праваслаўны храм у Ружанах (Беларусь) From Wikipedia, the free encyclopedia
Царква́ Сьвяты́х Пятра́ і Па́ўла і манасты́р базыля́наў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Ружанах. Знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на гістарычным Рынку[lower-alpha 1]. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Царква Сьвятых Пятра і Паўла | |
Царква Сьвятых Пятра і Паўла, аўтэнтычны выгляд (праект 1762—1788 рр.) | |
Краіна | Беларусь |
Мястэчка | Ружаны |
Каардынаты | 52°51′59″ пн. ш. 24°53′19″ у. д. |
Канфэсія | Беларускі экзархат |
Эпархія | Берасьцейская |
Тып будынка | царква |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Хрысьціна Масальская |
Дата заснаваньня | 1675 |
Асноўныя даты: 1675 — Заснаваньне 1762—1779 — Будаваньне мураванай царквы 1784—1788 — Будаваньне мураванага манастыра 1839 — У валоданьні Ўрадавага сыноду 1875 — Пажар 1878 — Перабудова | |
Рэліквіі і сьвятыні | Абраз «Маці Божая Адзігітрыя Ружанская» (1865)[1] |
Апошні плябан | ярэй Аляксандар Сень[2] |
Статус | ахоўваецца дзяржавай |
Царква Сьвятых Пятра і Паўла | |
Царква Сьвятых Пятра і Паўла на Вікісховішчы |
Комплекс Ружанскага базылянскага манастыра складаецца з царквы і жылога корпуса.
Пад 1568 рокам у Ружанах згадваецца драўляная царква Сьвятых Пятра і Паўла, якая часам азначаецца адной з найстарэйшых цэркваў на Пружаншчыне[3], хоць ад заснаваньня больш за два стагодзьдзі яна знаходзілася на тэрыторыі Слонімскага павету Вялікага Княства Літоўскага (тым часам Пружанскі павет Расейскай імпэрыі зьявіўся толькі 1795 року). У 1675 року пры царкве заснавалі базылянскі манастыр[4].
Падчас войнаў XVII—XVIII стагодзьдзяў манастыр зазнаў моцныя пашкоджаньні. Толькі ў 1762 року Крыстына Масальская з Сапегаў вылучыла сродкі на ягонае аднаўленьне. Дасьледніца гісторыі архітэктуры Тамара Габрусь лічыць, што менавіта ў гэтым року пачалі будаваць мураваную царкву[5]. У 1779 року будаваньне завершылася, царкву асьвяцілі.
У 1784—1788 роках да паўднёвага боку царквы з фундацыі канцлера Аляксандра Сапегі прыбудавалі мураваны манастырскі корпус паводле праекту архітэктара Яна Самуэля Бэкера.
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 рок), калі Ружаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква і манастыр працягвалі дзеяць. 20 лютага 1834 року расейскія ўлады спынілі дзейнасьць базылянскага ордэну, а па гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай царквы ў 1839 року — адабралі будынкі манастыра ў Сьвятога Пасаду і перадалі іх у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Землі і прыгонных сялянаў (56 душаў) адабралі на карысьць расейскай дзяржавы. Пачалося ўладкаваньне царквы паводле расейскіх уяўленьняў пра праваслаўе, ёй прыпісалі 33 дзесяціны зямлі з фальваркам Малочкамі; ахвяраваныя князем Яўстахам Сапегам 345 рублёў прызначаліся дзеля адкрыцьця прыходзкае духоўнае вучэльні, яшчэ 3400 рублёў срэбрам — на рамонт самое царквы, капліцы і манастырскага дома. У 1840 року мітрапаліт літоўскі і віленскі Ёсіф Сямашка асьвяціў прастол[6].
У вопісах царквы ХІХ ст. ёсьць зьвесткі пра каштоўнасьці, што захоўваліся ў ёй, — 3 паціры старажытнай работы з золата і срэбра, 4 старажытныя Эвангельлі, багатая бібліятэка і архіў.
31 жніўня 1875 року царкву моцна пашкодзіў пажар: засталіся толькі сьцены і частка даху з стольлю над алтаром. Амаль усе абразы пасьпелі выратаваць, аднак астатняе начыньне было страчана. На аднаўленьне выдзялілі з казны 2000 руб. срэбрам, царкоўных 5315 руб. срэбрам і ахвяравана 2717 руб. срэбрам. Рамонт вёўся да 1878 року, па чым царква набыла сучасны выгляд. Увесь гэты час набажэнствы ладзіліся ва Ўваскрасенскай царкве на могілках.
З пачаткам Першай сусьветнай вайны царкоўнае начыньне эвакуявалі ў Расею разам зь сьвятаром царквы Іларыёнам Дзядзевічам. Нягледзячы на гэта, царква працягнула дзейнасьць, хоць з прыходам войскаў Нямецкай імпэрыі адзначалася разбурэньне агароджы, зьнішчэньне часткі царкоўных кніг і архіву, а таксама спусташэньне дзьвюх цэркваў на могілках. Ля паўночнага боку царкоўнай агароджы спачылі нямецкія салдаты, на магіле якіх паставілі гранітны камень[lower-alpha 2].
За польскім часам могілкавую царкву занялі каталікі, а ў царкоўным доме і былым будынку манастыра разьмясьцілася школа. Ружанскі прыход увайшоў у склад Палескай япархіі ПАПЦ, якую ўзначальваў архіяпіскап Аляксандар (Іназемцаў).
У нямецка-савецкую вайну за часамі нацысцкай акупацыі ў царкве дзеяў шпіталь-турма. За царскімі варотамі на алтары абсталявалі апэрацыйны пакой. Сьвятар Іаан Наўродзкі арганізаваў бесьперапыннае гарачае харчаваньне для палонных і параненых чырвонаармейцаў, аднак у 1942 року яго перасялілі з царкоўнае хаты.
Па вайне савецкія ўлады занялі царкоўную хату пад турыстычную базу, а сьвятара Іаана шматразова выклікалі на допыты ў НКВД. Толькі па ягонай сьмерці стала вядома, што за свае дзеяньні ў ратаваньні параненых салдатаў у 1941 року яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонае Зоркі.
Улетку 1990 року пачаўся рамонт царквы, набажэнствы ў якой працягваліся зь невялікімі перапынкамі ўвесь час існаваньня савецкага рэжыму. З 1992 року дзее нядзельная школа, ладзяцца пешыя пілігрымкі ў Жыровіцкі манастыр.
Царква — помнік архітэктуры барока. Гэта 1-нэфавая 1-вежавая базыліка з паўцыркульнай апсыдай. Накрываецца 2-схільным дахам, які пад апсыдай пераходзіць у конусападобны і завяршаецца купалам. З абодвух бакоў ад месца злучэньня нэфа і апсыды — рызьніцы з 3-схільным дахам. Галоўны фасад мае выгляд своеасаблівага шчыта амаль квадратнай формы, аздабляецца слаістымі пілястрамі, нішамі і філёнгамі. Над галоўным фасадам узвышаецца чацьверыковая ў сечыве вежа. Раней на ёй разьмяшчаліся драўляныя скульптуры Пятра, Паўла і Майсея ў чалавечы рост. Гэтыя скульптуры расейскія ўлады прыбралі ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя з прычыны таго, што ў Маскоўскай дзяржаве традыцыйна забаранялася ўжываць у аздабленьні цэркваў скульптуру[3].
Унутраная прастора перакрываецца бэлькамі з падшыўным люстраным скляпеньнем, якое аздабляецца фрэскавым росьпісам на тэму Перамяненьня. У конусе апсыды разьмяшчаецца кампазыцыя «Бог Саваоф» пачатку XX стагодзьдзя, на паўночнай і паўднёвай сьценах (ля іканастасу) — выявы апосталаў Пятра і Паўла ў мэдальёнах. Інтэр’ер таксама аздаблялі драўляныя выявы анёлаў, прыбраныя расейскімі ўладамі ў сярэдзіне XIX стагодзьдзя.
Манастырскі корпус — 2-павярховы прастакутны ў пляне будынак, накрыты вальмавым дахам. Галоўны фасад праразаецца прастакутнымі ваконнымі праёмамі, завершанымі трыкутнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на першым паверсе), падзяляецца пілястрамі. Цэнтральная частка сымэтрычнага галоўнага фасаду вылучаецца рызалітам, які завяршаўся трыкутным франтонам. Дваровы і бакавыя фасады ня маюць дэкору.
Плян першага паверху анфілядны, другога — калідорны. Першы паверх перакрываецца крыжовымі скляпеньнямі на падпружных арках, перакрыцьце другога — пляскатае.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.