вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Гдзень[1] — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці, за 11 км на паўднёвы захад ад шашы Р35. Гдзень уваходзіць у склад Камарынскага сельсавету.
Гдзень | |
трансьліт. Hdzień | |
Дата заснаваньня: | перад 1552 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Брагінскі |
Сельсавет: | Камарынскі |
Вышыня: | 101 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 83 чал. (2021) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2344 |
Паштовы індэкс: | 247653 |
СААТА: | 3203828016 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°20′8″ пн. ш. 30°26′11″ у. д. |
± Гдзень |
У апісаньні Чарнобыльскага замку 1552 года сяло Гдзень названае сярод тых, што належалі Пячэрскаму манастыру ў Кіеве; уваходзіла ў склад чацьвёртай, не названай па паселішчу-лідару нядзелі[a][b][3].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Гдзень з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[4].
Уласнасьцю Пячэрскага манастыра селішча Гдзень (Ihdin) названа таксама ў вопісе рухомай і нерухомай маёмасьці, калі на пасаду яго архімандрыта ў 1593 годзе заступаў Нікіфар Тур[5].
10 траўня 1682 году, кароль Ян Сабескі, зважаючы на страту Кіева ў войнах з Расеяй, дзеля чаго добры Кіева-Пячэрскага манастыра пазбавіліся гападароў, падараваў іх адміністратару Кіеўскай мітраполіі япіскапу львоўскаму і галіцкаму Іосіфу Шумлянскаму. Надалей яны пазначаліся, як прыналежныя манастыру, хіба намінальна. У пераліку сёлаў япіскапа, складзеным у ліпені т. г., названы і Гдзень (Гдынъ), але зь неверагодна вялікай колькасьцю двароў — ажно 35[c][6]. У 1683 годзе, калі добрамі Кіеўскай мітраполіі і Пячэрскай архімандрыі кіраваў чашнік падольскі Самуіл Шумлянскі, брат япіскапа, з 6 дымоў вёски Гдзень Пячэрскага манастыра выплачваліся 2 злотыя[7]. Згаданы Гдзень у рэестры рэвізіі 1686 году палескіх вёсак Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі пры прыняцьці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[8].
16 сакавіка 1706 году епіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ, у складзе якога і вёска Гдзень. 28 днём лістапада 1714 году датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж мітрапалітам кіеўскім Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа (у тым ліку вёскі Гдзень) за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 году мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ з Гдзенем у арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казімеру Стэцкаму за сымбалічныя 170 злотых. 12 сакавіка 1728 году пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродзкага суда аб уводзе ў валоданьне Беласароцкім ключом наміната і адміністратара Кіеўскай мітраполіі япіскапа Атанаса Шаптыцкага[9].
Згодна зь земскай кнігай Кіеўскага ваяводзтва, 23 студзеня 1747 году ў валоданьне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыіі, у тым ліку Беласароцкім ключом з Гдзенем, уведзены новы адміністратар архіепіскап Флярыян Грэбніцкі[10].
У 1754 годзе з 24 двароў[d] (×6 — прыкладна 144 жыхары) вёскі Гдзень[e] выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 3 злотыя і 22 грошы, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 14 зл. і 28 гр.[11].
Паводле габрэйскіх перапісаў 1765, 1778 і 1784 гадоў, у вёсцы Гдзень жылі адпаведна 3, 7 і 8 гаспадароў, плацельшчыкаў пагалоўшчыны, якія належалі да Чарнобыльскага кагалу[12].
14-21 кастрычніка 1780 году возны генэрал ваяводзтва Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданьне маёнткамі, у тым ліку Гдзеньскім ключом, у складзе якога былі, акрамя вёскі Гдзень, Лукаеды, Ніжнія Жары і Верхнія Жары, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячэрскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумэнту возны, ня ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[13].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Гдзень – у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 годзе ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[14]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што вёска Гдзень на той час была ўласнасьцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Тэадосія Растоцкага[15].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямецкая імпэрыя перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гдзень, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[16].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічнымі беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
26 верасьня 2006 году разам зь іншымі населенымі пунктамі ліквідаванага Верхнежароўскага сельсавету перададзеная ў склад Камарынскага пасялковага савету[17]. 12 лістапада 2013 году пасялковы савет рэарганізаваны ў сельсавет[18].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.