Футбол
камандная гульня зь мячом / From Wikipedia, the free encyclopedia
Футбо́л, або но́жны шпурля́к[1] (па-ангельску: Football, літаральна нажны мяч) — найбольш папулярны[2][3][4][5] ў сьвеце від спорту. У футбол гуляюць дзьве каманды па адзінаццаць гульцоў з кожнага боку, якія спрабуюць патрапіць сфэрычным мячом у браму суперніка (забіць гол). Перамагае тая зь дзьвюх камандаў, якая заб’е болей галоў. Асобная гульня ў футбол завецца матчам. У футбол гуляюць каля 250 мільёнаў гульцоў у больш чым 200 краінах сьвету, што робіць яго самым папулярным відам спорту ў сьвеце. Гульня вядзецца на прамавугольным поле. Паводле правілаў гуляць дазволена любой часткай цела, акрамя рук.
Брамнікі зьяўляюцца адзінымі гульцамі, якім дазволена кранацца мяча рукамі ці браць яго у рукі ў той час калі ён знаходзіцца ў гульні і толькі ў сваёй штрафной плошчы. Палявыя гульцы ў асноўным выкарыстоўваюць ногі, каб ударыць або перадаць мяч, але могуць выкарыстоўваць сваю галаву ці тулава каб прабіць па мячу ці аддаць перадачу.
У залежнасьці ад рэгламэнту футбольнага спаборніцтва гульня можа скончыцца нічыёй, калі дзьве каманды забілі аднолькавую колькасьць мячоў ці ня здолелі правесьці гол у браму суперніка, ці для выяўленьня пераможца гульня пераходзіць у дадатковы час ці сэрыю пэнальці. Першыя правілы гульні былі складзены ў Ангельшчыне Футбольнай асацыяцыяй у 1863 годзе. Футболам на сёньня рэгулюе міжнародная арганізацыя ФІФА, якая ў прыватнасьці арганізуе чэмпіянат сьвету раз на чатыры гады[6]. Таксама існуе вялікая колькасьці рэгіянальных і нацыянальных фэдэрацыяў, якія таксама ладзяць свае турніры.