Турэцкае войска і флот мелі шматразовую колькасную перавагу (гл. сілы бакоў), туркі пачалі (7 красавіка) сістэматычны абстрэл сцен Канстанцінопаля што выходзілі да сушы, але прадпрыняты першы штурм (18 красавіка) быў адбіты з вялікімі стратамі для асманаў. 20 красавіка, узяўшы перамогу ў марскім баі над шматлікім праціўнікам, у Канстанцінопаль прарваліся тры генуэзскіх і адзін грэчаскі карабель з грузам харчавання і невялікім падмацаваннем. Абаронцы адбілі яшчэ тры штурмы (7, 12 і 26 мая), аднак гэтыя поспехі не маглі паўплываць на агульны ход аблогі. Туркам удалося перакінуць свой флот ў заліў Залаты Рог (22 красавіка), абкружыць візантыйскія ўмацаванні з усіх бакоў, пачаць абстрэл сцен што выходзілі да заліва. Пасля зацятай аблогі, асманы пачалі (29 мая) агульны штурм умацаванняў і пасля двух адбітых прыступаў уварваліся ў горад каля брамы Святога Рамана. Задушыўшы супраціў апошніх абаронцаў унутры горада, сярод загінулых быў і імператар Канстанцін XI, туркі ўчынілі на вуліцах і ў будынках разню, разрабавалі горад.
Падзенне Канстанцінопаля азначыла фармальны канец існавання Візантыйскай імперыі і было драматычнай падзеяй для тагачаснай Еўропы. Змяніўся расклад сіл ва Усходняй Еўропе — знікненне Візантыі рэзка павысіла значэнне Маскоўскай дзяржавы як галоўнай абароны праваслаўя, «трэцяга Рыма» — пераемцы традыцыі Канстанцінопаля. Скончылася 1100-гадовая эпоха візантыйскага цэнтру культуры і навукі.[2]
Пасіўнасць Заходняй Еўропы, якую прыпісваюць не толькі тагачасным палітычным канфліктам, але і даўняй зайздрасці да візантыйскай цывілізацыі, а таксама непрыязню да праваслаўя прывяла да ўзнікнення калектыўнага пачуцця віны, а ў выніку — і да ўзнікнення катэгарычнага адмаўлення наогул усякай каштоўнасці візантыйскай цывілізацыі ў частцы заходнееўрапейскай навуковай школы і грамадскай думкі (напрыклад, у працах вядомага гісторыка Гібана).[2] Больш апасрэдаваным наступствам стала нерашучая дапамога Еўропы грэкам у час іх вызваленчай барацьбы супраць туркаў пачатку 19 ст., невырашальны вынік гэтай барацьбы, і далейшая напружанасць вакол гэтага пытання на працягу ўсяго 19 і пач. 20 ст.[2]