From Wikipedia, the free encyclopedia
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў — помнік архітэктуры XVII стагодзьдзя ў Слоніме. Знаходзіцца ў цэнтры места, на левым беразе ракі Шчары, на гістарычнай Бэрнардынскай вуліцы[a]. У другой палове XIX ст. улады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ў выніку надбудовы купалоў-цыбулінаў. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў, аўтэнтычны выгляд | |
Краіна | Беларусь |
Места | Слонім |
Каардынаты | 53°05′30.37″ пн. ш. 25°19′13.98″ у. д. |
Канфэсія | Беларускі экзархат |
Эпархія | Наваградзкая япархія[d] |
Архітэктурны стыль | барока |
Дата заснаваньня | XVII ст. |
Статус | Ахоўная зона |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы і кляштар бэрнардынаў на Вікісховішчы |
Комплекс Слонімскага мужчынскага бэрнардынскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з брамай. Па апошняй вайне савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму. У наш час у будынку касьцёла дзее сабор Сьвятой Тройцы Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату, у кляштарным корпусе месьціцца інтэрнат Слонімскай мэдычнай вучэльні.
У 1630 годзе ў Слоніме з фундацыі Андрэя і Кацярыны Радванаў заклалі драўляны касьцёл пры кляштары бэрнардынаў[1]. На яго месцы ў 1639—1645 гадох збудавалі мураваную сьвятыню, асьвечаную ў 1671 годзе. У 1668 і 1750 гадох да апсыды касьцёла прыбудавалі дзьве бакавыя капліцы. У 1749 годзе замест драўлянага збудавалі мураваны кляштарны корпус (захаваўся надпіс «1749» на кутнім камені падмурка).
Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Слонім апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1866 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар і гвалтоўна адабралі будынкі ў каталікоў. У 1867 годзе касьцёл перарабілі пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), кляштар рэканструявалі пад духоўную вучэльню. У пачатку XX ст. паводле праекту архітэктара В. Ганэнбэрга кляштар прыстасавалі пад адміністрацыйную ўстанову.
У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі касьцёл рыма-каталікам і адрэстаўравалі яго. Кляштарны корпус выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак.
Па далучэньні Слоніма да БССР (1939 год) савецкія ўлады перадалі касьцёл Маскоўскага патрыярхату. У Другую сусьветную вайну згарэў галоўны купал-баня. Пазьней савецкія ўлады зруйнавалі кляштарную браму, помнік архітэктуры віленскага барока.
У 2012 годзе ў мас-мэдыя шырока асьвятлалася аднаўленьне аўтэнтычнага купала-бані. Аднак 27 кастрычніка 2015 году мясцовы бацюшка Дзьмітры Сёмуха замяніў адноўлены купал на пазалочаную цыбуліну вялікага памеру, якая зьнявечыла гістарычнае аблічча помніка архітэктуры[2]. Таго ж году кіраўнік Беларускага экзархату Павал (Панамароў) уручыў Дзьмітрыю Сёмуху царкоўны ордэн[3].
Помнік архітэктуры барока. Комплекс складаўся з касьцёла і кляштарнага корпуса, аточаных мурам з брамай.
Касьцёл — 1-нэфавая базыліка з выцягнутым прэзьбітэрыюмам, закрысьціямі і паўкруглай алтарнай апсыдай. Пры ўваходзе ўзвышаецца 3-ярусная вежа-званіца (першы ярус квадратны ў пляне, умацаваны контрфорсамі, два верхнія — 8-гранныя, аздобленыя пілястрамі), якая завяршалася купалам-баняй. Да апсыды далучаюцца дзьве бакавыя квадратныя ў пляне капліцы, якія таксама мелі завяршэньні ў выглядзе купалоў-баняў. Сьцены касьцёла ўмацоўваюцца контрфорсамі і праразаюцца вялікімі вокнамі з паўцыркульнымі завяршэньнямі. Уваходны партал упрыгожваецца ордэрнымі элемэнтамі: паўкалёнамі, спрошчаным антаблемэнтам і архівольтамі. Унутры нэф пераходзіць у больш вузкі прэзьбітэрыюм, які выдзяляецца алтарнай перагародкай, завяршаецца паўкружжам апсыды і перакрываецца цыліндрычным скляпеньнем з распалубкамі і конхай у алтарнай частцы. Прасьценкі ўмацоўваюцца слупамі-пілястрамі, аб’яднанымі з вонкавымі контрфорсамі ў адзіны канструкцыйны элемэнт, які падтрымлівае распор скляпеньняў. Верхняя частка скляпеньняў упрыгожваецца ляпным геамэтрычным дэкорам. З заходняга боку нэфа на 3-пралётнай аркадзе і крыжовых скляпеньнях узвышаюцца хоры, агароджаныя фігурным увагнута-пукатым парапэтам.
Кляштарны корпус — 2-павярховы П-падобны ў пляне будынак, які далучаецца з паўднёвага боку да апсыды касьцёла і ўтварае прастакутны ўнутраны двор, раскрыты ў паўднёвы бок. Манумэнтальны масіўны будынак накрываецца вальмавым дахам з плястычным выгінам над карнізам. Роўнічныя сьцены ляканічна падзяляюцца адзінарнымі прасьценкавымі і парнымі кутнімі пілястрамі, апярэзваюцца карнізам нескладанага профілю і цягай. Плян будынка галерэйны. У калідорах і памяшканьнях захаваліся крыжовыя і цыліндрычныя скляпеньні з распалубкамі. У тарцы ўсходняга крыла — шырокая заля, перакрытая цыліндрычным скляпеньнем з люнэтамі.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.