Сьпяваючая рэвалюцыя
падзеі, якія скончыліся падзеньнем савецкага ладу ў прыбалтыйскіх дзяржавах / From Wikipedia, the free encyclopedia
Сьпява́ючая рэвалю́цыя — сэрыя мірных акцыяў пратэсту ў рэспубліках Прыбалтыкі ў 1987—1991 роках, галоўнай мэтаю якіх было аднаўленьне дзяржаўнага сувэрэнітэту Латвіі, Летувы і Эстоніі[1][2]. Тэрмін быў прапанаваны эстонскім актывістам Гайнцам Валькам у артыкуле пра падзеі 10—11 чэрвеня 1988 року, калі на Сьпеўным полі Таліну адбылася спантанная начная сьпеўная дэманстрацыя[3].
Панятак «Сьпяваючая рэвалюцыя» найперш тычыцца Эстоніі і Латвіі, у меншай ступені — Летувы. Сымбалямі рэвалюцыі сталі народныя песьні прыбалтыйскіх народаў (у Латвіі — дайны), якія сьпявалі на мітынгах, насустрач праходзячым савецкім танкам ці падчас начных масавых сходак на мескіх плошчах.
Немалую вядомасьць атрымаў і жывы ланцуг людзей даўжынёй 600 км (Талін — Рыга — Вільня) 23 жніўня 1989, які атрымаў назву «Балтыйскі шлях».
Мэта рэвалюцыі была дасягнутая практычна без ахвяраў і разбурэньняў, за выняткам расстрэлу чатырнаццаці мірных дэманстрантаў у Вільні 13 студзеня 1991 року, забойства жаўнерамі Рыскім аддзелам АМАП МУС СССР двух латвійскіх міліцыянтаў і трох грамадзянаў у Рызе 20 студзеня 1991 і, разам з байцамі Віленскага АМАПу МУС СССР, васьмі летувіскіх мытнікаў і паліцыянтаў на граніцы Летувы зь Беларускай ССР 31 ліпеня 1991[4].