Сусьветнае павуціньне
сыстэма ўзаемазьвязаных гіпэртэкставых дакумэнтаў, даступных праз інтэрнэт / From Wikipedia, the free encyclopedia
Сусьветнае павуціньне (па-ангельску: World Wide Web) — разьмеркаваная інфармацыйная сыстэма, якая прадастаўляе доступ да зьвязаных адно з адным гіпэртэкставых дакумэнтаў пасродкам сеткі Інтэрнэт. З дапамогай вэб-браўзэра можна праглядаць вэб-старонкі, якія могуць зьмяшчаць тэксты, выявы, відэа-ролікі і іншыя мультымэдыйныя матэрыялы, і перамяшчацца паміж старонкамі, выкарыстоўваючы гіпэрспасылкі. Выкарыстоўваючы ідэі ранейшых гіпэртэкставых сыстэмаў, брытанскі інжынэр і навуковец у галіне кампутарных тэхналёгіяў Тым Бэрнэрз-Лі (цяпер дырэктар Кансорцыюма Сусьветнага павуціньня) у сакавіку 1989 году апісаў прапанову сыстэмы, якая ў рэшце рэштаў зрабілася Сусьветным павуціньнем.[1] Пазьней да яго далучыўся бэльгійскі навуковец Робэрт Каё (анг. Robert Cailliau), калі яны разам працавалі ў CERN у Жэнэве (Швайцарыя). У 1990 годзе яны прапанавалі выкарыстоўваць «гіпэртэкст […] для злучэньня і атрыманьня доступу да разнастайных зьвестак у якасьці сеткі вузлоў, якімі карыстальнік зможа карыстацца па ўласным жаданьні»,[2] і зрабілі рэалізацыю такой сеткі ў сьнежні 1990 году.[3]
«Сусьветнае павуціньне было створанае, каб стаць асновай для збору чалавечых ведаў, якая б дазваляла узаемадзеяньне з аддаленых месцазнаходжаньняў, каб аб’яднаць разнастайныя ідэі і ўсе аспэкты агульнага праекту».[4] Калі ў розных мясьцінах ствараюцца два праекты, то маючы агульны сродак да далейшага разьвіцьця, яны могуць стаць агульнай аб’яднанай працай.
Для абазначэньня Сусьветнага павуціньня таксама выкарыстоўваюць словы вэб або ўэб (па-ангельску: web) і «WWW».