ангельскі футбольны клюб зь Лёндану From Wikipedia, the free encyclopedia
«Крыстал Пэлас» (па-ангельску: Crystal Palace) — ангельскі футбольны клюб з гораду Лёндан. Заснаваны ў 1905 годзе. Фіналіст Кубка Ангельшчыны (1990). Свае хатнія гульні каманда праводзіць на стадыёне «Сэлгэрст Парк», дзе яна базуецца з 1924 году. Стадыён здольны зьмясьціць 26 309 чалавек.
Крыстал Пэлас | ||||||
Поўная назва | па-ангельску: Crystal Palace Football Club | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 10 верасьня 1905 | |||||
Горад | Лёндан, Ангельшчына | |||||
Стадыён |
Сэлгэрст Парк Умяшчальнасьць: 26 309 | |||||
Кіраўнік | Стыў Пэрыш[d], Джош Гарыс[d][1] і Дэйвід С. Бліцэр[d][1] | |||||
Чэмпіянат | Прэм’ер-Ліга | |||||
· 2023—2024 | 10 месца | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы cpfc.co.uk (анг.) |
Клюб быў сфармаваны ў 1905 годзе працаўнікамі Крышталёвага палацу. Клюб дасягнуў найвышэйшага дывізіёну ангельскага футболу ў сэзоне 1969—1970 гадоў, а ягоным першым буйным фіналам быў фінал Кубка Ангельшчыны ў 1990 годзе. Клюб зьведваў вылет з найвышэйшага дывізіёну ў 1973 годзе й яшчэ раз у наступным сэзоне ўжо ў трэці дывізіён. Такім чынам клюб гуляў у трэцім дывізіёне з сэзону 1974—1975 гадоў, перш чым здолеў вярнуцца ў другі дывізіён па выніках сэзону 1979—1980 гадоў.
Апошні пасьпяховы пэрыяд «Крыстал Пэлас» пачаўся ў сэзоне 1988—1989 гадоў, калі клюб заняў трэці радок у другім дывізіёне й прабіўся, такім чынам, у першы дывізіён. У 1990 годзе клюб дасягнуў фіналу Кубка Ангельшчыны, дзе, аднак, саступіў зь мінімальным лікам «Манчэстэр Юнайтэд», а таксама заняў 3 месца ў першым дывізіёне ў сэзоне 1990—1991 гадоў. «Крыстал Пэлас» стаўся адным з заснавальнікаў Прэм’ер-лігі, але вылецеў па выніках першага сэзону навастворанага спаборніцтва. Ад гэтага часу клюбе некальуі разоў трапляў і вылетаў з вышэйшага дывізіёну. Апошні вылет датуецца сэзонам 2004—2005 гадоў.
Галоўным супернікам «Крыстал Пэлас» зьяўляецца клюб «Брайтан энд Гоўв Альбіён»[2], не зважаючы на тое, што маецца таксама суперніцтва зь іншымі камандамі паўднёвага Лёндану, як то «Мілўол» і «Чарлтан Атлетык». Клюб двойчы зьведваў вонкавы фінансавы кантроль, з-за фінансавых праблемаў, спачатку ў 1998 годзе, які скончылася ў 2000 годзе з купляй клюбу Сайманам Джорданам. Ягонае кіраўніцтва скончылася ў 2010 годзе, што зноўку прывяло да вонкавага ўмяшаньня.
Футбольны клюб «Крыстал Пэлас» быў створаны 10 верасьня 1905 году будаўнікамі Крышталёвага палацу (анг. Crystal Palace) пры падтрымцы ўладальнікаў Нацыянальнага спартовага цэнтру «Крыстал Пэлас», якія жадалі бачыць у сябе прафэсійны футбольны клюб. Клюб уступіў у Другі дывізіён Паўднёвай лігі ў сэзоне 1905—1906 гадоў і ў першым жа сэзоне, заняўшы першае месца, выйшаў ў Першы дывізіён. «Крыстал Пэлас» таксама далучыўся да United Counties League, заняўшы другое месца ўсьлед за «Ўотфардам». 16 сакавіка 1914 году ў гульні супраць зборнай Ўэйлзу ў футболцы зборнай Ангельшчыны выйшаў першы прадстаўнік «Крыстал Пэлас» Гэнры Колклу. Пасьля пачатку Першай сусьветнай вайны Адміралцейства рэквізавала Крышталёвы палац і клюб быў вымушаны пераехаць на стадыён клюбу «Ўэст Норўуд» — «Гэрн-Гіл». Праз тры гады клюб ізноўку пераехаў — на стадыён «Кройдан Коман Атлетык Граўнд».
Клюб уступіў у Футбольную лігу (трэці дывізіён) у сэзоне 1920—1921 гадоў, стаўшы чэмпіёнам і атрымаўшы правы выхаду ў Другі дывізіён. «Крыстал Пэлас» пераехаў на ўласны стадыён «Сэлгэрст Парк» у 1924 годзе, на якім клюб гуляе па гэты дзень. Першым матчам на новай арэне сталася гульня супраць «Шэфілд Ўэнздэй», за якой назіралі 25 тысячаў гледачоў. Гаспадары пацярпелі ў ёй паразу зь мінімальным лікам 0:1. «Пэлас» завяршыў сэзон на 21 месцы й вярнуўся ў Трэці заходні дывізіён, дзе клюб выступаў да сэзону 1957—1958 гадоў, які каманда скончыла ў ніжняй частцы турнірнай табліцы й вылецела ў новаўтвораны чацьверты дывізіён, разам зь іншымі 11 клюбамі трэцяга паўднёвага дывізіёна й 12 клюбамі зь ніжняй паловы табліцы трэцяга паўночнага дывізіёну. У сэзоне 1960—1961 гадоў «Крыстал Пэлас» вярнуўся ў трэці дывізіён, і гэта стала паваротным момантам у гісторыі клюбу. У сэзоне 1963—1964 гадоў клюб выйшаў у Другі дывізіён, а ў сэзоне 1968—1969 гадоў упершыню ў сваёй гісторыі выйшаў ў Першы дывізіён.
Не зважаючы на выступы ў найвышэйшым дывізіёне з 1969 па 1972 гады, клюб выбыў зь першага дывізіёну, а затым і з другога дывізіёну ў двух сэзонах запар, апынуўшыся ў трэцім дывізіёне ў сэзоне 1974—1975 гадоў. Пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнэра, Тэры Вэнэйблза, «Крыстал Пэлас» вярнуўся ў другі дывізіён ў сэзоне 1976—1977 гадоў, а ў сэзоне 1978—1979 гадоў выйшаў ў першы дывізіён. Але ўжо ў наступным сэзоне «арлы» выбылі зь першага дывізіёну, і заставаліся ў другім дывізіёне ажно да сэзону 1988—1989 гадоў. Клюб таксама дасягнуў фіналу Кубка Ангельшчыны ў сэзоне 1989—1990 гадоў, дзе сустрэўся з «Манчэстэр Юнайтэд». Першы матч скончыўся зь лікам 3:3, а ў перагулёўцы «Манчэстэр Юнайтэд» апынуўся мацнейшымі — 1:0.
Клюб дамогся вялікага посьпеху ў сэзоне 1990—1991 гадоў, заняўшы 3 месца ў Першым дывізіёне й атрымаўшы перамогу ў Кубку паўнапраўных чальцоў, перамогшы «Эвэртан» у фінале зь лікам 4:1, выйграўшы свой першы й пакуль што адзіны кубак. Наступны сэзон пачаўся шматспадзёўна: «Пэлас» разьмяшчаўся на трэцім месцы. Аднак, выступаючы ў праграме Great Britain United на канале Channel Four, прэзыдэнт клюбу Рон Нодс выказаў зьневажальныя камэнтары пра працавітасьць цемнаскурых гульцоў клюбу. Пазьней ён гэта адмаўляў і настойваў, што ягоныя словы былі выдраныя з кантэксту. У адказ на гэтыя выпады Ян Райт, найлепшы бамбардзір клюбу, пасярод сэзону сышоў у «Арсэнал», а «Крыстал Пэлас» скончыў сэзон на 10 месцы. Тым ня менш, гэта дазволіла клюбу стаць адным з заснавальнікаў Прэм’ер-лігі, якая была створана ў 1992 годзе.
Шкода ад заявы Нодса працягвала адбівацца на посьпехах клюбу, і пасьля сыходу некалькіх гульцоў «Пэлас» быў асуджаны на барацьбу за выжываньне. Не зважаючы на бескампрамісную гульню ў шостым туры супраць «Блэкбэрн Ровэрз», якая скончылася ўнічыю 3:3, шматлікія гульцы не жадалі больш выступаць у клюбе, уключаючы гульца сэзону 1989—1990 гадоў Марка Брайта. Абыграўшы за тры туры да канца чэмпіянату «Іпсўіч Таўн» на выезьдзе зь лікам 3:1, «Пэлас» набраў 49 пунктаў, і адзіным клюбам, які аддзяляў іх ад зоны вылету, стаўся «Олдгэм Атлетык» з 40 пунктамі. «Олдгэм» затым абыграў «Лівэрпул», «Астан Віла» ў апошнім туры сустракалася з «Саўтгэмптанам», а «Крыстал Пэлас» адправіўся на «Гайбэры» ў госьці да «Арсэналу». Былы гулец «арлоў» Ян Райт адкрыў лік у матчы, і «кананіры» выйгралі зь лікам 3:0, «Олдгэм» жа абыграў «Саўтгэмптан», пасьля чаго «Крыстал Пэлас» выбыў з Прэм’ер-лігі.
У наступным сэзоне клюб вярнуўся Прэм’ер-лігу, пасьля адстаўкі галоўнага трэнэра Стыва Копэла. Элан Сьміт, памочнік Копэла ў клюбе, стаў галоўным трэнэрам пасьля ягонага сыходу, але ня здолеў захаваць клюб у Прэм’ер-лізе, і «Пэлас» зноўку выбыў у ніжні дывізіён. Копэл вярнуўся ў якасьці галоўнага трэнэра пасьля звальненьня Сьміта. Ён ня змог вывесьці «Пэлас» ў Прэм’ер-лігу ў першым жа сэзоне, прайграўшы ў дадатковы час «Лэстэр Сіці» у фінале плэй-оф. Аднак ужо ў наступным сэзоне «арлы» вярнуліся ў Прэм’ер-лігу. У сэзоне 1998—1999 гадоў клюб зноўку вылецеў ў Першы дывізіён. Новым галоўным трэнэрам праз 30 гадоў ізноў стаў Тэры Вэнэйблз. У «Крыстал Пэлас» пачаліся фінансавыя цяжкасьці, зьвязаныя з банкруцтвам ўладальніка клюбу Марка Голдбэрга.
|
|
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.