Першы ўрад Арсеня Яцанюка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ура́д Арсе́ня Яцаню́ка — ўрад Украіны, створаны ў выніку падзеяў Эўрамайдану напрыканцы лютага—пачатку сакавіка 2014 году ды які існаваў да ўтварэньня другога ўраду Арсеня Яцанюка, па выніках выбараў ў Вярхоўную Раду Ўкраіны (2014). Паводле ўкраінскага заканадаўства ачольваецца прэм’ер-міністрам краіны, якім зьяўляўся Арсень Яцанюк.
Новы ўрад краіны неўзабаве быў прызнаны большасьцю краінаў міжнароднае супольнасьці, у прыватнасьці канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, прэм’ер-міністаркай Латвіі Лаймдатай Страўюма і прэм’ер-міністрам Летувы Альгірдасам Буткявічусам, якія 27 лютага гэтага ж году афіцыйна павіншавалі Арсеня Яцанюка з прызначэньнем на пасаду[1][2][3]. У той жа дзень віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ЗША выражае падтрымку часоваму ўраду краіны на чале зь Яцанюком[4][5][6][7]. Між іншым, падзеі, у выніку якіх быў сфармаваны новы ўрад краіны, былі асуджаныя Расеяй як незаконны пераварот, падобныя ацэнкі выказалі таксама прадстаўнікі ўладаў на Крымскім паўвостраве. Гэта, у сваю чаргу, спрычынілася да працягу г.зв. Крымскага крызісу, у якім актыўны ўдзел узялі прарасейскія ўладавыя структуры рэгіёну пры падтрымцы Расеі[8][9][10][11].