![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/47/David_Roberts_-_The_Siege_and_Destruction_of_Jerusalem_by_the_Romans_Under_the_Command_of_Titus%252C_A.D._70.jpg/640px-David_Roberts_-_The_Siege_and_Destruction_of_Jerusalem_by_the_Romans_Under_the_Command_of_Titus%252C_A.D._70.jpg&w=640&q=50)
Іўдзейская вайна (66—73)
From Wikipedia, the free encyclopedia
Іўдзейская вайна (66—73) — антырымскае паўстанне ў Іўдзеі.
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/4/47/David_Roberts_-_The_Siege_and_Destruction_of_Jerusalem_by_the_Romans_Under_the_Command_of_Titus%2C_A.D._70.jpg/640px-David_Roberts_-_The_Siege_and_Destruction_of_Jerusalem_by_the_Romans_Under_the_Command_of_Titus%2C_A.D._70.jpg)
Выклікана злоўжываннямі рымскага пракуратара Флора. Паўстанне ўзначалілі рэлігійна-палітычныя групоўкі: зелоты, якія змагаліся супраць Рыма з пазіцый рэлігійнага фанатызму, і сікарыі — змагары супраць рабства і за сацыяльную роўнасць. Паўстанцы авалодалі Іерусалімам, уласна Іўдзеяй, Галілеяй і іншымі тэрыторыямі, адбілі першы карны паход рымлян (лістапад 66). Аднак у 67—68 моцнае рымскае войска на чале з Веспасіянам захапіла Галілею і большую частку Іўдзеі. Галілейскі палкаводзец Іосеф бен Матыт'яху (Іосіф Флавій) трапіў у палон і перайшоў на бок рымлян. Правадыр галілейскіх зелотаў Іаханан (Іаан) з Гісхалы са сваім атрадам прабіўся ў Іерусалім і там узначаліў кіраўнінтва паўстаннем. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) на чале рымскага войска стаў яго сын Ціт, які выкарыстаў міжусобную барацьбу зелотаў з сікарыямі і ў жніўні 70 пасля 5 месяцаў аблогі захапіў Іерусалім. Рымляне поўнасцю разбурылі горад і храм. Палонныя, у т.л. Іаханан, былі ператвораны ў рабоў, правадыр сікарыяў Сімон бар Гіёра пакараны смерцю ў Рыме. У 73 рымляне захапілі апошнюю крэпасць сікарыяў Масаду.