаецца з 26 штатаў і адной федэральнай акругі. Стагоддзі іміграцыі з розных частак свету ператварылі Бразілію ў адну з найбольш этнічна стракатых краін свету.
Бразільская эканоміка лічыцца восьмай у свеце і па намінальным ВУП і па ВУП паводле пакупніцкай здольнасці. Краіна адносіцца да групы ключавых краін, што развіваюцца. Таксама эканамісты ставяць Бразілію ў шэраг новых індустрыяльных краін. Грашовая адзінка — бразільскі рэал. Бразілія — індустрыяльна-аграрная дзяржава. Ключавое значэнне ў эканоміцы маюць такія галіны прамысловасці як машынабудаванне (аўтамабілі, самалёты), гідраэнергетыка, металургія. Важную ролю працягвае адыгрываць сельская гаспадарка: краіна з’яўляецца адным з галоўных збожжавых раёнаў Амерыкі; займае першае месца ў свеце па сборы кавы, цукровага трыснягу, апельсінаў; пагалоўю прадукцыйнай буйной рагатай жывёлы.
Бразілія — дзяржава-заснавальніца ААН, Лацінскага саюза, Арганізацыі ібера-амерыканскіх дзяржаў, Меркасур, Саюза паўднёваамерыканскіх нацый, а таксама адна з дзяржаў BRICS.