From Wikipedia, the free encyclopedia
Іры́на Сцяпа́наўна Абе́льская (нар. 6 верасня 1965, Брэст, БССР) — беларуская педыятр і эндакрынолаг. Маці малодшага сына Аляксандра Лукашэнкі Мікалая. Доктар медыцынскіх навук.
Ірына Сцяпанаўна Абельская | |
---|---|
Дата нараджэння | 6 верасня 1965 (58 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Грамадзянства | |
Маці | Людміла Андрэеўна Пастаялка |
Дзеці | Мікалай Аляксандравіч Лукашэнка |
Род дзейнасці | урач |
Навуковая сфера | медыцына |
Месца працы |
|
Навуковая ступень | доктар медыцынскіх навук[1] |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Узнагароды |
Нарадзілася 6 верасня 1965 года ў Брэсце ў сям’і медыкаў. Маці, Людміла Пастаялка (1941—2007), была міністрам аховы здароўя Беларусі (2002—2005)[2]. Цётка і брат Ірыны Андрэй Пастаялка — таксама ўрачы. Бацька, Сцяпан Пастаялка, у 1952 годзе быў арыштаваны разам з бацькамі і братам за дапамогу Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, асуджаны за «здраду Радзіме» і «ўдзел у арганізацыі ці падрыхтоўцы контррэвалюцыйных дзеянняў». Пасля вызвалення працаваў у «Брэстэнерга». Рэабілітаваны 29 ліпеня 1992 года рашэннем прэзідыуму Брэсцкага абласнога суда[3][4].
У 1988 годзе скончыла кафедру педыятрыі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута па спецыяльнасці «Педыятрыя», а таксама інтэрнатуру ў 3-й дзіцячай гарадской клінічнай бальніцы Мінска.
У 1989—1992 гадах працавала педыятрам у мінскай 25-й дзіцячай паліклініцы. У 1992—1994 — эндакрынолаг Мінскай гарадской эндакрыналагічнай бальніцы і ўрач ультрагукавой дыягностыкі ў Мінскім дыягнастычным цэнтры (паводле іншых звестак, у 1990—1994 гадах працавала кансультантам-эндакрынолагам 9-й гарадской клінічнай бальніцы).
У 1994—2001 гадах — урач Рэспубліканскай бальніцы Галоўнага ўпраўлення лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных устаноў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, асабісты ўрач Аляксандра Лукашэнкі[5][6]. У 2001 годзе прызначаная галоўным урачом Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У 2004 годзе атрымала ступень кандыдата медыцынскіх навук, абараніўшы дысертацыю па тэме «Рэнтгенадыягностыка на этапах медыцынскай рэабілітацыі хворых з астэахандрозам шыйнага аддзела пазваночніка». У красавіку 2007 года адстаўленая з пасады.
У 2007—2009 гадах працавала ў аддзяленні ўльтрагукавой дыягностыкі Мінскага гарадскога дыягнастычнага цэнтра. 2 лістапада 2009 года зноў прызначана галоўным урачом Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. У 2011 годзе ў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі абараніла доктарскую дысертацыю па тэме «Шыйны остэахандроз: прамянёвая візуалізацыя і тэхналогія медыцынскай рэабілітацыі пацыентаў»[2].
Паводле звестак Беларускага расследавальніцкага цэнтра, Абельская з’яўляецца заснавальніцай Мінскай міжнароднай гімназіі — элітнай прыватнай школы ў Драздах, месца навучання Мікалая Лукашэнкі і трох дачок Дзмітрыя Лукашэнкі[7].
Член Савета Рэспублікі 8-га склікання[8].
Падчас навучання ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім інстытуце сустрэла свайго будучага мужа Яўгена Абельскага. Неўзабаве выйшла замуж і нарадзіла сына Дзмітрыя, аднак шлюб працягваўся нядоўга. Дзмітрый Абельскі скончыў Ліцэй Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і медыцынскі факультэт БДУ[удакладніць], атрымаўшы адукацыю афтальмолага, працаваў у афтальмалагічным цэнтры, у 2017 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Хірургічнае лекаванне міяпіі і міяпічнага астыгматызму метадам фемта-ЛАСІК з выкарыстаннем звестак абераметрыі», дацэнт кафедры афтальмалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі[9][10].
У 1994 годзе пасля абрання Аляксандра Лукашэнкі прэзідэнтам Беларусі яго адміністрацыя пачала шукаць асабістага ўрача, пажадана жанчыну ўзростам каля 30 гадоў, разведзеную і з дзіцем. Увосені 1994 года Ірыну Абельскую залічылі ў штат Рэспубліканскай бальніцы Галоўнага ўпраўлення лячэбна-прафілактычных і санаторна-курортных устаноў Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі («лячэбная камісія»). З той пары яна пастаянна суправаджала Лукашэнку, у тым ліку падчас міжнародных візітаў.
31 жніўня 2004 года ад Аляксандра Лукашэнкі нарадзіла пазашлюбнага сына Мікалая[6][11][12][13].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.