From Wikipedia, the free encyclopedia
Чэмпіянат сьвету па футболе (таксама вядомы як Кубак сьвету па футболе, Чэмпіянат сьвету ФІФА, афіцыйны назоў Кубак сьвету ФІФА) — найважнейшае міжнароднае футбольнае спаборніцтва. За правядзеньне чэмпіянату сьвету адказвае кіроўны орган сусьветнага футболу ФІФА, і ўдзельнічаць у ім могуць мужчынскія й жаночыя футбольныя нацыянальныя зборныя ўсіх краін-чальцоў ФІФА.
Фінальныя турніры чэмпіянатаў сьвету праводзяцца раз на чатыры гады, аднак разам з рэгіянальнымі адборачнымі турнірамі чэмпіянат сьвету працягваецца 3 гады. У адборачных спаборніцтвах чэмпіянату сьвету 2014 году ўдзельнічалі 203 каманды. У фінальным турніры, які праходзіць раз на 4 гады на працягу 4 тыдняў у загадзя абранай краіне-гаспадары чэмпіянату, прымаюць удзел 32 каманды (31 пераможца адборачнага турніру і зборная краіны-гаспадара; да 2002 году яшчэ і пераможца папярэдняга розыгрышу чэмпіянату сьвету таксама ўдзельнічаў у фінальным турніры па-за адборачнымі спаборніцтвамі).
Фіналы чэмпіянату сьвету па футболе, якія праводзяцца з 1930 году, зь перапынкам у 1942 і 1946 гадах з-за Другой сусьветнай вайны, маюць вялікую глядацкую аўдыторыю і прыцягваюць увагу ва ўсім спартовым сьвеце, часам пераўзыходзячы па колькасьці гледачоў Алімпійскія гульні.
За ўсю гісторыю чэмпіянатаў сьвету восем краін атрымлівалі званьні чэмпіёнаў. Найбольшая колькасьць тытулаў на ліку Бразыліі — пяць разоў. Італія і Нямеччына — па чатыры разы; Аргентына — па тры разоў; Францыя й Уругвай станавіліся чэмпіёнамі па два разы, і па адным разе пераможцамі чэмпіянату станавіліся Ангельшчына ды Гішпанія.
Чэмпіянат сьвету — ня самае першае футбольнае спаборніцтва ў сусьветнай футбольнай гісторыі. Аматарскі футбол стаў часткай праграмы Алімпійскіх гульняў з 1908 году.
У 1909 годзе ў Турыне буйны прадпрымальнік сэр Томас Ліптан арганізаваў турнір, які пазьней звалі «Самы першы чэмпіянат сьвету». Італьянцы, немцы і швайцарцы даслалі на гэты турнір найбольш прафэсійныя клюбы, аднак Ангельская фэдэрацыя футболу ў адказ на прапанову зрабіць тое ж самае адмовіла. Разумеючы, што без удзелу родапачынальнікаў футболу брытанцаў турнір ня можа лічыцца сур’ёзным, Ліптан запрасіў для ўдзелу ў турніры аматарскі футбольны клюб з паўночнага ўсходу Ангельшчыны пад назвай «Ўэст Оклэнд» (West Auckland FC). Вялікую частку складу гэтай каманды складалі працоўныя вугальных шахтаў, аднак «Ўэст Оклэнд» выйграў турнір з удзелам прафэсіяналаў з кантынэнту. У 1911 годзе ангельцы вярнуліся ў Італію абараняць тытул, заваяваны двума гадамі раней, і ізноў выйгралі турнір, перамогшы ў фінале «Ювэнтус» з разгромным лікам 6:1.
Футбольны турнір на Алімпійскіх гульнях, на якіх маглі ўдзельнічаць футбалісты розных краін, быў адзіным афіцыйным спаборніцтвам. У 1924 і 1928 гадах выйгравала каманда Ўругваю. Шырокае разьвіцьцё прафэсійнага спорту й імклівае нарастаньне парыву паміж узроўнем гульні «профі» і аматараў прымусіла ФІФА прыступіць да арганізацыі чэмпіянату сьвету.
На кангрэсе ФІФА 1926 году Анры Дэлянэ заявіў: «Сёньня ўжо немагчыма трымаць футбол за сьценамі Алімпійскіх гульняў». Тады ж выканкам ФІФА ўтварыў камісію, у якую ўвайшлі швайцарац Ж. Бонэ (старшыня), аўстрыец Х. Майлз (сакратар), француз А. Дэлянэ, немец Ф. Лінэман і італьянец Д. Фэрэці, і даручыў ёй вывучыць магчымасьць арганізацыі Кубка сьвету. Канчатковае рашэньне аб сусьветным чэмпіянаце прыняў кангрэс ФІФА ў Амстэрдаме 29 траўня 1928 году.
Дзякуючы перамогам на папярэдніх чэмпіянату дзьвюх Алімпійскіх гульнях Уругвай стаў месцам правядзеньня першага афіцыйнага чэмпіянату сьвету пад эгідай ФІФА[1]. Спачатку прэтэндэнтаў на правядзеньне першага чэмпіянату сьвету было пяць — Італія, Гішпанія, Швэцыя, Нідэрлянды і Ўругвай. У выніку большасьць прагаласавала за Ўругвай. Фэдэрацыя Ўругваю дала цьвёрдае абяцаньне выканаць усе фінансавыя ўмовы ФІФА.
Аднак выбар Уругваю ў якасьці арэны турніру згуляў з арганізатарамі злы жарт: вандраваньне ва Ўругвай з Эўропы атрымлівалася доўгім і дарагім, і ўсяго за 2 месяцы да пачатку турніру ні адна эўрапейская фэдэрацыя не плянавала пасылаць сваю каманду на чэмпіянат. У выніку грандыёзнымі высілкамі Рымэ атрымалася схіліць да ўдзелу ў турніры 4 эўрапейскія каманды: зборныя Францыі, Бэльгіі, Румыніі й Югаславіі. Агулам у турніры прыняло ўдзел усяго 13 камандаў — сем з Паўднёвай Амэрыкі, 4 з Эўропы і 2 з Паўночнай Амэрыкі. Гэта найменшы лік удзельнікаў чэмпіянату сьвету ў яго гісторыі (гэтулькі жа было ў фінальным турніры чэмпіянату сьвету 1950 году), і адзіны раз у гісторыі розыгрышаў, калі не паўстала неабходнасьці ў адборачным турніры.
13 камандаў былі падзеленыя на чатыры групы. Пераможцы груп выходзілі ў паўфінал. Новы стадыён «Сэнтэнарыё» быў пушчаны ў эксплюатацыю толькі на шосты дзень турніру. Да гэтага на матчах зьбіралася часам па 800—1000 гледачоў.
Першыя матчы ў гісторыі чэмпіянатаў сьвету былі адначасова выйграныя Францыяй і ЗША, якія перамаглі Мэксыку зь лікам 4:1 і Бэльгію 3:0 адпаведна. Першы гол у гісторыі чэмпіянатаў сьвету быў забіты французам Люсьенам Ляранам, першы хэт-трык зрабіў Бэрт Патэна з зборнай ЗША ў матчы супраць Парагваю (ЗША перамаглі зь лікам 3:0).
Паколькі самыя моцныя эўрапейскія зборныя ў турніры ня ўдзельнічалі, як і вынікала чакаць, у фінале турніру сустрэліся дзьве паўднёваамэрыканскія каманды — у прысутнасьці 93 тысяч гледачоў на стадыёне «Сэнтэнарыё» ў Мантэвідэо зборная Ўругваю стала першым чэмпіёнам сьвету, абгуляўшы зборную Аргентыны зь лікам 4:2[2].
Алімпійскія гульні 1932 году праводзіліся ў Лос-Анджэлесе (ЗША), дзе значна больш папулярны амэрыканскі футбол. Адсутнасьць цікавасьці да эўрапейскага футболу з боку амэрыканцаў, а таксама рознагалосьсі паміж МАК і ФІФА ў пытаньнях азначэньня статусу гульцоў-прафэсіяналаў прывялі да таго, што футбол быў выключаны з праграмы Алімпійскіх гульняў 1932 году.
Галоўнымі праблемамі, зь якімі сутыкаліся арганізатары пры правядзеньні першых чэмпіянатаў сьвету, былі высокі кошт праезду да месца правядзеньня фінальнага турніру для камандаў зь іншых кантынэнтаў, і вайна: чэмпіянаты сьвету 1942 і 1946 гадоў былі адмененыя з-за Другой сусьветнай вайны.
Родапачынальнікі футболу з Брытанскіх выспаў ігнаравалі першыя 3 чэмпіянаты сьвету. Упершыню брытанцы прынялі ўдзел у чэмпіянаце сьвету толькі ў 1950 годзе, пасьля дасягненьня дамовы зь ФІФА аб сваім адмысловым статусе.
У фінальных турнірах чэмпіянатаў з 1934 па 1978 гады прымалі ўдзел 16 камандаў (акрамя рэдкіх выпадкаў, калі нейкія каманды адмаўляліся ад удзелу ў турніры ўжо пасьля заканчэньня кваліфікацыі). Большасьць удзельнікаў пападала ў фінал з Эўропы ды Паўднёвай Амэрыкі, зь невялікім дадаткам самых моцных камандаў Афрыкі, Азіі й Акіяніі. Звычайна гэтыя каманды станавіліся пастаўшчыкамі ачкоў для эўрапейцаў і паўднёваамэрыканцаў, хоць былі і выключэньні — напрыклад, каманда КНДР у 1966 годзе выйшла ў чвэрцьфінал.
У 1982 годзе склад удзельнікаў фінальнага турніру быў пашыраны да 24 камандаў, а ў 1998 — да 32. Дадатковыя месцы ў асноўным аддаваліся прадстаўнікам Афрыкі, Азіі й Паўночнай Амэрыкі. На апошніх турнірах каманды з гэтых рэгіёнаў, якія раней лічыліся нефутбольнымі, сталі выступаць ўсё больш і больш пасьпяхова, напрыклад Камэрун у 1990 годзе, Паўднёвая Карэя, Сэнэгал і ЗША на чэмпіянаце ў 2002 годзе. Чэмпіянаты сьвету сталі сапраўды змаганьнем камандаў са ўсяго сьвету — 197 каманд прымалі ўдзел у адборачных спаборніцтвах да чэмпіянату сьвету 2006 году, 204 прынялі ўдзел у чэмпіянату сьвету 2010, і сьпіс фаварытаў чэмпіянату не абмяжоўваецца больш камандамі толькі з Эўропы й Паўднёвай Амэрыкі.
Адборачныя, або кваліфікацыйныя, спаборніцтвы праводзяцца для таго, каб паменшыць колькасьць удзельнікаў і адабраць самых моцных для ўдзелу ў фінальным турніры. Адзіны ЧС, перад якім не праводзілася кваліфікацыйных спаборніцтваў — самы першы чэмпіянат 1930 году.
Адборачныя спаборніцтвы праводзяцца па занальным прынцыпе ў адпаведнасьці з рэгіёнамі ФІФА: Афрыка, Азія, Паўднёвая Амэрыка, Акіянія, Эўропа й Паўночная Амэрыка); арганізацыяй адборачных турніраў займаюцца рэгіянальныя фэдэрацыі (у Эўропе, напрыклад, УЭФА) у адпаведнасьці з агульнымі прынцыпамі ФІФА. Перад чарговым турнірам ФІФА вызначае колькасьць месцаў у фінальным турніры, якія атрымлівае кожны рэгіён; асноўным крытэрам зьяўляецца «сіла» футболу ў рэгіёне, але таксама ўлічваецца той факт, што дадатковыя месцы ў фінале ЧС стымулююць разьвіцьцё футболу ў рэгіёне, і, вядома, мае месца лабіяваньне сваіх інтэрасаў рэгіянальнымі канфэдэрацыямі.
Ад 1938 году краіна-арганізатар турніру аўтаматычна атрымлівае месца ў фінале. Больш таго, да 2002 году пераможца папярэдняга чэмпіянату сьвету таксама атрымліваў месца ў фінале без папярэдняга адбору. Падчас азначэньня рэглямэнту ЧС-2006, аднак, гэтае правіла было адменена, і чэмпіён сьвету 2002 году Бразылія ўдзельнічала ў адборачным турніры на агульных падставах.
У нашы дні адборачны турнір стартуе амаль за тры гады да фінальнага і працягваецца больш за два гады. Фармат адборачных спаборніцтваў моцна адрозьніваецца паміж рэгіёнамі, а таксама зьмяняецца ад турніру да турніру. Як правіла, акрамя спаборніцтваў усярэдзіне рэгіёнаў праводзіцца некалькі дадатковых міжкантынэнтальных стыкавых матчаў, пераможцы якіх выходзяць у фінал. Напрыклад, пераможца адборачнай зоны Акіяніі адстойваў сваё права ўдзелу ў фінальным турніры ЧС-2006 у двух матчах з камандай, якая заняла пятае месца ў турніры краін Паўднёвай Амэрыкі.
Формула, якая выкарыстоўваецца для правядзеньня чэмпіянатаў свету з 1998 году, прадугледжвае 32 удзельнікі фінальнага турніру. Фінальны турнір праходзіць у загадзя абранай краіне на працягу месяца і складаецца з 2 стадыяў — групавога турніру і гульняў па кубкавай сыстэме на выбываньне.
На стадыі групавога турніру каманды дзеляцца на 8 груп па 4 каманды. Склад груп вызначаецца лёсаваньнем, падчас якой 8 камандаў («сеяныя») становяцца першым нумарам у групе, а астатнія 24 каманды падзяляюцца на 3 кошыкі ў адпаведнасьці з геаграфіяй і рэйтынгам зборных-удзельніц. З кожнага кошыка ў кожную групу пападае ў выніку адна каманда, аднак ёсьць дадатковыя правілы, якія ўскладняюць працэдуру лёсаваньня: напрыклад, у адной групе ня можа быць больш за дзьве эўрапейскія каманды, або больш за адну каманду зь любога іншага рэгіёну.
У кожнай групе каманды праводзяць аднакругавы турнір з 3 тураў. Матчы апошняга туру, каб выключыць магчымасьць змовы, праводзяцца ў адзін дзень у адзін час. За перамогу ў матчы каманда атрымлівае 3 пункты, за нічыю — адзін. З кожнай групы ў другі раўнд выходзяць каманды, якія занялі першыя два месцы — усяго 16 удзельнікаў чэмпіянату.
У другім раўндзе каманды гуляюць матчы на выбываньне. Той, хто саступіў, сканчае свой удзел у турніры. У выпадку, калі лік пасьля 90 хвілін гульні застаецца нічыйным, гуляецца дадатковы час, і ў выпадку неабходнасьці праводзіцца сэрыя пэнальці. У 1/8 фіналу пераможца кожнай з груп першага раўнду гуляе з другой камандай зь іншай групы, далей пераможцы выходзяць у 1/4 фіналу, паўфінал і фінал. Пераможцы фіналу становяцца чэмпіёнамі сьвету. Каманды, якія прайгралі ў паўфіналах, разгульваюць трэцяе месца ў матчы паміж сабой.
У агульнай складанасьці 207 розных зборных прымалі ўдзел у чэмпіянатах сьвету, аднак толькі дванаццаць зь іх даходзілі да фінальнага матчу, і з дванаццаць камандаў-фіналістаў восем краін станавіліся чэмпіёнамі. Таму заваёва Кубка сьвету лічыцца вялікім дасягненьнем і нязьменна выклікае гонар у заўзятараў зборнай, якая перамагла.
Найлепшая зборная чэмпіянатаў сьвету — Бразылія. Бразыльцы — адзіная ў сьвеце зборная, якая ўдзельнічала ў фінальных турнірах усіх чэмпіянатаў сьвету, пры гэтым яны 5 разоў выйгравалі чэмпіянат і яшчэ двойчы былі фіналістамі.
Эўрапейскія каманды выйгравалі чэмпіянат сьвету 11 разоў, а паўднёваамэрыканскія — 9. Найбольшую колькасьць разоў у фінал выходзілі Нямеччына (8 разоў) і Бразылія (7 разоў). Пры гэтым Бразылія перамагала ў 5 фіналах, Нямеччына — у 4.
У 1970 годзе Бразылія й Італія адначасова вышлі ў фінал чэмпіянатаў сьвету, маючы па 2 перамогі ў чэмпіянатах сьвету, у 1994 — па тры перамогі. Абодва разы ў фінале перамагалі бразыльцы.
Упершыню эўрапейская каманда перамагала ў чэмпіянаце сьвету за межамі Эўропы ў 2010 годзе. Паўднёваамэрыканская каманда змагла заваяваць Кубак сьвету ў Эўропе толькі аднойчы — Бразылія на чале з Пэле ў 1958 годзе.
Каманда | Колькасьць перамог | Чэмпіёны сьвету | 2-е месца | 3-е месца | 4-е месца[lower-alpha 1] |
---|---|---|---|---|---|
Бразылія | 5 | 1958, 1962, 1970, 1994, 2002 | 2 (1950*, 1998) | 2 (1938, 1978) | 2 (1974, 2014*) |
Нямеччына | 4 | 1954, 1974*, 1990, 2014 | 4 (1966, 1982, 1986, 2002) | 4 (1934, 1970, 2006*, 2010) | 1 (1958) |
Італія | 4 | 1934*, 1938, 1982, 2006 | 2 (1970, 1994) | 1 (1990*) | 1 (1978) |
Аргентына | 3 | 1978*, 1986, 2022 | 3 (1930, 1990, 2014) | - | - |
Францыя | 2 | 1998*, 2018 | 2 (2006, 2022) | 2 (1958, 1986) | 1 (1982) |
Уругвай | 2 | 1930*, 1950 | - | - | 3 (1954, 1970, 2010) |
Ангельшчына | 1 | 1966* | - | - | 2 (1990, 2018) |
Гішпанія | 1 | 2010 | - | - | 1 (1950) |
Нідэрлянды | - | - | 3 (1974, 1978, 2010) | 1 (2014) | 1 (1998) |
Чэхаславаччына | - | - | 2 (1934, 1962) | - | - |
Вугоршчына | - | - | 2 (1938, 1954) | - | - |
Швэцыя | - | - | 1 (1958*) | 2 (1950, 1994) | 1 (1938) |
Харватыя | - | - | 1 (2018) | 2 (1998, 2022) | - |
Польшча | - | - | - | 2 (1974, 1982) | - |
Аўстрыя | - | - | - | 1 (1954) | 1 (1934) |
Партугалія | - | - | - | 1 (1966) | 1 (2006) |
Бэльгія | - | - | - | 1 (2018) | 1 (1986) |
Турэччына | - | - | - | 1 (2002) | - |
Чылі | - | - | - | 1 (1962*) | - |
Югаславія | - | - | - | - | 2 (1930, 1962) |
ЗША | - | - | - | - | 1 (1930) |
СССР | - | - | - | - | 1 (1966) |
Баўгарыя | - | - | - | - | 1 (1994) |
Рэспубліка Карэя | - | - | - | - | 1 (2002*) |
Марока | - | - | - | - | 1 (2022*) |
* — гаспадары чэмпіянату сьвету
Шэсьць з васьмі камандаў, якія перамагалі на чэмпіянаце сьвету, хоць бы раз дамагаліся гэтага ў якасьці гаспадароў турніру. Гэта адзін з галоўных чыньнікаў таго, чаму розныя краіны настолькі актыўна дамагаюцца правы праводзіць чэмпіянат у сябе. У той жа час, гэта адзін з кірункаў крытыкі турніру і ФІФА як яго арганізатараў: крытыкі паказваюць на рэжым празьмернай спрыяльнасьці да гаспадароў турніру, што выяўляецца ў прывілеяваным становішчы гаспадароў пры лёсаваньні й добразычлівасьці да іх судзьдзяў. Нават традыцыйна «слабыя» футбольныя нацыі, праводзячы чэмпіянат сьвету ў сябе, нярэдка дамагаліся добрых вынікаў: апошні прыклад таму — посьпех зборнай Паўднёвай Карэі на чэмпіянаце сьвету 2002 году (пры гэтым да 2002 году паўднёвакарэйцы ні разу не змаглі нават выйсьці ў другі раўнд спаборніцтваў).
Зборныя Ангельшчыны й Францыі дамагаліся званьня чэмпіёнаў толькі на «хатніх» чэмпіянатах сьвету.
Усяго ў фінальных турнірах чэмпіянатаў сьвету ўдзельнічалі зборныя 77 краін. Ніжэй пералічаныя 10 камандаў, якія маюць найбольшую колькасьць выхадаў у фінальную частку ЧС:
На сёньняшні дзень Кубак сьвету заваёўвалі толькі каманды з Эўропы і Паўднёвай Амэрыкі. Самым вялікім дасягненьнем каманды з КОНКАКАФ быў выхад у паўфінал у 1930 годзе зборнай ЗША.
Першай азіяцкай камандай, якая выйшла ў паўфінал, стала зборная Паўднёвай Карэі на ЧС-2002. Турэцкая зборная таксама выйшла ў паўфінал на тым жа чэмпіянаце, але Турэччына зьяўляецца чальцом УЭФА і таму традыцыйна лічыцца эўрапейскай камандай.
Тры афрыканскія каманды дасягалі стадыі чвэрцьфіналаў: Камэрун на ЧС-1990, Сэнэгал на чэмпіянаце 2002 году, Гана на чэмпіянаце 2010 году.
З прадстаўнікоў Акіяніі найлепшы вынік у Аўстраліі, якая ў 2006 годзе выйшла ў другі раўнд, але ўжо з наступнага чэмпіянату Аўстралія прадстаўляе Азіяцкую канфэдэрацыю.
На чэмпіянатах сьвету з 1930 па 1970 пераможцу ўручаўся Кубак Жуля Рымэ (першапачаткова яго звалі проста Кубак сьвету або Coupe du Monde; у 1946 годзе ён атрымаў імя прэзыдэнта ФІФА, які арганізаваў першы чэмпіянат сьвету). Было загадзя абумоўлена, што зборная, якая выйграла чэмпіянат сьвету 3 разы, атрымае гэты кубак навечна. Трэцяй перамогі першымі дамагліся бразыльцы ў 1970, і Кубак Жуля Рымэ адправіўся ў офіс Фэдэрацыі футболу Бразыліі. Аднак у 1983 годзе кубак быў выкрадзены, і яго пошукі так і не прывялі ні да якога выніку.
Пачынаючы з 1974 году пераможцу ўручаецца новы кубак, які завецца Прыз кубка сьвету ФІФА. Гэты кубак ніколі ня будзе ўручаны на вечнае захоўваньне, колькі б чэмпіянатаў ня выйграла якая-небудзь зборная. Аргентына, Нямеччына й Бразылія ўжо выйгравалі новы кубак па 2 разы. Гэты прыз ня будзе заменены датуль, пакуль дошчачка з імёнамі пераможцаў чэмпіянатаў сьвету на ім ня будзе запоўненая, што адбудзецца не раней 2038 году (калі кубак ня стануць разгульваць часьцей).
Па выніках кожнага фінальнага турніру чэмпіянату ўручаюцца некалькі індывідуальных і камандных узнагародаў тым, хто асоба выявіў сябе ў нейкім з аспэктаў гульні.
Узнагарод на сёньняшні дзень шэсьць:
Чэмпіянаты сьвету па футболе — спартовыя спаборніцтвы з самай вялікай гледачовай аўдыторыяй з усіх якія праводзяцца ў сьвеце. Колькасьць гледачоў тэлетрансьляцыяў з чэмпіянатаў сьвету перавышае нават гледачовую аўдыторыю Алімпійскіх гульняў[3]. Сумарная аўдыторыя чэмпіянату сьвету 2002 году склала прыкладна 2,88 млрд чалавек. 1,1 мільярда глядзелі фінальны матч гэтага турніру. Лёсаваньне фінальнага турніру чэмпіянату сьвету — 2006 назіралі 300 мільёнаў гледачоў па ўсім сьвеце[4].
Пачынальна з 1966 году ў кожнага чэмпіянату сьвету ёсьць свой талісман (першым талісманам, на ЧС-1966, быў ільвяня Вілі).
На цяперашні момант месца правядзеньня чарговага чэмпіянату сьвету вызначаецца за 6 гадоў да турніру галасаваньнем чальцоў выканаўчага камітэту ФІФА.
Усе чэмпіянаты сьвету з 1930 па 1998 праводзіліся або ў Эўропе, або ў Амэрыцы. Пры гэтым было прынята чаргаваць месца правядзеньня — адзін чэмпіянат праводзіўся ў Эўропе, наступны ў Амэрыцы, потым ізноў надыходзіла чаргу Эўропы і г. д. Адзіны раз, калі гэты парадак быў парушаны — 1938 год; нягледзячы на тое, што чэмпіянат сьвету 1934 году праводзіўся ў Італіі, у 1938 месца правядзеньня турніру ізноў стала Эўропа.
Чэмпіянат 2002 году ўпершыню быў праведзены за межамі Эўропы і Амэрыкі — гаспадарамі турніру сталі Рэспубліка Карэя й Японія. Першапачаткова карэйцы і японцы былі канкурэнтамі, але ў апошні момант яны пад націскам ФІФА пагадзіліся правесьці турнір сумесна. Аднак з-за гістарычна няпростых адносін паміж Карэяй і Японіяй, а таксама з-за таго, што гэтыя краіны падзяляе мора, пры правядзеньні чэмпіянату паўстаў цэлы шэраг праблем. У сувязі з гэтым па канчатку турніру службоўцы ФІФА неаднаразова заяўлялі, што больш не дапусьцяць сумеснага правядзеньня чэмпіянату сьвету[5].
Рашэньне аддаць права правядзеньня ЧС-2006 Нямеччыне было сустрэта неадназначна, бо ўсімі чакалася, што правядзеньне турніру будзе даверанае Паўднёвай Афрыцы. Пры фінальным галасаваньні галасы разьмеркаваліся 12 да 11 на карысьць Нямеччыны. Дэлегат ФІФА з Новай Зэляндыі Чарлз Дэмпсі, які атрымаў указаньне ад Фэдэрацыі футболу Акіяніі галасаваць за ПАР, у апошні момант устрымаўся ад галасаваньня. Калі бы ён не зрабіў гэтага, галасы бы разьмеркаваліся пароўну, і рашэньне ў гэтым выпадку павінен быў прыняць глава ФІФА Зэп Блятэр, які быў прыхільнікам кандыдатуры Паўднёвай Афрыкі[6]. Дэмпсі растлумачыў свой крок тым, што выпрабоўваў занадта вялікі ціск з боку і Нямеччыны і ПАР, уключаючы нават спробы подкупу[7], і таму палічыў, што ня зможа застацца бесстароньнім.
У выніку ўзьніклага скандалу ФІФА заявіла, што ізноў вяртаецца да прынцыпу ратацыі паміж кантынэнтамі ў азначэньні гаспадароў чэмпіянату сьвету; зараз, аднак, у ратацыі будуць удзельнічаць усе кантынэнты, а ня толькі Эўропа й Амэрыка.
Для чэмпіянату сьвету 2010 году ў якасьці кантынэнту правядзеньня была абраная Афрыка, і ПАР усё-ткі займела для сябе чэмпіянат сьвету, абышоўшы чатырох іншых прэтэндэнтаў. Такім чынам, чэмпіянат сьвету 2010 году стаў першым буйным спартовым спаборніцтвам, праведзеным на Чорным кантынэнце.
Чэмпіянат сьвету 2014 году прайшоў у Бразыліі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.