Мусульманскі каляндар
месяцавы каляндар / From Wikipedia, the free encyclopedia
Мусульманскі каляндар або Ісламскі каляндар — месяцовы каляндар, які выкарыстоўваецца ў ісламе для вызначэньня датаў рэлігійных сьвятаў, а таксама афіцыйны каляндар у пэўных мусульманскіх краінах. Годазьлічэньне вядзецца ад Гіджры (16 ліпеня 622 году н. э.) — даты перасяленьня прароку Мухамада і першых мусульманаў з Мэкі і Мэдыну. З гэтай прычыну ў мусульманскіх краінах каляндар называюць календаром Гіджры (па-арабску: الـتـقـويم الـهـجـري, ат-таквіму-л-Гіджры).
Год складаецца з 12 месяцовых месяцаў і ўтрымлівае каля 354 дзён, што на 10 або 11 дзён меней за працягласьць сонечнага году. З гэтай прычыны дні мусульманскіх рэлігійных сьвятаў штогод ссоўваюцца адносна Грэгарыянскага календара.
Суткі, паводле мусульманскага календара, пачынаюцца ў момант заходу сонца, а не апоўначы, як у грэгарыянскім календары.
Месяцы складаюцца з 29 або 30 дзён, звычайна безь якой-колечы бачнай пасьлядоўнасьці. Па традыцыі, першым днём новага месяца лічыцца дзень пасьля астранамічнага маладзіка, калі хутка пасьля заходу сонца на небе можна ўбачыць серп месяца. Калі серп ня быў бачны пасьля 29-га дня месяца, напрыклад, з-за аблокаў або з-за таго, што месяц заходзіць адразу пасьля сонца і неба было яшчэ занадта сьветлым, то новы дзень лічыўся 30-м днём бягучага месяца. Назіраньне месяцовага месяца мусяць засьведчыць прынамсі два вартых даверу мусульманіна.
Такая сыстэма дагэтуль выкарыстоўваецца ў пэўных краінах, напрыклад, у Пакістане і Банглядэшы. Аднак, у большасьці ісламскіх краінаў карыстаюцца астранамічнымі правіламі, якія дазваляюць вылічваць пачатак месяцаў загадзя. У розных краінах выкарыстоўваюцца розныя правілы. Апроч гэтага, розьніца ў чаце паміж заходам сонца і заходам месяца залежыць ад геаграфічных каардынатаў мясцовасьці. Чым далей на ўсход разьмяшчаецца краіна, тым большая імавернасьць, што месяц будзе бачны на небе. Такім чынам, у розных ісламскіх краінах календары адрозьніваюцца і частак адны і тыя ж рэлігійныя сьвяты адзначаюцца ў розныя дні.