МэдыяВікі
From Wikipedia, the free encyclopedia
МэдыяВікі (анг. MediaWiki) — праграмнае забесьпячэньне тыпу вікі, якое выкарыстоўваецца ўсімі разьдзеламі Вікіпэдыі і некалькімі іншымі праектамі, якія знаходзяцца пад кіраўніцтвам Фундацыі «Вікімэдыі», а таксама мноствам незалежных праектаў. MediaWiki напісана з выкарыстаньнем РНР і распаўсюджваецца на ўмовах ліцэнзіі GNU GPL. Ядром базы зьвестак могуць служыць сэрвэры з SQL-падобным сынтаксам, напрыклад MySQL ці PostgreSQL, а таксама SQLite, падтрымка якой зараз актыўна рэалізуецца. Для адлюстраваньня матэматычных формулаў выкарыстоўваецца кампутарная мова TeX.
- Ня варта блытаць зь Вікімэдыяй.
Апошняя стабільная вэрсія MediaWiki была выдадзена 22 чэрвеня 2011 году — вэрсія 1.17.0, якая патрабуе не ніжэй РНР 5.2.3[1]. У праектах Вікімэдыі выкарыстоўваецца аптымізаваная для працы з Squid-кэшэрамі і балянсэрамі нагрузкі вэрсія 1.16wmf. Сучасны стан можна ўдакладніць на старонцы Спэцыяльныя:Version, якая ёсьць сэрвіснай старонкай праграмнага пакету.
Праграмнае забесьпячэньне MediaWiki мае модульную будову, што без асаблівых цяжкасьцяў можа мадыфікавацца і паляпшацца з дапамогай пашырэньняў (анг. extensions), якія дадаюць такія новыя функцыі карыстальнікам, як новыя спэцыяльныя старонкі, ці новыя мажлівасьці непасрэдна на сайце.
Асобы, якія жадаюць стварыць сэрвіс з дапамогай MediaWiki, могуць гэта зрабіць з дапамогай спэцыяльных праграмаў. Мажлівасьцямі MediaWiki карыстаюцца шматлікія сэрвісы, якія не зьвязаныя зь Вікімэдыяй. Часта яны карыстаюцца для стварэньня дакумэнтацыі да праектаў з адкрытым зыходным кодам. Існуе мажлівасьць стварэньня ўласных лякальных асяродзьдзяў вікі.