![cover image](https://wikiwandv2-19431.kxcdn.com/_next/image?url=https://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/5f/QizilDonors.jpg/640px-QizilDonors.jpg&w=640&q=50)
Тахары
From Wikipedia, the free encyclopedia
Таха́ры (таксама псэ́ўдатаха́ры) — тэрмін у гістарыяграфіі, пад якім вядомыя індаэўрапейскамоўныя насельнікі аазісных местаў-дзяржаваў на паўночнай ускраіне Тарымскае западзіны, што ў сучасным Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным раёне, паўночны захад Кітаю. Размаўлялі на мовах, вядомых у лінгвістычнай і гістарычнай літаратуры пад аднайменным тэрмінам, якія належалі да індаэўрапейскае сям’і моваў і былі вядомыя дзякуючы пісьмовым помнікам пэрыяду VI—VIII стст. н.э., пасьля чаго былі выцесьненыя цюрскімі дыялектамі старажытных уйгураў, якія ўварваліся ў рэгіён.
Тахары | |
Рэгіёны пражываньня | Тарымская западзіна (паўночны захад суч. Кітаю) |
---|---|
Мовы | тахарскія |
Рэлігія | будызм, маніхейства |
Блізкія этнасы | іншыя індаэўрапейскія народы |
![Thumb image](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/5/5f/QizilDonors.jpg/640px-QizilDonors.jpg)
Тэрмін таха́ры замацаваўся ў літаратуры ў сучасным разуменьні прыкладна з канца ХІХ ст., будучы запазычаным ад старажытнагрэцкага Τόχαροι, пад якім, аднак, меўся на ўвазе іншы індаэўрапейскі этнас, які насяляў Бактрыю (сучасныя заходні Таджыкістан і паўднёва-ўсходні Ўзбэкістан). Нягледзячы на памылковы характар падобнага атаясамліваньня, тэрмін стаўся трывалым у гістарычнай і лінгвістычнай літаратуры.
Шэраг дасьледчыкаў зьвязваюць тахараў з насельніцтвам Афанасьеўскай культуры (усходняя Сыбір, 3500 — 2500 тыс. гг. да н.э.), г.зв. Тарымскімі муміямі (1800 гг. да н.э.) і вядомымі паводле кітайскіх хронікаў плямёнамі юэчжы, большая частка якіх мігравала з захаду сучаснае правінцыі Ганьсу ў Бактрыю ў ІІ ст. да н.э., затым — на паўночны захад Індыйскага субкантынэнту, дзе імі было заснаванае Кушанскае царства.