Бялкі
біялягічная малекула / From Wikipedia, the free encyclopedia
Бялкі́ (пратэі́ны, поліпэпты́ды) — складаныя высокамалекулярныя арганічныя рэчывы, якія складаюцца са злучаных у ланцужок пэптыднай сувязьзю амінакісьляў. Звычайна бялкі зьяўляюцца лінейнымі палімэрамі — поліпэптыдамі, хоць часам маюць складаную структуру. Невялікія бялковыя малекулы, г. зн. алігамэры поліпэптыды, называюцца пэптыдамі. Пасьлядоўнасьць амінакісьляў у канкрэтным бялку вызначаецца адпаведным генам і зашыфравана генэтычным кодам. Хоць генэтычны код большасьці арганізмаў вызначае толькі 20 амінакісьляў, іхнае камбінаваньне дазваляе ствараць вялікую разнастайнасьць бялкоў з рознымі ўласьцівасьцямі. Акрамя таго, амінакісьлі ў складзе бялка часта падвяргаюцца посттрансьляцыйным мадыфікацыям, якія могуць узьнікаць і да таго, як бялок пачынае выконваць сваю функцыю, і падчас яго «работы» ў вузе. Часта ў жывых арганізмах некалькі малекулаў бялкоў ствараюць комплексы, напрыклад, фотасынтэтычны комплекс.
Бялкі маюць больш разнастайныя функцыі ў вузе, чым функцыі іншых біяпалімэраў — поліцукрыдаў і нуклійных кісьляў. Гэтак, бялкі-фэрмэнты каталізуюць праходжаньне біяхімічных рэакцыяў і гуляюць важную ролю ў абмене рэчываў. Некаторыя бялкі выконваюць структурную або мэханічную функцыю, утвараючы цыташкілет, які зьяўляецца важным сродкам падтрыманьня формы вузаў. Таксама бялкі гуляюць важную ролю ў сыгнальных сыстэмах вузаў, вузнай адгезіі, імунным адказе й вузным цыклі.
Яны зьяўляюцца важнай часткай харчаваньня жывёлаў і чалавека, паколькі гэтыя арганізмы няздольныя сынтэзаваць поўны набор амінакісьляў і павінны атрымліваць іхную частку зь бялковай ежай. У працэсе страваваньня фэрмэнты руйнуюць спажытыя бялкі, раскладваючы іх да ўзроўню амінакісьляў, якія выкарыстоўваюцца пры біясынтэзу бялкоў арганізма ці падвяргаюцца далейшаму распаду для атрыманьня энэргіі.
Бялкі былі ўпершыню апісаны швэдзкім хімікам Енсам Якабам Бэрцэліюсам у 1838 годзе, які даў ім назву пратэіны (ад грэц. πρώτα — «першараднай важнасьці»). Аднак, іхная цэнтральная роля ў жыцьцядзейнасьці ўсіх жывых арганізмаў была выяўлена толькі ў 1926 годзе, калі Джэймз Самнэр паказаў, што фэрмэнт урэазы таксама зьяўляецца бялком[1].