Габсбургі
аўстрыйская дынастыя / From Wikipedia, the free encyclopedia
Габсбургі і ім спадкаемная сям’я Габсбургаў-Лятарынскіх былі адной з найважнейшых правячых дынастыяў Эўропы, і найлепш вядомыя як гаспадары Гішпаніі і Аўстрыі. Час іх гаспадараньня ахоплівае шэсьць стагодзьдзяў.
Пачатак дынастыі Габсбургаў палягае ў супрацьстаяньні паміж папам Грыгорыюсам X і каралём Сыцыліі ў пытаньні скліканьня чарговага крыжовага паходу. У 1273 годзе, каб дамагчыся падтрымкі Імпэрыі, папа Грыгорыюс пераканаў нямецкіх уладароў абраць графа Рудольфа Габсбурга на імпэратарскі пасад.
Аднак сапраўднае ўзвышаньне Габсбургаў пачалося, калі Фрыдрых V Габсбург, кароль Нямеччыны з 1440 году, быў каранаваны Сьвятым Рымскім Імпэратарам у 1452 годзе пад імем Фрыдрых ІІІ. Тытул імпэратараў захаваўся ў сям’і Габсбургаў і іх непасрэдных спадкаемцаў, Габсбургаў Лятарынскіх, да самага ануляваньня Імпэрыі ў 1806 годзе зь невялікімі перапынкамі ў 1610-х і 1740-х гадох.
Некаторыя дынастыі ваявалі, каб дамагчыся вяршыняў улады, іншыя пайшлі шляхам інтрыгаў і змоваў, але Габсбургі пайшлі шляхам шлюбаў. Яны пачалі з Аўстрыі, а пасьля ажаніліся на Нідэрляндах, Бургундыі, Мілянскім герцагстве, Сыцыліі і, зрэшты, Гішпаніі з усімі яе ўладаньнямі ў Амэрыцы. Найвышэйшы ўздым Габсбургаў прыйшоўся на час гаспадараньня Карла V, імпэратара Сьвятое Рымскае Імпэрыі (1516-1556), над чыёй імпэрыяй «ніколі не заходзіла сонца».
Пасьля яго сьмерці Габсбургі падзяліліся на дзьве лініі: Гішпанскія Габсбургі (да 1700 году) ды Аўстрыйскія Габсбургі (да 1780 году). Прамымі спадкаемцамі аўстрыйскае лініі дому былі Габсбургі Лятарынскія, якія знаходзіліся на Аўстрыйскім, а пасьля Аўстра-Вугорскім троне да 1918 году.