горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Ча́шнікі — места ў Беларусі, на рацэ Вуле. Адміністрацыйны цэнтар Чашніцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2021 год — 8092 чалавекі[1]. Знаходзяцца за 95 км на паўднёвы захад ад Віцебску, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі (лінія Ворша — Лепель). Аўтамабільныя дарогі на Лепель, Новалукомаль, Сянно.
Чашнікі лац. Čašniki | |||||
У цэнтры места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1504 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Чашніцкі | ||||
Вышыня: | 136 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 8092 чал. (2021)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2133 | ||||
Паштовы індэкс: | 211150 | ||||
СААТА: | 2251501000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°51′12″ пн. ш. 29°9′53″ у. д. | ||||
± Чашнікі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://chashniki.vitebsk-region.gov.by/ |
Чашнікі — даўняе мястэчка гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. Да нашага часу тут захавалася царква Сьвятога Спаса ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Лукі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.
Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне тапоніму Чашнікі. Паводле найбольш пашыранага зь іх, назва места ўтварылася ад слова чашнік — пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім. Іншая вэрсія зьвязвае тапонім з разьмяшчэньнем паселішча ў нізкім месцы на Чашніцкай нізіне (у «чашы»)[3]. Апроч гэтага, назву часам тлумачаць разьвіцьцём ганчарнай справы (месца выстворчасьці чашак)[4].
Першы пісьмовы ўпамін пра Чашнікі зьмяшчаецца ў пераліку буйных паселішчаў Полаччыны і датуецца 1504 годам. У Інфлянцкую вайну, на загад маскоўскага гаспадара Івана IV Тырана, на правым беразе Вулы збудавалі ўмацаваны замак (спалены ў 1708 годзе). У 1564 годзе каля Чашнікаў на Іванскіх палях абаронцы Вялікага Княства Літоўскага пад камандаю гетмана вялікага Мікалая Радзівіла «Рудога» нечаканым ударам разьбілі 25-тысячнае маскоўскае войска Шуйскага. Сам Шуйскі загінуў у бітве. У 1567 годзе войскі Вялікага Княства Літоўскага зноў разьбілі маскоўскіх захопнікаў. З 1568 году Чашнікі знаходзіліся ў валоданьні Ганны Радзівілаўны. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы прымаў у мястэчку Шышмарова, пасла Івана IV Тырана.
З пачатку XVI стагодзьдзя Чашнікі знаходзіліся ў складзе Полацкага ваяводзтва, у валоданьні князёў Лукомскіх. У канцы XVI стагодзьдзя маёнтак перайшоў да Кішкаў, у пачатку XVII стагодзьдзя — да Друцкіх-Сакалінскіх, пазьней Сапегаў. На 1633 год у Чашніках было 109 будынкаў, 16 крамаў[5], паселішча належала Казаноўскім. З 1649 году маёнтак быў у валоданьні Слушкаў. У 1664 годзе[5] харунжы Дамінік Служка фундаваў тут кляштар дамініканаў. У 1722 годзе мястэчка перайшло да С. Быкоўскага-Лапоты, у 1785 годзе — да Валадковічаў. У 1786 годзе пры дамініканскім кляштары збудавалі мураваны касьцёл, у якім захоўвалася цудоўная фігура Пана Езуса, шанаваная мясцовымі жыхарамі. У XVIII стагодзьдзі дзеяла прыстань, больш за 40 складоў[5], працавалі майстэрні вырабу стругаў — гандлёвых суднаў. У гэты час Чашнікі атрымалі шэраг прывілеяў. У 1791 годзе мястэчка стала сталіцай Полацкага ваяводзтва.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Чашнікі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лепельскім павеце Полацкай, з 1796 году Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. У вайну 1812 году каля мястэчка адбылася бітва паміж расейскімі (пад камандай Вітгенштэйна) і францускімі (пад камандай Віктора) войскамі. У 1832 годзе па здушэньні вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады скасавалі кляштар дамініканаў, па чым парафію абслугоўвалі дыяцэзіяльныя ксяндзы. У 1843[6]—1845 гадох у мястэчку збудавалі Спаса-Праабражэнскую царкву. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ў Чашніках налічвалася каля 2,5 тысячы жыхароў; сярод местачкоўцаў было нямала лёцманаў, якія наймаліся ўвесну на баркі, праводзячы іх Дзьвіною да Рыгі. У 1868 годзе па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл Сьвятога Лукі на царкву Маскоўскага патрыярхату.
У 1886 годзе ў Чашніках адкрылася папяровая фабрыка. Згодна з вынікамі перапісу 1897 году, у мястэчку было 703 будынкі, працавалі лячэбніца, аптэка, 2 расейскія народныя вучэльні. На 1906 год у Чашніках было 5 камяніц, 1332 драўляныя будынкі, зь якіх 642 жылыя, нежылыя — 695. У 1909 годзе адкрылася меская вучэльня, пераўтвораная ў 1913 годзе на вышэйшую пачатковую.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Чашнікі занялі войскі Нямецкай імпэрыі[7].
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чашнікі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 17 ліпеня 1924 году Чашнікі вярнулі ў БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Віцебскай, пазьней Лепельскай акругаў. У 1925 годзе пачала дзеяць чыгуначная станцыя Чашнікі. З 1938 году мястэчка знаходзіцца ў складзе Віцебскай вобласьці. 27 верасьня 1938 году Чашнікі атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 27 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1962—1965 гадох Чашнікі ўваходзілі ў склад Бешанковіцкага раёну. 7 лютага 1966 году яны атрымалі статус места. У 2004 годзе Чашнікі адзначылі сваё 500-годзьдзе. 20 студзеня 2006 году афіцыйна зацьвердзілі мескі герб[8].
У Чашнінах працуюць 4 сярэднія школы, сацыяльна-пэдагагічны цэнтар, цэнтар дзіцячай творчасьці. 1 верасьня 2004 году на базе СШ № 2 утварылася гімназія.
Дзеюць дом культуры, дом рамёстваў, 3 бібліятэкі (цэнтральная раённая бібліятэка, дзіцячая бібліятэка, меская бібліятэка сямейнага чытаньня), гістарычны музэй.
У месьце выдаецца раённая газэта «Чырвоны прамень»: наклад больш за 5 тыс. асобн., выходзіць 2 разы на тыдзень.
У плянавальнай структуры Чашнікаў вылучаюцца 3 часткі: гістарычная, сучасны цэнтар і паселішча папяровай фабрыкі. Места забудоўваецца згодна з генэральнымі плянамі, распрацаванымі ў 1970 і 1980 гадох. Утвораны мікрараён з 5-павярховымі будынкамі. 2—5-павярховыя дамы пераважна ў цэнтры места і ў фабрычным паселішчы. У 1986 годзе створаны праект дэталёвага плянаваньня цэнтру. У паўднёва-ўсходняй частцы места канцэнтруюцца прамысловыя прадпрыемствы.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Ленінская вуліца | Смалянецкая вуліца Талачынская вуліца |
Луначарскага вуліца | Цяпінская вуліца[18] Лепельская вуліца |
Міра вуліца | Рынак пляц |
Пралетарская вуліца | Віленская вуліца |
Савецкая вуліца | Лукомская вуліца |
Урыцкага вуліца | Замкавая вуліца[18] Іванская вуліца |
Чырвонаармейскі завулак | Віленскі завулак |
Таксама ў Чашніках існавалі Рынак, вуліцы Гарушка, Залатая[19], Замоцкая[20], Перавозная[21] і Старасельская, Аптэчны і Мнышкін завулкі[22].
Гістарычныя мясцовасьці Чашнікаў: Гарушка, Горка.
Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, лёгкай, харчовай прамысловасьці, па пачатковай апрацоўцы лёну.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Чашнікаў |
---|
|
Праз Чашнікі праходзяць аўтамабільныя дарогі: Р62 (Чашнікі — Клічаў — Бабруйск), Р86 (Багушэўск (ад М8) — Сянно — Мядзел) і Р111 (Бешанковічы — Чашнікі).
Аўтобусная станцыя злучае места з сталіцай краіны Менскам і абласным цэнтрам Віцебскам.
Дзее Чашніцкі гістарычны музэй. Спыніцца можна ў гатэлі «Чашнікі» (пляц Волі, 5).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.