храм у Магілёве (Беларусь) From Wikipedia, the free encyclopedia
Царква саборная Сьвятога Ёсіфа — помнік архітэктуры апошняй траціны XVIII стагодзьдзя ў Магілёве, колішні катэдральны сабор. Знаходзілася на Саборным пляцы і ўтварала адзіны ансамбль з Мэмарыяльнай брамай. Твор архітэктуры клясыцызму, адзін з найбольш раньніх помнікаў гэтага стылю ў сакральнай архітэктуры Беларусі[1]. У 1937 годзе савецкія ўлады зьнішчылі царкву.
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Сабор Сьвятога Ёсіфа | |
Сабор Сьвятога Ёсіфа | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Магілёў |
Каардынаты | 53°54′04″ пн. ш. 30°20′08″ у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Архітэктурны стыль | клясыцызм |
Аўтар праекту | Мікалай Львоў |
Будаваньне | 1780—1798 гады |
Дата скасаваньня | 1938 |
Сабор Сьвятога Ёсіфа | |
Сабор Сьвятога Ёсіфа на Вікісховішчы |
Мураваная царква Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) ў Магілёве будавалася ў 1780—1798 гадох за кошт дзяржаўнага скарбу на загад маскоўскай гаспадыні Кацярыны II у гонар сустрэчы з аўстрыйскім манархам Ёзэфам II. 29 траўня 1780 году манархі ў памяць пра сустрэчу паклалі камяні ў падмурак будучай царквы. Распрацаваны архітэктарам Мікалаем Львовам праект царквы адзначылі першай прэміяй на конкурсе ў Пецярбургу. У 1802 годзе загадам Урадавага сыноду царква атрымаў статус катэдральнага сабору.
Савецкія ўлады зачынілі сабор. У 1932—1937 гадох у будынку сабору дзеяў музэй гісторыі рэлігіі і атэізму. У 1937 годзе ўрад Беларускай ССР пастанавіў пачаць рэканструкцыю Магілёва дзеля пераносу сюды сталіцы зь Менску. Таго ж году сабор зруйнавалі, на яго месцы пачалося будаваньне гатэлю «Дняпро» (скончылася ў 1939 годзе).
У кастрычніку 2011 году намесьнік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ігар Шардыка паведаміў, што сабор трапіў у лік першых у чарзе на аднаўленьне разбураных помнікаў архітэктуры Магілёва. Адзін з магчымых варыянтаў аднаўленьня сабору — у фармаце канцэртнай залі[2]. Тым часам гістарычнае месца сабору дагэтуль займае гатэль «Дняпро».
Помнік архітэктуры клясыцызму. Строгі і кампактавы сваім аб’ёмам будынак амаль ня мае аздобы. Ён завяршаўся пакатым купалам на барабане, прарэзаным 12 круглымі вокнамі. У бок пляцу рэзка выступаў дарычны 6-калённы портык[1][3]. Нягледзячы на параўнальна невялікія памеры, будынак адрозьніваўся манумэнтальнасьцю, дзякуючы ўдала знойдзеным прапорцыям і браку дэкаратыўных дэталеў, якія адцягвалі б увагу[3].
Ва ўнутранай прасторы тактоўна і паступова адбываўся пераход ад строгага і сьціплага фасаду да прыбранага і сьвяточнага інтэр’еру, дзе з напаўцёмнага ўваходу і цэнтральнай часткі, аформленай стройнымі іянічнымі калёнамі, погляд скіроўваўся да ярка асьветленага верхнім сьвятлом алтарнага ўзвышэньня і вокнаў ва ўсходняй сьцяне[1]. На гэтым узвышэньні стаялі прыбраныя «шаты» — ратонда з калёнаў карынцкага ордэру. Над асноўным аб’ёмам узьнімалася гарманічная паўсфэра купалу, у якім выкарыстоўвалася канструкцыя падвойнага купалу, што дазваляла прапускаць роўнае, расьсеянае сьвятло ўсярэдзіну будынка[3].
Роспісы і абразы на медных дошках выканаў сябар архітэктара — расейскі майстар партрэту Ўладзімер Баравікоўскі. У 1784 годзе з Шатляндыі сюды запрасілі каменных справаў майстра Адама Менеласа[3].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.