вёска ў Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Карчовае, Карчоў[1] — вёска ў Беларусі, каля Вялікага каналу. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2004 год — 116 чалавек. Знаходзіцца за 2 км на ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў.
Карчовае | |
трансьліт. Karčovaje | |
Дата заснаваньня: | Перад 1600 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Паселіцкі |
Вышыня: | 127 м н. у. м. |
Насельніцтва: |
|
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
Паштовы індэкс: | 247601 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°55′23″ пн. ш. 30°3′13″ у. д. |
± Карчовае |
Найраней вёска Карчовае, прыналежная да Астраглядавіцкіх добраў пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, згаданая ў судовай справе ад 22 чэрвеня 1600 года[a]. Тады колькі яе жыхароў зьбеглі да паселішчаў Брагінскага маёнтку князя Вішнявецкага, кіраванага адміністратарам Янам Бжыцкім[3]. Надалей ажно да рэформавага ўжо ў Расейскай імпэрыі пэрыяду Карчовае належала тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хвойнікамі, г. зн. пасьля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максыміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[4].
12 чэрвеня 1618 году пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Хвойніцкіх добраў, паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загальле забралі валоў у яго падданых з Карчоўкі (Korczewka), Паселічаў, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 12 днём сьнежня 1618 году датаваная скарга рэчыцкага старосты Аляксандра Служкі на пана Лукаша Сапегу за непрызнаньне яго паверанага ў справе разьмежаваньня маёнткаў Апачыцы і Чарнобыль асобай паўнапраўнай, бо, маўляў, той ня меў аселасьці ў Кіеўскім ваяводзтве. І гэта нягледзячы на сьведчаньне вознага пад прысягай, што ён увёў названага паверанага, шляхціча Аляксандра Нелавецкага, у пажыцьцёвае валоданьне сялом Карчоўка, згодна з запісам пана Мікалая Харлінскага[5]. 7 чэрвеня 1623 году ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хвойнікі), вёскі Хвойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчоўка[b][6]. 8 ліпеня 1631 году запісам у актах Кіеўскага земскага суда[c] засьведчана пагадненьне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Карчовым) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых[7].
Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хвойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле зьвестак на восень 1686 году з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войскаў, адыйшлі ў больш спакойныя мясьціны. У інвэнтары 1698 году добраў князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасьцейскага, Карчовае, а таксама Малішаў, Гарошкаў ды неіснуючыя сёньня Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусьцелыя (wsi puste). У інвэнтары 1721 году, калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хвойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча, у Карчовым згаданы хіба адзін з трох вясковых млыноў[8]. Адсутнічае інфармацыя пра паселішча ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва 1734 і 1754 гадоў. Тады Хвойнікамі валодалі малодшы сын Дамініка князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.
Згодна зь перапісамі габрэйскага насельніцтва, у Карчовым на 1765 год пражывала 8 чалавек альбо głow — плацельшчыкаў пагалоўшчыны, на 1778 год у Карчовым — 3, у Малым Карчовым[e] — 2, на 1884 год у Карчовым — 2, у Малым Карчовым — хрысьціянін (пагалоўшчыне не падлягаў). Юдэі належалі да Хвойніцкага кагалу[9]. Магчыма, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 году ў нейкай ступені паўплываў на колькасьць габрэяў у паселішчы, роўна як і на прыняцьце адным зь іх (напэўна, галавой сямейства) хрысьціянства.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Карчовае ў складзе Рэчыцкай акругі апынулася ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе адміністрацыйна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[10]. У крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вёскі Вялікая і Малая Карчова згаданыя сярод уладаньняў пана Людвіка[f] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[11]. Тады ў першай зь іх было 11 двароў з 32 душамі мужчынскага і 31 душой жаночага полу прыгонных, у другой — 3 двары. Абедзьве, разам з Паселічамі, хутарам Рашаўцы і слабадой Рашаў, трымаў у трохгадовай (02.04.1793–02.04.1796) арэндзе за плату ў 4077 злотых мсьціслаўскі стольнік Юстыніян, сын Юзафа, Фурс[12].
11 сьнежня 1802 году ў Рэчыцкім земскім судзе быў актыкаваны запіс Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар, якім уласьніца Хвойніцкіх добраў узнагародзіла за службу Яна і Марыяну зь Ляўкоўскіх Арліцкіх правам на валоданьне фальваркам Малы Карчоў зь вёскай Вялікі Карчоў[13]. Трымаў Ян Арліцкі, ротмістр берасьцейскі, Карчоў з 60 душамі прыгонных мужчынскага полу і ў 1811 годзе. У шляхецкай рэвізіі 1816 году, Ян, сын Казіміра, Арліцкі (60 г.) запісаны ўдаўцом. Разам зь ім у Карчове жылі сын Леон (5 г.), дочкі Людвіка (16 г.), Францішка (9 г.), Ёганна (7 г.). Сыны Пётр (14 г.), Людвік (14 г.), Дамінік (12 г.) навучаліся ў Мазыры[14].
Згодна з інвэнтаром, складзеным 10 сьнежня 1844 году, фальварак і вёска Карчовае з 22 дварамі і 144 жыхарамі належалі да маёнтку Хвойнікі пана Уладзіслава, сына Караля, Прозара[15]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 129 жыхароў абодвух полаў зь вёскі Карчовае былі прыхаджанамі Хвойніцкай Сьвята-Пакроўскай царквы, 9 мужчын і 19 жанчын належалі да парафіі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[16].
У парэформавы пэрыяд Карчовае належала да Хвойніцкай воласьці. На пачатак 1870 года тут налічвалася 73 мужчынскія душы сялянаў-уласьнікаў, прыпісаных да Карчоўскага сельскага таварыства[17]. Згодна зь ведамасьцю Пакроўскай царквы ў Хвойніках на 1875 год, яе прыхаджанамі былі 104 асобы мужчынскага і 78 жаночага полу з 26 двароў вёскі Карчовае[18].
На 1897 год у вёсцы было 46 двароў, 331 жыхар, працавалі школа граматы і хлебазапасны магазын[2]. У 1909 годзе ў вёсцы Карчоў (Карчев) налічвалася 64 двары, 413 жыхароў, побач у аднайменным урочышчы — адзін двор з 2 жыхарамі[19].
9 лютага 1918 г., яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Карчовае ў складзе Хвойніцкай воласьці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка – у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала "варта Украінскай Дзяржавы" гэтмана Паўла Скарападзкага[20].
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Хвойніцкая воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Паводле запіскі пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 сьнежня 1920 і на 15 красавіка 1921 году ў школе першай ступені (г. зн. пачатковай) вёскі Карчовае было адпаведна 12 і 20 вучняў[21].
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году вёска Карчовае — цэнтар сельсавету ў Хвойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году — у складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет узбуйнены праз далучэньне тэрыторыі скасаванага Гарошкаўскага сельсавету. На 1930 год у Карчовым налічвалася 56 двароў, 296 жыхароў, арганізаваны калгас «Сацыялізм», працавала кузьня[2]. З 20 лютага 1938 году — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
У Вялікую Айчынную вайну дзейнічала патрыятычнае падпольле (кіраўнік — М. А. Колас).
16 ліпеня 1954 году Карчоўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Забалацкага сельсавету[22]. Тады ў вёсцы працавала сямігадовая школа[23]. З 8 студзеня 1954 году Карчовае — у Гомельскай вобласьці. Згодна зь перапісам 1959 году, у вёсцы было 386 жыхароў. У складзе калгаса «Рассвет» з цэнтрам у вёсцы Паселічы[2].
У 1959—1966 гадах — у складзе Небытаўскага сельсавету[24].
Плян Карчовага складаецца з простай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, забудаванай з двух бакоў драўлянымі хатамі сядзібнага тыпу[26].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.