From Wikipedia, the free encyclopedia
Мі́лтан Фры́дман (па-ангельску: Milton Friedman; 31 ліпеня 1912, Бруклін — 16 лістапада 2006) — амэрыканскі эканаміст, вядомы сваімі працамі ў мікраэканоміцы, макраэканоміцы, гісторыі эканомікі, статыстыцы, а таксама актыўнаю абаронай эканамічнага і палітычнага лібэралізму.
У сваёй працы Капіталізм і свабода (1962) ён заклікаў да мінімізацыі ролі ўраду ў свабодным рынку дзеля палітычнай і грамадзкай свабоды. У 1976 годзе Фрыдман стаўся ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі «за дасягненьні ў дасьледваньні спажывецтва, гісторыі грашовага абарачэньня, а таксама за практычную дэманстрацыю складанасьці палітыкі эканамічнай стабілізацыі».[16]
Мілтан Фрыдман нарадзіўся ў Нью-Ёрку ў беднай сям’і жыдоўскіх эмігрантаў з Украіны. Скончыў Унівэрсытэт Рутґерса з дыплёмам па матэматыцы. Працягнуў навучаньне ў Чыкагаўскім унівэрсытэце, дзе атрымаў ступень магістра эканомікі.
З 1937 году працаваў у Нацыянальным бюро эканамічных дасьледваньняў.
У 1946 годзе атрымаў ступень доктара ў Калюмбійскім унівэрсытэце.
Пад час Другой сусьветнай вайны працаваў у міністэрстве фінансаў ЗША, потым у складзе групы дасьледчых-статыстыкаў, што выконвалі замову міністэрства абароны.
У 1946 стаў прафэсарам Чыкагаўскага ўнівэрсытэта, дзе працаваў да сваёй адстаўкі ў 1977 годзе. Якраз у той пэрыяд сфармавалася так званая Чыкагаўская эканамічная школа, яскравым прадстаўніком якой быў сам Фрыдман.
Быў кансультантам ураду ЗША па Пляну Маршала, эканамічным дарадцам прэзыдэнтаў Ніксана і Рэйґана. Вёў калёнку ў часопісе Newsweek у 1966—1984. Працаваў у Гувэраўскім унівэрсытэце рэвалюцыі, вайны і міру пры Стэнфардзкім унівэрсытэце.
Жонка Мілтана Фрыдмана Роза Фрыдман і ягоны сын Дэйвід Фрыдман таксама зьяўляюцца вядомымі эканамістамі-лібэраламі.
Фрыдман стаў вядомым праз распрацаваную ім Колькасную тэорыю грошай, паводле якой грашовае абарачэньне вызначае намінальны кошт вытворчасьці. Мілтан Фрыдман лічыцца адным з пачынальнікаў тэорыі манэтарызму, якая прызнавала кіраваньне грашовым абаротам найважнейшым фактарам кіраваньня эканомікаю.
Таксама важным унёскам Фрыдмана ў разьвіцьцё эканамічнай навукі ёсьць яго праца над функцыяй спажываньня і гіпотэзай пэрманэнтнага даходу (1957), крытыка мадэлі Крывой Філіпса і распрацоўка канцэпцыі натуральнага ўзроўню беспрацоўя (1968).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.