возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Во́ласа Паўднёвы, Волас Паўднёвы — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласьці. Знаходзіцца за 10,5 км на паўночны ўсход ад гораду Браслава ля вёскі Забор’е. Належыць да групы Браслаўскіх азёр.
Возера
Воласа Паўднёвы
± Воласа Паўднёвы | |||||||||||||||||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Воласа Паўднёвы зьяўляецца чацьвертым па глыбіні возерам Беларусі, саступаючы азёрам Доўгае, Рычы і Гінькава. Вадаём знаходзіцца ў басэйне ракі Друйка. Плошча возера складае 1,21 км². Найбольшая глыбіня возера складае — 40,4 м, сярэдняя — 12,5 м. Даўжыня возера — 2,5 км, найбольшая шырыня — 0,7 км. Даўжыня берагавой лініі — 7 км. Аб’ём вады ў возеры складае 15,1 млн м³, плошча вадазбору возера — 6 км².
Катлавіна возера выцягнутая з поўначы, з паўночнага ўсходу на поўдзень, паўднёвы захад. Схілы катлавіны возера маюць вышыню 5—8 мэтраў, знаходзяцца пад лесам, месцамі разараныя. На ўсходзе схілы стромкія. Берагі нізкія, ускладненыя трыма берагавымі валамі. Найбольш высокі бераг дасягае вышыні больш за 2 мэтры над урэзам вады. Мелкаводная зона возера вузкая і пяшчаная, на большых глыбінях дно глеістае. Асаблівасьці падводнай часткі возера вельмі моцна выражаныя. Вузкая пяшчаная літараль на блыбіні 1 мэтар зьмяняецца крутым сублітаральным схілам. Рэчышча з глыбіні 20 мэтраў мае форму латакападобнай упадзіны. Літараль займае 18,2% плошчы возера, сублітараль — 20% плошчы.
Возера адносіцца да ліку слабапраточных. Водная маса ў возеры перамешваецца да глыбіні ўсяго 4—7 мэтраў. У гэтым пласьце адзначаецца найбольшая колькасьць кіслароду. Максымальная колькасьць кіслароду прыходзіцца на зону тэмпэратурнага скачка, дзе тэмпэратура вады паніжаецца на 4—5°C за кожны мэтар глыбіні. Глыбакаводная зона вылучаецца пастаяннай нізкай тэмпэратурай, якая каля паверхні дна складае да 5—4,8°C, але нягледзячы на гэта ўтрыманьне кіслароду ў глыбакаводных пластох застаецца параўнальна высокім. На глыбіні 40 мэтраў ягоная колькасьць зьніжаецца да 30—25%. Для зімовага пэрыяду таксама характэрнае высокае ўтрыманьне кіслароду і нізкія прыдонныя тэмпэратуры.
Сярэдняя мінэралізацыя вады складае 180—200 мг/л, але гэты паказьнік нязначна вагаецца як у вэртыкальным разрэзе вады, так і на працягу году. Каляровасьць вады невялікая (5—10°), празрыстасьць — высокая — 7—13 мэтраў, а акісьляльнасьць — паніжаная — 6—7 мг O/л. Гэтыя фактары сьведчаць пра чысьціню вады, якая зьяўляецца прыдатнай да бытавых патрэбаў.
Каля 50% плошчы паверхні дна зарастае расьліннасьцю да глыбіні 9 мэтраў. У возеры налічваецца 25 відаў фітаплянктону, а біямаса не перавышае 1г/м³. Агульная біямаса заабэнтаса складае 8,5 г/м³.
Сярод беспазваночных, якія насяляюць возера, трапляюцца рэлікты ледавіковага пэрыяду — лімнакалянус, рэліктавая мізіда, понтапарэя, бакаплаў Паласа. Усе пералічаныя віды занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
Іхтыёфаўна — рэліктавая, сінегова-сьнятковая. Апроч гэтага, возера таксама насялюць шчупакі, акуні, платва, вукляя. Нягледзячы на гэта, рыбныя запасы невялікія.
У паўночнай частцы возера злучанае пратокай з возерам Воласа Паўночны. Таксама прыток у возера паступае па чатырох ручаінах, якія маюць вадасьцёкі толькі ў вясновы час.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.