From Wikipedia, the free encyclopedia
Wi-Fi (вымаўляецца вайфай) — гандлёвая марка Wi-Fi Alliance, якая выкарыстоўваецца на сэртыфікаваных прыладах бяздротавых лякальных сетак (WLAN) на аснове шэрага стандартаў IEEE 802.11. З-за свайго падабенства пад тэрмінам звычайна маецца на ўвазе тэхналёгія IEEE 802.11[1][2]. Wi-Fi працуе на мікрахвалевых радыёсыгналах, якія могуць распаўсюджвацца праз сьцены, падлогу, столь, падобна да сотавай сувязі[3].
Wi-Fi Alliance — міжнародная некамэрцыйная асацыяцыя кампаніяў, якія прасоўваюць на рынак WLAN-тэхналёгіі, і сэртыфікуе прадукты вытворчасьці, калі яны падыходзяць пад стандарты. Але ня кожны прадукт праходзіць сэртыфікацыю: звычайна з-за вельмі вялікіх коштаў на яе правядзеньне. Таксама, ня кожная прылада безь лягатыпа Wi-Fi не зьяўляецца 802.11-сумяшчальнай.
Сёньня IEEE 802.11-сумяшчальныя прылады ўбудоўваюцца ў вялікую колькасьць пэрсанальных кампутараў, гульнявых кансоляў, смартфонаў, прынтэраў і іншай пэрыфэрыі, а таксама фактычна ва ўсе лэптопы і надалоньнікі.
Само слова Wi-Fi было прыдуманае альянсам у 1999 годзе, каб лёгка запаміналася. Яно нагадвала тэрмін hi-fi, які быў у той час папулярным[4].
Хуткасьць перадачы праз Wi-Fi залежыць ад мноства фактараў: формы памяшканьня, колькасьці разьмешчаных у ім адаптараў, наяўнасьці перашкод для радыёсыгналу, крыніц радыёперашкод і г. д.[5]
Найбольшая адлегласьць, на якой можа ажыцьцяўляцца сувязь па тэхналёгіі Wi-Fi, складае каля 300 футаў (91,44 мэтраў) на адкрытай прасторы[6].
Праз Wi-Fi кожная прылада з адпаведнай падтрымкай бяздротавых сетак можа падключыцца да Інтэрнэту, калі гэта магчыма. Для гэтага прылада павінна знаходзіцца ў зоне пакрыцьця сыгналу бяздротавай сеткі. Адна кропка доступу (г. зв. «гарачая кропка» ці хот-спот) можа пакрыць хату ці паверх офіснага будынку, а сетка зьяднаных паміж сабой кропак зь перакрыцьцём сыгналаў — шматпавярховы будынак ці нават частку гораду, напрыклад, Лёндан[7].
Wi-Fi дазваляе абмен зьвесткамі паміж двума кліентамі і бяз кропак доступу. Гэта завецца рэжымам ad hoc. У падобныя сеткі аб’ядноўваюцца гульнявыя міні-кансолі падчас мультыплэерных гульняў (напрыклад, Nintendo DS), а таксама лічбавыя камэры і іншая бытавая электроніка. Таксама была створаная спэцыфікацыя Wi-Fi Direct, прасоўваемая Wi-Fi Alliance для абмену файламі і большай бясьпекі[8].
У стандарце IEEE 802.11 акрэсьлены разьдзел даступных частасьцяў на каналы для адначасовага дзеяньня некалькіх розных бяздротавых сетак (Wi-Fi Wireless LAN). Працоўная група стандарту разрабляе дакумэнтацыю па дакладным разьмяшчэньні каналаў у дыяпазонах 2,4 ГГц, 3,6 ГГц і 4,9/5,0 ГГц[9]. Кожны дыяпазон разьдзелены на некалькі каналаў. Шырыня канала паводле стандарта 802.11a складае 20 МГц[10]. У кожнай краіне існуюць свае законы наконт выкарыстаньня пэўных частасьцяў і магутнасьці радыяцыі. У ЗША, напрыклад, ліцэнзаваныя апэратары аматарскага радыё могуць выкарыстоўваць нават большую магутнасьць, напрыклад, для працы Wi-Fi на вялікія адлегласьці. У 2001 годзе выпушчаны стандарт 802.11a, паводле якога абмен інфармацыі па Wi-Fi праводзіўся з частатой 5 ГГц і забясьпечвалася хуткасьць перадачы зьвестак да 54 Мбіт/с[11]. У чэрвені 2003 году канчаткова быў прыняты стандарт Wi-Fi 802.11g, які зьяўляецца ўдасканаленьнем спэцыфікацыі IEEE 802.11b і працуе на той жа частасьці 2,4 ГГц[12]. Версія пратакола 802.11n забясьпечвае найбольшую хуткасьць перадачы зьвестак да 600 Мбіт/с[13].
У Беларусі зь цягам часу зьявілася вялікая колькасьць хот-спотаў Wi-Fi. Буйную сетку кропкавага пакрыцьця з платным доступам мае Белтэлекам[14]. Кропкі доступу ёсьць ва ўнівэрсытэтах, гатэлях, вакзалах і іншых аб’ектах амаль кожнага гораду Беларусі. Іх колькасьць за 2009 год павялічылася ў 3 разы, склаўшы 640 хот-спотаў (ва ўладаньні Белтэлекаму). Хатняе выкарыстаньне Wi-Fi абмяжоўваецца законамі Беларусі, дазваляецца выкарыстаньне толькі ў межах памяшканьняў. Але створаныя пэўныя паслабленьні ў выдзяленьні частасьцяў дыяпазону Wi-Fi[15].
За 2013 год да 50 000 вырас лік грамадзкіх кропак доступу да «Вайфаю», якія знаходзіліся ў буйных гарадах. У Менску дзейнічала звыш 6000 такіх кропак (12 %). Найчасьцей іх разьмяшчалі ў будынках гасьцініцаў, здраўніцах і кінатэатрах, выставачных і гандлёвых цэнтрах, на чыгуначных і аўтавакзалах, лётнішчах і стадыёнах[16].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.