Го́рад, ме́ста — населены пункт, што адрозьніваецца ад мястэчка альбо вёскі памерам, шчыльнасьцю насельніцтва, значэньнем ці юрыдычным статусам. Звычайна, гарады маюць даволі вялікія памеры і выразную ўласна гарадзкую частку, аднак часам да гарадоў адносяць мясьціны прадмесьцевага ці нават вясковага характару. Аднясеньне населенага пункта да катэгорыі гарадоў афармляецца ў заканадаўчым парадку; пры гэтым крытэр колькасьці насельніцтва гораду адрозьніваецца — ад 250 чалавек у Даніі, да 50 тысячаў чалавек у Японіі.
Места мае свой непаўторны характар, які зьмяняецца ад цэнтру да ўскраінаў. Места ёсьць арэнай грамадзкіх адносінаў, адлюстроўвае сацыяльную структуру грамадзтва. Горад мае разьвіты комплекс гаспадаркі і эканомікі, ён зьяўляецца скупнасьцю архітэктурных і інжынэрных збудаваньняў, якія забясьпечваюць жыцьцезабесьпячэньне насельніцтва. Гарады служылі цэнтрам разьвіцьця мастацтва і рамёстваў, тэхнічных дасягненьняў. Горад — ня проста сума дамоў, гэта самастойны шматаблічны, але суцэльны арганізм[1].
Этымалёгія
Слова «горад» паходзіць ад дзеяслова «гарадзіць», і ў часы Полацкага ды Тураўскага княстваў пазначала агароджанае паселішча зь сядзібай палітычнай і духоўнай адміністрацыі.[2] Цывілізацыйна старадаўнія гарады мала чым адрозьніваліся ад вёсак.
У часы Вялікага Княства Літоўскага беларускія гарады праз распаўсюджваньне Майдэборскага права далучаюцца да эўрапейскай гарадзкой супольнасьці. Набыцьцё правоў і прывілеяў разам з узрастаньнем у жыцьці насельнікаў ролі гандлю, рамёстваў й промыслаў спрыялі цывілізацыйнай трансфармацыі гарадзкога паселішча. Гэтая перамена адлюстравалася і ў тэрміналёгіі: з ХІІІ стагодзьдзя[3] назва «горад» у літоўскіх (беларускіх) пісьмовых помніках замацоўваецца за старажытнымі замкавымі ўмацаваньнямі, новая частка паселішча, сэрцам якой робіцца рынак, атрымлівае назву «места»[4]. У дадзеным значэньні слова «места» фіксуецца ня толькі ў літаратурнай старабеларускай мове, але і як архаізм[3] у беларускім народным фальклёры. З ХV стагодзьдзя[3] характар места-рынку быў пашыраны на ўсё паселішча, толькі прыметнік «гарадзкі» («гродзкі») працягвае ўжывацца як сынонім слова «замкавы» (напр. гродзкі суд).
Шырокае выкарыстаньне «места» фіксуецца ў час адраджэньня беларускай мовы (2-я палова ХІХ — пачатак ХХ стст). Напрыклад, Францішак Багушэвіч у сваім вершы «Немец» пісаў:
|
У Маскоўска-беларускім слоўніку, выдадзеным братамі Г. і М. Гарэцкімі ў Вільні (1920), «места» даецца як першы беларускі пераклад да расейскага «город».[5]
Слова «места» афіцыйна ўжывалася і ў БССР: «Расейска-беларускі слоўнік» С. Некрашэвіча і М. Байкова (1928) эквівалентам расейскага «город» дае беларускія «места», «горад» (менавіта ў такой пасьлядоўнасьці[6]), прысутнічаюць тамака і вытворныя прыметнікі «мескі» й «прымескі» — адпаведныя расейскім «городской» і «пригородный». Аднак пасьля правапіснай рэформы 1933 году, якая паклала пачатак палітыкі русіфікацыі, гэты тэрмін штучна выкідваецца з парэформавых савецкіх слоўнікаў беларускай мовы.[7] Па-за межамі СССР «места» працягвае актыўна выкарыстоўвацца ў якасьці адзінай дапушчальнай назвы вялізнага населенага пункту.[3]
Месты Беларусі
На 1 студзеня 1947 году ў Беларускай ССР налічвалася 66 местаў[8], зь іх:
- 17 местаў абласнога падпарадкаваньня;
- 48 местаў раённага падпарадкаваньня;
- Менск — места рэспубліканскага падпарадкаваньня, сталіца Беларускай ССР, зьяўлялася таксама абласным і раённым цэнтрам.
На 1 студзеня 1999 году ў Беларусі налічвалася 109 местаў[9], на 1 студзеня 2003 году — 110 местаў[10], на 1 студзеня 2004 году — 109 местаў[11], на 1 кастрычніка 2004 году — 111 местаў[12].
На 1 студзеня 2010 году ў Беларусі налічвалася 112 местаў[13], зь іх:
- 12 местаў абласнога падпарадкаваньня;
- 99 местаў раённага падпарадкаваньня (зь іх 85 зьяўляюцца раённымі цэнтрамі);
- Менск, сталіца Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца таксама абласным і раённым цэнтрам.
27 сакавіка 2012 году гарадзкі пасёлак Астравец атрымаў статус места. У сувязі з гэтым, на 1 красавіка 2012 году ў Беларусі налічвалася 113 местаў, зь іх:
- 12 местаў абласнога падпарадкаваньня;
- 100 местаў раённага падпарадкаваньня (зь іх 86 зьяўляюцца раённымі цэнтрамі);
- Менск, сталіца Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца таксама абласным і раённым цэнтрам.
Крыніцы
Літаратура
Вонкавыя спасылкі
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.