From Wikipedia, the free encyclopedia
Самахва́лавічы[1] — вёска у Беларусі, на рацэ Пцічы. Цэнтар сельсавету Менскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 2541 чалавек. Знаходзяцца за 10 км на поўдзень ад Менску, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Менск-Пасажырскі. Аўтамабільныя дарогі на Менск, Койданаў, Слуцак.
Самахвалавічы лац. Samachvałavičy | |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Менская |
Раён: | Менскі |
Сельсавет: | Самахвалавіцкі |
Вышыня: | 207 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 2541 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 17 |
Паштовы індэкс: | 223013 |
Нумарны знак: | 5 |
Геаграфічныя каардынаты: | 53°44′27″ пн. ш. 27°30′7″ у. д. |
± Самахвалавічы | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Самахвалавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. З 1964 году тут працуе Інстытут пладаводзтва НАН Беларусі, а з 1990-га — Інстытут агародніцтва.
Першы пісьмовы ўпамін пра Самахвалавічы як сяло, цэнтар маёнтку М. Валадковіча датуецца 1582 годам. У гэты час тут былі карчма, стадола. На 1667 год — 21 дым, карчма, млын.
У пачатку XVIII ст. Самахвалавічы знаходзілася ў валоданьні Халецкіх. Праз жаніцьбу з Ганнай з Халецкіх ён перайшоў да князя Альбрэхта Радзівіла, старосты рэчыцкага. Пазьней у выглядзе пасагу маёнтак атрымаў Міхал Пузана. Аднак празь безгаспадарнасьць апошняга Самахвалавічы прыйшлі ў заняпад, рэшткі маёнтку адыйшлі да ягонага сына Яўгена. Потым — да сястры апошняга — Пульхерыі, паводле мужа Серпухоўскай. Яшчэ пазьней — да яе дачкі Соф’і, якая выйшла за Валяр’яна Буцэвіча. На 1791 год існавалі аднайменныя вёска (2 двары, 44 дымы, карчма) і мястэчка (66 дымоў, царква). Абодва паселішчы знаходзіліся ў валоданьні Пузынаў.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Самахвалавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Менскага павету Менскай губэрні. На 1815 год у мястэчку было 22 двары, зь іх 16 юдэйскіх. Існавалі драўляныя царква і школа. На рацэ Пціч была грэбля, мост, 2 млыны (на 2 і на 3 паставы), сукнавальня. У двары меўся драўляны сядзібны дом, рэгулярнага пляну сад. У вёсцы было 26 двароў. На 1861 год — 46 двароў, 2 царквы, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, вадзяны млын.
У 1863 годзе расейскія ўлады з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага збудавалі ў Самахвалавічах царкву-мураўёўку і адкрылі народную вучэльню. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку 79 двароў, 679 дамоў, валасная ўправа, 4 кузьні, народная вучэльня, прыёмны пакой, царква, капліца, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, 15 крамаў, карчма; у вёсцы 33 двары, хлебазапасны магазын; у маёнтку 5 двароў. У канцы XIX ст. па разьліках зь вінавайцамі ў фальварку Самахвалавічы засталося 20 валок добрай зямлі й лугоў, а таксама ў досыць добрым стане млын. Мястэчка налічвала 40 будынкаў. Ягоныя жыхары мелі ў навакольлі нядобрую славу канакрадаў. У вёсцы было 22 гаспадаркі[3]. У мястэчку Самахвалавічах існавала 2 буйныя крамы, у якіх сяляне навакольных вёсак маглі купіць усе патрэбныя для тагачаснай гаспадаркі рэчы. Прадаць жа прадукты сельскагаспадарчай дзейнасьці было амаль немагчыма празь невялікую колькасьць жыхароў, то бок патэнцыйных пакупнікоў. З гэтай патрэбы сялянам даводзілася ехаць на кірмашы, да адмысловых перакупнікаў альбо да перапрацоўнікаў у Койданаў, ці часьцей у сам Менск[4]. На 1917 год існавалі аднайменныя мястэчка (132 двары), вёска (38 двароў) і маёнтак (1 двор).
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Самахвалавічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Самахвалавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Самахвалавіцкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[5]. 1 студзеня 1919 годзе ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР, дзе ў 1924 годзе стала цэнтрам раёну (з 26 траўня 1935 году ў Менскім раёне). Афіцыйны статус Самахвалавічаў панізілі да пасёлку. На 1941 год тут было 99 двароў. У Другую сусьветную вайну з 1941 да 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1964 годзе з Лошыцы ў Самахвалавічы перанесьлі Беларускі навукова-дасьледчы інстытут пладаводзтва, агародніцтва і бульбаводзтва (БелНДІПАБ). На 1 студзеня 1997 год у вёсцы было 958 двароў, на 2001 год — 939. 25 сакавіка 2010 году Самахвалавічы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».
У Самахвалавічах працуюць сярэдняя і музычная школы, амбуляторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
У наш час у вёсцы збудавалі новую царкву Сьвятога Духа, арганізуецца каталіцкая парафія Сьвятога Духа і Сьвятога Міхала Арханёла.
Самахвалавічы знаходзяцца на скрыжаваньні шашы P23 з Н9033.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.