Гэлтахт
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гэ́лтахт (па-ірляндзку: Gaeltacht, вымаўл. [ˈɡeːl̪ˠt̪ˠəxt̪ˠ] або [ˈɡeːl̪ˠhəxt̪ˠ]; мн. л. Gaeltachtaí) — тэрмін ірляндзкага паходжаньня, якім пазначаюцца рэгіёны востраву Ірляндыя, дзе большая або значная частка ад насельніцтва ў якасьці асноўнае мовы зносінаў выкарыстоўвае ірляндзкую мову або выкарыстоўвала яе ў параўнальна нядаўнія часы[1].
Тэрмін мае таксама палітыка-адміністрацыйнае выкарыстаньне з мэтаю ўрадавага ўліку гэтых рэгіёнаў і падтрымкі ірляндзкае мовы, упершыню панятак пра гэлтахты быў уведзены ў афіцыйнае абарачэньне па заснаваньні Ірляндзкае Вольнае Дзяржавы й палітыкі г.зв. гэльскага адраджэньня, якое было накіраванае на ўзнаўленьне ірляндзкіх культурных традыцыяў, у тым ліку й моўных.
Панятак пра гэлтахты выкарыстоўваецца ва ўрадавых дакумэнтах Рэспублікі Ірляндыя, але самі тэрыторыі гэлтахтаў не ўяўляюць сабою адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак дзяржавы. У прыватнасьці, гэлтахты ня маюць уласных органаў мясцовага самакіраваньня.
На цяперашні час часам адзначаецца, што абгрунтаванасьць межаў гэлтахтаў можа спрычыніцца да больш сур’ёзнага заняпаду ірляндзкае мовы.