![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/2/24/Original_Act_of_Independence_of_Lithuania_hand-written_in_Lithuanian_language.jpg/640px-Original_Act_of_Independence_of_Lithuania_hand-written_in_Lithuanian_language.jpg&w=640&q=50)
Акт аб незалежнасці Літвы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Акт аб незале́жнасці Літвы́ (літ.: Lietuvos nepriklausomybės aktas) альбо Акт 16 лютага — дакумент, складзены і падпісаны Радай Літвы 16 лютага 1918 года. Акт абвяшчаў аднаўленне незалежнай дэмакратычнай Літвы са сталіцай у горадзе Вільні. Дакумент быў падпісаны ўсімі 20 прадстаўнікамі Рады на чале з Ёнасам Басанавічусам. Акт 16 лютага стаў апошнім з серыі рэзалюцыяў, датычных праблемы самавызначэння Літвы, пасля падпісаных на Віленскай канферэнцыі і г. зв. Акта 8 студзеня. Шлях да незалежнасці быў даўгі і складаны з-за таго, што Германская імперыя аказвала ціск на Раду Літвы з мэтай утварэння саюза. Дэпутатам даводзілася манеўраваць між інтарэсамі Германіі, войскі якой размяшчаліся ў Літве, і патрабаваннямі літоўскага народа.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/2/24/Original_Act_of_Independence_of_Lithuania_hand-written_in_Lithuanian_language.jpg/640px-Original_Act_of_Independence_of_Lithuania_hand-written_in_Lithuanian_language.jpg)
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/0/05/Nepriklausomybes_aktas.gif/640px-Nepriklausomybes_aktas.gif)
Рэакцыя на вестку пра аднаўленне незалежнай Літвы была даволі стрыманай. Публікацыя акта была забаронена ўладамі Германіі, тэкст рэзалюцыі друкаваўся і распаўсюджваўся падпольна. Працы Рады стала перашкаджалі, а немцы працягвалі кантраляваць усю тэрыторэю Літвы. Сітуацыя змянілася, калі ўвосені 1918 года Германія прайграла Першую сусветную вайну. У лістападзе 1918 года быў сфарміраваны першы літоўскі кабінет міністраў, а Рада Літвы атрымала кантроль над усёй тэрыторыяй краіны[1]. Незалежнасць нарэшце стала рэальнасцю, хоць дзеля яе канчатковага здабыцця Літва вымушаная была ўдзельнічаць у некалькіх войнах.
Акт з'яўляецца законным абгрунтаваннем існавання незалежнай Літвы як у міжваенны перыяд, так і пасля 1990 года[2]. У дакуменце сфармуляваныя асноўныя прынцыпы дзяржаўнага ўладкавання, якія ў тым ліку адлюстраваныя ва ўсіх канстытуцыях Літвы. Акт таксама стаў ключавым дакументам у 1990 годзе пасля абвяшчэння незалежнасці краіны ад СССР[3]. Улады Літвы падкрэслівалі, што гэта проста аднаўленне незалежнай дзяржавы, якая існавала з 1918 да 1940 года, а Акт аб незалежнасці ніколі не траціў сваёй сілы[4].
Арыгінальны дакумент лічыўся згубленым. Пад канец сакавіка 2017 года яго адшукаў у дыпламатычным архіве Міністэрства замежных спраў у Берліне прафесар Людас Мажыліс.