каляніяльная імпэрыя з цэнтрам у Вялікабрытаніі (1607–1997) From Wikipedia, the free encyclopedia
Брыта́нская імпэ́рыя (па-ангельску: British Empire) — найвялікшая ў гісторыі каляніяльная дзяржава, якая складалася з дамініёнаў, калёніяў, пратэктаратаў, падмандатных тэрыторыяў і іншых тэрыторыяў, кіруемых Вялікабрытаніяй. Утварылася з калёніяў і гандлёвых пастоў, заснаваных Ангельшчынай у канцы XVI — пачатку XVII стагодзьдзяў. У час найбольшага росквіту ў 1920-х — 1930-х ахоплівала больш за 33 000 000 км² з насельніцтвам каля 458 млн чалавек (23% плошчы і насельніцтва тагачаснага сьвету).
Незалежнасьць 13 калёніяў у Паўночнай Амэрыцы ў 1783 годзе пасьля амэрыканскай вайны за незалежнасьць адбілася на прэстыжы і велічы Вялікабрытанію. Брытанская ўвага неўзабаве была зьвернутая да Азіі, Афрыкі і Ціхага акіяну. Брытанская імпэрыя дасягнула найбольшай моцы ў пачатку XIX стагодзьдзя пасьля перамогі над напалеонаўскай Францыяй. Непераможны флёт забясьпечыў брытанскае панаваньне, якое пазьей атрымала назву Pax Britannica (бел. Брытанскі сьвет). У пэрыяд адноснага міру ў Эўропе і ў сьвеце з 1815 па 1914 гады Брытанская імпэрыя па сутнасьці стала сусьветным гэгемонам і прыняла ролю глябальнага паліцэйскага[1]. У пачатку XIX стагодзьдзя прамысловая рэвалюцыя пачала трансфармацыю Вялікабрытаніі, такім чынам, што да часу Сусьветнай выставы ў 1851 годзе краіна была апісана як «майстэрня сьвету»[2]. Брытанская імпэрыя значна пашырылася, уключыўшы ў свой склад большую частку Індыі, большую частку Афрыкі і многія іншыя краіны па ўсім сьвеце. Нароўні з фармальным кантролем, які Ангельшчына мела над сваімі калёніямі, ейнае панаваньне ў сусьветным гандлі зрабіла вялізны ўплыў на эканомікі многіх рэгіёнаў, як то Азіі і Лацінскай Амэрыкі[3][4].
На працягу XIX стагодзьдзя насельніцтва Вялікабрытаніі павялічвалася зь велізарнай хуткасьцю, што суправаджалася масавай урбанізацыяй, якая выклікала ў сваю чаргу значныя сацыяльныя і эканамічныя цяжкасьці[5]. Для таго, каб знайсьці новыя рынкі збыту і крыніцы сыравіны, брытанскі ўрад пад кіраўніцтвам Бэнджаміна Дызраэлі ініцыяваў імпэрскую экспансію ў Эгіпце, Паўднёвай Афрыцы і ў іншых месцах. Канада, Аўстралія і Новая Зэляндыя сталі самакіраванымі дамініёнамі[6]. Рост Нямеччыны і ЗША падарваў эканамічнае лідэрства Брытаніі на пачатку XX стагодзьдзя. Наступная ваенная і эканамічная напружанасьць паміж Вялікабрытаніяй і Нямеччынай стала асноўнай прычынай Першай сусьветнай вайны, падчас якой Брытанія шмат у чым абапіралася рэсурсы сваёй імпэрыю. Канфлікт наклаў вялікую нагрузку на вайсковыя, фінансавыя і працоўныя рэсурсы краіны. Не зважаючы на тое, што Брытанская імпэрыя дасягнула найвялікшага тэрытарыяльнага павелічэньня адразу пасьля Першай сусьветнай вайны, яна больш не дамінавала ў галінах прамысловасьці і вайсковай справы. Няўдачы падчас Другой сусьветнай вайны, страты многіх азіяцкіх тэрыторыяў у сутыкненьні зь Японіяй прывялі да паслабленьня аўтарытэту імпэрыі і да наступнага яе распаду. Ужо праз два гады пасьля заканчэньня вайны з-пад брытанскага панаваньня выйшла найбольш каштоўная калёнія — Індыя. Суэцкая крыза пацьвердзіла заняпад Вялікабрытаніі як дзейную сусьветную сілу.
Глябальная дэкалянізацыя давяршыла працэс разбурэньня Брытанскай імпэрыі, які скончыўся зь пераходам у 1997 годзе Ганконгу пад кантроль Кітаю[7]. Пасьля атрыманьня незалежнасьці многія брытанскія калёніі сталі чальцамі Садружнасьці нацыяў, 14 так званых «заморскіх тэрыторыяў» застаюцца пад брытанскім сувэрэнітэтам.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.