горад у Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Гарадо́к — места ў Беларусі, на рацэ Гаражанцы. Адміністрацыйны цэнтар Гарадоцкага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 12 332 чалавекі[1]. Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Віцебску, за 2 км ад чыгуначнай станцыі Гарадок (лінія Віцебск — Невель); на аўтамабільнай дарозе Віцебск — Невель.
Гарадок лац. Haradok | |||||
Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1128 | ||||
Горад з: | 1772 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Віцебская | ||||
Раён: | Гарадоцкі | ||||
Вышыня: | 190 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 12 332 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2139 | ||||
Паштовы індэкс: | 211573 | ||||
СААТА: | 2218501000 | ||||
Нумарны знак: | 2 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 55°28′0″ пн. ш. 29°59′0″ у. д. | ||||
± Гарадок | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Гарадок — даўняе мястэчка гістарычнай Віцебшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся будынак паштовай станцыі, помнік архітэктуры сярэдзіны XIX ст.
Тапонім Гарадок сьведчыць пра існаваньне тут невялікага замка (гораду)[2].
У гістарычных крыніцах ХVІ стагодзьдзя існуюць зьвесткі пра «Гарадок каля Полацку», дзе ідзецца пра выдуманую бітву сярэдзіны XIII стагодзьдзя паміж палачанамі і літоўскім войскам на чале зь мітычным князям Мінгайлам. Тым часам першы дакладны пісьмовы ўпамін пра паселішча зьмяшчаецца ў «рэестры сярэбшчыны» зь местаў Вялікага Княства Літоўскага і датуецца 1551 годам. У дакумэнце паведамляецца, што «з места Городка» ў скарб плацілі «20 коп грошей…». На мапе, складзенай С. Пахалавіцкім (1579 год), значыцца Вялікі і Малы Гарадок. У канцы XVI ст. тут існаваў бастыённы замак з магутнымі абарончымі валамі і 5 вежамі. У тым жа XVI ст. мястэчка атрымала герб: «у залатым полі леў»[3].
На мапе Т. Макоўскага 1613 году Гарадок значыцца як мястэчка. У пачатку ХVІІ стагодзьдзя паселішча ўваходзіла ў склад Віцебскага павету і знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасьці. У 1650 годзе тут існавала царква Сьвятога Ільлі[4].
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе 9 ліпеня 1772 году атрымаў статус места. У 1777 годзе ён стаў цэнтрам павету ў Полацкай, з 1796 году ў Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні. У 1778 годзе зьявіўся першы генэральны плян Гарадку з рысамі клясыцызму. У 1781 годзе места атрымала новы герб з выявай Пагоні. На 1784 год у Гарадку было 169 двароў, дзеяла царква з 2 папамі, працавалі вінакурня, багадзельня, 12 крамаў і 3 правіянцкія склады, адбываліся 3 кірмашы на два дні.
У красавіку 1855 году Канстанцін Вераніцын напісаў у Гарадку паэму «Тарас на Парнасе». На 1860 год колькасьць будынкаў павялічылася да 377; працавалі фабрыка паташу, 19 дробных саматужных прадпрыемстваў, 75 крамаў; дзеялі царква і 6 малітоўных дамоў. На 1887 год працавалі 23 прадпрыемствы, лякарня, рамесная школа, царкоўнапрыходзкая вучэльня. У другой палове ХІХ стагодзьдзя паводле праекту пераплянаваньня (1846 год) места пашырылася ўздоўж шашы Віцебск — Пецярбург.
У 1904 годзе па пракладаньні чыгункі Гарадок разьвіваўся паміж вакзалам і Рынкам. На 1905 год у месьце былі 21 мураваны і 834 драўляныя дамы; працавалі 14 заводаў, фабрыка, паравы млын, 2 мужчынскія і 3 жаночыя вучэльні, лякарня, 3 аптэкарскія магазыны, бібліятэка; дзеялі 2 царквы і 10 сынагогаў. На 1912 год налічвалася 240 гандлёвых і прамысловых установаў; праводзіліся 3 кірмашы.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гарадок абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 17 ліпеня 1924 году Гарадок вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з 10 ліпеня 1941 да 24 сьнежня 1943 году места знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
20 студзеня 2006 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Гарадку, а 28 лютага 2011 году — сьцяг места[5].
У 1990-я гады будынак царкоўнапрыходзкай школы (пач. ХХ ст.) перабудавалі пад царкву Сьвятой Тройцы. Апроч таго, дзее каталіцкая парафія Адведзінаў Найсьвяцейшай Панны Марыі, пры якой будуецца касьцёл.
У Гарадку працуюць аграрна-тэхнічны каледж, прафэсійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасьці, 2 сярэднія, базавая, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў.
Дзеюць дом культуры, 2 бібліятэкі, Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, дом рамёстваў і фальклёру.
Выдаецца раённая газэта «Гарадоцкі весьнік» (да 1991 году — «Прамень камунізму»). Наклад 2250 асобнікаў.
У 1966 годзе зьявіўся праект пераплянаваньня, у 1977 годзе — генэральны плян Гарадку. Узводзяцца тыповыя будынкі, утварыліся новыя мікрараёны з шматпавярховымі дамамі.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва |
Галіцкага вуліца | Стараневельская вуліца[12] |
Леніна плошча | Рынак пляц |
З урбананімічнай спадчыны Гарадку да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Вакзальная, Зарачанская, Садовая, Узгор’е, Невельская шаша. У месьце існавалі Невельская і Вялікая вуліцы[13].
Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці. Ільнозавод.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Гарадку |
---|
|
Праз Гарадок праходзяць аўтамабільныя дарогі Р114 (Гарадок — Вула) і Р115 (Віцебск — Гарадок — траса M8). За 1 км на ўсход ад места праходзіць магістраль М8E95.
Дзеюць Гарадоцкі раённы краязнаўчы музэй, РУП «Гарадоцкі цэнтар спорту і турызму Раўбічы». Спыніцца можна ў гасьцініцы «Раўбічы».
Гарадок — вядомы цэнтар ганчарнага рамяства (г. зв. «гарадоцкая кераміка»)[14].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.