From Wikipedia, the free encyclopedia
Кры́стафэр Марла (па-ангельску: Christopher Marlowe) (26 лютага 1564, Кентэрбэры — 30 траўня 1593, Дэптфард) — ангельскі паэт, перакладчык і драматург лізавэцінскае эпохі, адзін з найвыбітнейшых папярэднікаў Шэксьпіра. Марла быў незвычайнай асобай, доказам чаму быў ня толькі яго яскравы паэтычны талент, але і прыналежнасьць да філязоўскага кружка Ў. Рэйлі, чальцы якога, відаць, веравызнавалі даволі нетрадыцыйныя для свайго часу погляды, ставячы пад сумнёў несьмяротнасьць чалавечае душы.
Марла нарадзіўся 16 лютага 1564 г. у Кентэрбэры, у сям’і шаўца. У родным горадзе наведваў кентэрбэрыйскую Каралеўскую школу, затым вучыўся ў Кембрыджы. Скончыў Коледж Цела Хрыстова ў Кембрыдзкім унівэрсытэце, стаўшы бакаляўрам (1584), а затым — відаць, па пратэкцыі кіраўніка сакрэтнае службы Ф. Ўолсынгэма — магістрам (1587). Сувязь Марла з апошнім, відаць, і тлумачыць шмат вольнасьцяў у яго паводзінах яшчэ падчас вучобы ў Кембрыджы. Так ён здолеў безтурботна пакінуць Кембрыдж, як тое было зь лютага па чэрвень 1587 г. Ніхто ня ведаў, дзе Марла ўвесь гэты час знаходзіўся. Гэта сайшло яму з рук відаць ня без заступства ўплывовых асобаў Лёндана. Як сьцьвярджаюць многія дасьледчыкі біяграфіі ангельскага паэта і драматурга, у тым ліку і Я. Чарняк у сваёй кнізе «Пяць стагодзьдзяў таемнае вайны» па заданьню Ўолсінгэма Марла выконваў нейкую таемную місію ў Эўропе. Яго мэтай было сабраць падрабязную інфармацыю аб дзейнасьці ангельскага каталіцкага падпольля ў Францыі, якое імкнулася кінуць выклік пратэстанцкаму рэжыму каралеву Элізабэты I.
Пазьней Крыстафэр Марла пераехаў у Лёндан і заняўся актыўнай літаратурнай дзейнасьцю. Тады ж уступіў у літаратурны кружок драматургаў «Унівэрсытэцкія ўмы», куды ўваходзілі паэты Д. Лілі, Т. Нэш, Р. Грын, Дж. Піл і Т. Лодж. Тады ж была пастаўленая яго першая трагедыя «Тамэрлян вялікі, скіфскі пастух». Прыблізна з гэтага часу яго стасункі з урадам стромка мяняюцца. Вальнадумны кружок Ў. Рэйлі, у які ўваходзіў Марла, ня быў ва ўрадзе на добрым рахунку. Лічылася, што там праводзіліся нейкія блюзьнерскія абрады. У траўні 1593 года ў Лёндане адбыліся хваляваньні, у якіх удзельнічалі каталікі і пратэстанты. У горадзе распаўсюдзіліся памфлеты з выпадамі супраць рабочых-імігрантаў з Фляндрыі. Тайны савет шукаў аўтараў паклёпніцкіх заклікаў сярод лёнданскае літаратурнае багемы. Былі зьдзейсьненыя ператрусы, у тым ліку і на кватэры драматурга Томаса Кіда. Пасярод яго папераў былі выяўленыя зацемкі, якія зьмяшчалі ерэтычныя выказваньні: доказы атэізма, адмаўленьне Боскае сутнасьці Хрыста, насьмешкі над ягонымі цудамі. Кід, зьняволены ў турму, паказаў, што паперы належылі Марла і засталіся ад іхняе сумеснае працы над п'есай два гады таму. Быў альбо ня быў Марла таемным агентам, фармальна савет павінен быў дапытаць яго. 20 траўня 1593 г. паэта, які гасьціў у свайго сябра Томаса Ўолсынгэма (кузэна Фрэнсыса Ўолсынгэма) ў маёнтку Скэлбэры (Кент), выклікалі на паседжаньне Таемнага Савета, але не арыштавалі, а толькі загадалі кожны дзень адзначацца ў канцылярыі Савета дагэтуль, пакуль ня будзе вынесены прысуд па яго справе. Ён пераехаў у Дэптфард, верагодна, допыт так і не адбыўся, а праз 10 дзён Марла забілі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.