Клясычная музыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Клясы́чная му́зыка — шырокі тэрмін для абазначэньня асноўных кірункаў заходнеэўрапейскае літургічнае і сэкулярнае музыкі ў пэрыяд ад IX стагодзьдзя да нашага часу. Ключавыя нормы гэтай традыцыі склаліся прыкладна паміж 1550 і 1900 гадамі. Тэрмін зьявіўся ў пачатку XIX стагодзьдзя з мэтай «кананізаваць» пэрыяд ад Ёгана Сэбастыяна Баха ды Людвіг ван Бэтговэна ў якасьці своеасаблівага залатога веку музыкі[1].
У значэньні якаснае адзнакі, клясычная музыка — гэта музыка мінулага, якая вытрымала выпрабаваньне часам і мае аўдыторыю ў сучасным грамадзтве. Ужо сёньня ў якасьці клясычных успрымаюцца ня толькі вяршыні музычнага мастацтва, але і найлепшыя ўзоры забаўляльных жанраў мінулага: удалыя творы францускай, венскай і вугорскай апэрэты XIX стагодзьдзя — пачатку XX стагодзьдзя, вальсы Ёгана Штраўса і іншыя.
Эўрапейская музыка ў значнай ступені адрозьніваецца ад многіх іншых неэўрапейскіх і папулярных музычных формаў сваёй сыстэмай музычнай натацыі, якая пачала ўжывацца з XVI стагодзьдзя[2]. Заходняя музычная натацыя выкарыстоўваецца кампазытарамі для запісу на паперы вышыні, хуткасьці, мэтру, індывідуальных рытмаў і пазначае дакладнае выкананьне музычнага твору. Гэта пакідае менш магчымасьцяў для такіх практыкаў, як то імправізацыя, якая часьцяком выкарыстоўваецца ў нэеўрапейскіх творах музычнага мастацтва і папулярнай музыкі[3][4].