Фё́дар (Тэадор) Скумін Тышке́віч (каля 1538 — 1618) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Падскарбі дворны літоўскі (1576—1586), пісар вялікі літоўскі і падскарбі земскі (1586—1590), ваявода наваградзкі (з 1590).
Быў старостам браслаўскім (1581—1610), гарадзенскім, навадворскім і юрбурскім (1608—1615).
Біяграфія
З старэйшай лініі роду Тышкевічаў (Скумін Тышкевічаў) гербу Ляліва, сын Івана (Скуміна), маршалка гаспадарскага, і Марыі зь Мялешкаў.
У 1568 і 1577 гадох быў у складзе дыпляматычнай місіі ў Маскву. Браў удзел у выправах караля і вялікага князя Стэфана Баторыя супраць маскоўскіх захопнікаў[2]. Пры двары Т. Тышкевіча жыў асьветнік Беняш Будны.
У 1581 годзе стаў старостам браслаўскім (у 1588 годзе саступіў пасаду сыну Янушу). У 1576 годзе атрымаў урад пісара і падскарбія дворнага, у 1586 годзе — урад падскарбія земскага. Існуюць зьвесткі, што ён у гэты пэрыяд пачаў біць манэту з гербам уласнага роду. У 1590 годзе стаў ваяводам наваградзкім. Упершыню ў 1599 годзе ўпамінаецца ў Літоўскай Мэтрыцы як старостам гарадзенскі. Быў сэнатарам Вялікага Княства Літоўскага. Браў удзел у Наваградзкім генэральным зьезьдзе 1603 году, які забараніў польскім ротам разьмяшчацца на пастоі (лежа) у дзяржаўных і шляхецкіх маёнтках Вялікага Княства Літоўскага. Узімку 1608 году далучыўся да войска Дзьмітрыя-Самазванца ІІ, прывёўшы 400 коней на чале з ротмістрам Тупальскім.
Браў удзел у канфэсійным жыцьці. Ад нараджэньня праваслаўны Канстантынопальскага патрыярхату, спачатку разам з Канстантынам Васілём Астроскім быў супраціўнікам Берасьцейскай уніі 1596 году. Аднак ужо ў 1597 годзе пад уплывам агітацыі Язафата Кунцэвіча і ціску з боку караля афіцыйна прыняў Унію.
Кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза, сам гарлівы каталік і настойлівы прыхільнік Уніі, у 1609 годзе даручыў яму як аднаму зь сьвецкіх патронаў Уніі супакоіць дызунітаў-праваслаўных міран і сьвятарства, якія адмовіліся падпарадкавацца і патрабавалі суду над уніяцкім мітрапалітам Іпаціем Пацеем. Па тым, як манахі-бэрнардыны завалодалі маёмасьцю гарадзенскіх праваслаўных манахаў у 1613 годзе, атрымаў прызначэньне на камісара ў разборы гэтых пытаньняў.
Памёр у веку 85 гадоў. Урачыстае пахаванне адбылося 24 ліпеня 1618 года ў Вільні. Яго цела было пакладзена ў капліцы Найсвяцейшай Дзевы Марыі царквы Сьвятой Тройцы пры манастыры базылянаў, пабудову якой ён фундаваў. У гэтай пахавальнай капліцы, якую часта называлі капліцай Тышкевічаў, спачылі таксама яго жонка Кацярына і сын Януш з жонкай Барбарай з Нарушэвічаў.
Ажаніўся з Кацярынай, дачкой пісара польнага літоўскага Тэадора Ляцкага, зь якой меў адзінага сына Януша, ваяводу віленскага.
Крыніцы
Літаратура
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.