Азначэнне планеты
From Wikipedia, the free encyclopedia
Антычнае азначэнне планет як «блукаючых зорак» з самага пачатку было неадназначным. На працягу свайго існавання гэтае слова азначала мноства розных рэчаў, часта маючы некалькі значэнняў у адзін і той жа час. На працягу тысячагоддзяў выкарыстанне гэтага тэрміна ніколі не было строгім, расплывістае паняцце планеты то ўключала, то выключала з сябе мноства розных аб'ектаў ад Сонца і Месяца да спадарожнікаў і астэроідаў. З развіццём ведаў аб Сусвеце слова «планета» таксама мяняла сваё значэнне, адкідаючы старыя значэнні і набываючы новыя, аднак так і не атрымала выразнага і канкрэтнага вызначэння.
Да канца XIX стагоддзя слова «планета», так і не атрымаўшы выразнага азначэння, тым не менш стала зручным распаўсюджаным тэрмінам. Яно ўжывалася толькі да аб'ектаў Сонечнай сістэмы, якіх было так мала, што ўсе адрозненні маглі разглядацца ў індывідуальным парадку. Сітуацыя змянілася ў 1992 годзе, калі астраномы сталі выяўляць усё больш і больш аб'ектаў, якія знаходзяцца за арбітай Нептуна, а таксама сотні аб'ектаў, якія круцяцца вакол іншых зорак. Гэтыя адкрыцці не толькі павялічылі колькасць патэнцыяльных планет, але таксама пашырылі разнастайнасць іх характарыстык.
Некаторыя былі досыць вялікія, каб быць зоркамі, а некаторыя былі меншымі, чым Месяц. Гэтыя адкрыцці выклікалі шматлікія спрэчкі аб тым, што такое «планета».
Дакладнае вызначэнне «планеты» спатрэбілася ў 2005 годзе, калі быў адкрыты транснептунавы аб'ект Эрыс, які апынуўся больш Плутона — самай маленькай сярод прызнаных на той момант планет. У 2006 годзе Міжнародны астранамічны саюз (МАС), які прызнаецца астраномамі ўсяго свету як інстытут, адказны за пытанні наменклатуры, абвясціў сваё рашэнне па гэтай праблеме. Новае азначэнне ўжываецца толькі да аб'ектаў Сонечнай сістэмы і сцвярджае, што планета — гэта цела, якое верціцца вакол Сонца, досыць масіўнае, каб мець шарападобную форму пад уздзеяннем уласнай гравітацыі, акрамя таго, павінна мець паблізу сваёй арбіты «прастору, свабодную ад іншых целаў». У адпаведнасці з новым азначэннем Плутон, разам з іншымі транснептунавымі аб'ектамі, больш не з'яўляецца планетай. Рашэнне МАС не вырашыла ўсіх супярэчнасцей, і хоць мноства навукоўцаў прынялі гэтае азначэнне, частка астранамічнай супольнасці не прызнае яго.